Вы тут

На жаль, «адразу і паўсюдна» пачысціць дарогі немагчыма


Прывітанне, сітуацыя такая. Я плачу падатак за нашы «добрыя» дарогі, але даехаць да бацькоў у вёску Дворышча Дзяржынскага раёна не магу. Дарогі проста не чысцяць — ніяк. Пішам, тэлефануем, гаворым, а толку нуль!.. Дайшло да таго, што аўтобусы адмаўляюцца ехаць па маршруце, паколькі дарогі няма, толькі «ваўчыныя сцежкі». У вёсках шмат пажылых людзей, ніякая «хуткая дапамога» да іх не даедзе. Па цэнтральных дарогах ездзіць снегаўборачная тэхніка, літаральна на некалькі метраў заязджаючы ў вёску. Сказалі, што «гэта не іх участак». А чый тады? Сельскі савет ніяк не жадае вырашаць нашу праблему.

Алег, г. Мінск


Па сутнасці (і, дарэчы, у адпаведнасці з заканадаўствам), мы маглі не адказваць на гэты зварот, паколькі ён з'яўляецца цалкам ананімным. Апошняя акалічнасць, бясспрэчна, дадала аўтару смеласці і эмоцый у абвінавачваннях (скаргу даём у скарочаным выглядзе). Тым не менш рэдакцыя вырашыла не пакідаць гэтае пасланне без рэагавання.

Вось што нам расказала кіраўнік справамі Дзямідавіцкага сельскага Савета Раіса Калоднік (калі яна зняла трубку ў момант нашага звароту, было чутно, што на кантролі якраз стаіць пытанне з расчысткай вуліц, якое суразмоўца абмяркоўвала з іншымі работнікамі):

— Ёсць Парадак чарговасці і дырэктыўныя тэрміны ачысткі, устаранення слізкасці на аўтамабільных дарогах Мінскай вобласці, які ўзгоднены начальнікам УДАІ УУС Мінаблвыканкама і зацверджаны генеральным дырэктарам КУП «Мінскаблдарбуд». Узроўні патрабаванняў з гэтага дакумента ўзгоднены з АДАІ раёнаў і зацверджаны райвыканкамамі.

У першую чаргу ачыстка ад снегу і апрацоўка процігалалёднымі матэрыяламі праводзіцца на асноўных аўтамабільных дарогах і дарогах з аўтобуснымі зносінамі. У другую чаргу — на аўтамабільных дарогах і транзітных праездах па населеных пунктах, дзе ёсць школы, бальніцы, вытворчыя памяшканні. У трэцюю чаргу — на пад'ездах да асобных населеных пунктаў і вуліцах, замацаваных на праве гаспадарчага распараджэння за КУП «Мінскаблдарбуд». У чацвёртую — на пад'ездах да садаводчых таварыстваў.

Па словах Раісы Уладзіміраўны, цэнтральныя вуліцы пачынаюць чысціць з ночы. Затым надыходзіць чарга сацыяльных аб'ектаў і вытворчых прадпрыемстваў, пад'ездаў да тых жа фермаў, напрыклад, а ўжо пасля вуліц у населеных пунктах. Але трэба разумець, што зрабіць усё адначасова папросту немагчыма фізічна: тэхнікі не хапае. Хоць кіраўнік справамі сельскага Савета адзначыла старанную работу ДРБУ-210, да таго ж дапамогу тэхнікай аказвае агракамбінат «Ждановічы». «Людзям трэба ўвайсці ў становішча. Вось літаральна сёння (на момант нашага звароту. — Аўт.) мы заканчваем расчыстку».

— Але, бывае, з-за пакінутага асабістага транспарту грамадзян у снегаўборачнай тэхнікі ўзнікаюць цяжкасці з праходжаннем. Чаму б у такіх выпадках самому не ўзяць рыдлёўку і не дапамагчы? — слушна заўважыла Раіса Калоднік.

Што тычыцца аўтобусаў, якія быццам бы не ідуць па сваіх маршрутах, суразмоўца заўважыла, што такіх скаргаў не паступала. Два аўтобусы з Мінска курсіруюць, як належыць, «я сама езджу на іх». Пра «хуткую дапамогу» кіраўнік справамі сельскага савета заўважыла, што цэнтральныя вуліцы расчышчаюцца, а дайсці да іх з іншых — не такая вялікая праблема.

Напрыканцы нашай размовы Раіса Уладзіміраўна сказала: «Мне шчыра шкада трактарыстаў. Я бачу, колькі яны працуюць — з ночы да позняга вечара, як стараюцца!»

...Цалкам зразумела, што ўсім нам хочацца камфортных умоў. Але, прабачце, нават у вялікім горадзе пасля снегападу да ранку расчышчаны толькі цэнтральныя магістралі ды прыбраны плошчы каля пад'ездаў. А збоч крыху ўбок і, сапраўды, будуць тыя самыя «сцежкі». Але ж ніхто не дакарае дворнікаў, якія шчыруюць на марозе з рыдлёўкамі, калі большасць гараджан яшчэ спіць. Можа, і заяўніку трэба быць усё ж найперш удзячным тым трактарыстам, якія працуюць ад цямна да цямна?..

Сяргей РАСОЛЬКА

rs@zviazda.by

Загаловак у газеце: У парадку чарговасці

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.