Вы тут

Выдавецтва з характарам


Альбо што робіць запатрабаванымі кнігі энцыклапедычнага кірунку?


Выдавецтва «Беларуская энцыклапедыя імя П. Броўкі» перасягае 50-гадовую мяжу існавання. Гэта — узрост сталасці і мудрасці, калі ўсталяваліся прыярытэты, ад якіх нельга адступаць. Іх вызначае характар выданняў, што спрыяюць распаўсюджанню ведаў. Пра тое, што хоча ведаць айчынны чытач, мы размаўляем з дырэктарам выдавецтва Уладзімірам Андрыевічам:

Энцыклапедычнае

— Энцыклапедыі з’яўляюцца ўнікальным акумулятарам поглядаў і ведаў чалавецтва, люстэркам грамадства, якое стварае гэтыя выданні, і часу, у якім яны ствараюцца. Кожная нацыянальная энцыклапедыя становіцца пашпартам краіны, яе істотным культурным дасягненнем, індыкатарам сацыяльна-эканамічнага развіцця дзяржавы. Наша выдавецтва за 50 гадоў набыло ўнікальны досвед падрыхтоўкі фундаментальных энцыклапедый і з’яўляецца адзіным выдавецтвам краіны па выданні энцыклапедычнай і даведачнай літаратуры.

Сёння неабходна ўлічваць і тое, што ў сучасным грамадстве пры самым шырокім развіцці інфармацыйных тэхналогій аб’ём навуковых ведаў імкліва расце, практычна падвойваецца кожныя пяць гадоў. Таму сёння, мяркую, трэба весці гаворку пра падрыхтоўку новай беларускай энцыклапедыі. 18-томная «Беларуская энцыклапедыя» ці 6-томнае выданне энцыклапедыі «Гісторыя Беларусі» рыхтаваліся напрыканцы мінулага стагоддзя, у нейкім сэнсе на хвалі рамантызму незалежнасці. Сёння, калі суверэнная Беларусь адбылася, калі асэнсаваны многія гістарычныя падзеі, калі Беларусь выпрацавала і мае свой погляд на сусветную супольнасць і імкнецца актыўна ўдзельнічаць у стварэнні мірнага і стабільнага свету, важна даць грамадству дакладна вывераныя і абгрунтаваныя веды пра ўсё гэта.

Калі разважаць, якім павінна быць новае энцыклапедычнае выданне, то паўстае пытанне: універсальнае ці нацыянальнае па сутнасці? Вядома, найперш нацыянальнае, але і ўніверсальнае таксама. Нацыянальны характар выдання абумоўлівае найперш тую змястоўную частку, дзе мы адлюстроўваем падзеі, факты, з’явы, асоб, — тое, што было і ёсць на гэтай зямлі. Але немагчыма не ўлічваць універсальны кірунак: гісторыю і развіццё нашай краіны мы суадносім з сусветнымі працэсамі. Напрыклад, нельга гаварыць пра Рэспубліку Беларусь і абмінуць яе суседзяў, іншыя дзяржавы сусветнай супольнасці. Універсальнае выданне будзе казаць і пра іх, але ў суадносінах з Беларуссю. Як у энцыклапедыі пра Беларусь абмінуць Польшчу, дзе да таго ж пражывае шмат беларусаў? Але пра нашу заходнюю суседку мы будзем даваць інфармацыю праз наш погляд на яе (не выключана, што ў іншых народаў ён будзе свой).

Улічваючы і вышэйзгаданае, амаль два гады таму мы вызначылі місію выдавецтва «Беларуская энцыклапедыя», якую сфармулявалі так: на аснове факталагічнага аналізу каштоўнасці беларускага, нацыянальнага, яе ўнікальнасці і асаблівасці паказваць Беларусь як суверэнную дзяржаву, якая ўпершыню ў сваёй гісторыі стала незалежнай, але ўжо займае годнае месца ў сусветнай супольнасці. Пры гэтым «Беларуская энцыклапедыя», узяўшы на сябе ў нейкім сэнсе нацыянальны аспект, гарантуе, што прапануе крыніцу сапраўды навуковых энцыклапедычных ведаў пра Беларусь.

Паколькі тэхналогіі, звязаныя з інтэрнэтам, камп’ютарам, смартфонамі, развіваюцца вельмі шпарка, то мы павінны ўлічваць, што новае пакаленне будзе выкарыстоўваць інтэрнэт як найбольш сучасны сродак перадачы інфармацыі. У нас ёсць праект па падрыхтоўцы электроннай энцыклапедыі «Рэспубліка Беларусь», якая неабходная перш за ўсё пакаленню, што нарадзілася ў суверэннай краіне, — гэта моладзь, якой вызначаць яе будучыню. Міністэрства інфармацыі падтрымлівае гэтую ідэю.

Але за пяць стагоддзяў, што прайшлі з часоў Скарыны, кніга не знікла. Прытым, што з’яўлялася радыё, тэлебачанне, носьбіты інфармацыі пастаянна абнаўляліся. Памятаю, бабуля ў вёсцы пыталася: «Унучак, а як людзі патрапілі ў тэлевізар?..» Многім магчымасцям сучасных тэхналогій старэйшае пакаленне таксама здзіўляецца, а моладзь гэтым натхняецца, мне здаецца, пакуль мы серфінгуем па інфармацыі, што ёсць у інтэрнэце. Але прыйдзе разуменне, што тэхналогіі трэба выкарыстоўваць з мэтай набыцця ведаў.

На мой погляд, і кніга захаваецца, бо гэта матэрыяльнае аблічча, якое набылі веды. Можа, кніга будзе ў іншым аздабленні, але захаваецца. Годнае месца ў гэтым шэрагу зойме і электронная кніга. Але яе таксама трэба рыхтаваць. У гэтым сэнсе задача энцыклапедыстаў — садзейнічаць імкненню людзей да Ведаў, да пазнавання краіны і свету наогул. Энцыклапедычная кніга (няважна: класічная ці электронная) павышае інтэлект, а інтэлектуальны чалавек лепей працуе, больш патрыятычны, больш дзяржаўны.

Патрыятычнае

— Задача нашага выдавецтва — быць носьбітам навукова дакладных ведаў, але мы яшчэ вызначылі і іншыя важныя прыярытэты. Заўважна, што ў нас мала цікавай літаратуры пра Беларусь, у тым ліку і пра сучасную. У нашых кнігарнях пераважаюць выданні расійскіх кнігадрукароў. Гэта добра, што праз кнігі іншых краін мы маем шырокае дачыненне да сусветнай гісторыі, культуры. Але мы павінны даць магчымасць нашым суайчыннікам, асабліва маладому пакаленню, якое нарадзілася ў суверэннай Беларусі, больш ведаць пра сваю краіну.

Напрыклад, зусім нядаўна ў нас з’явілася серыя «Беларуская дзіцячая энцыклапедыя», у якой выдаюцца кнігі для дзяцей, у прыватнасці «Крэпасці Беларусі», «Нацыянальныя паркі Беларусі», «Першыя людзі на зямлі Беларусі» і іншыя. Такія кнігі карыстаюцца папулярнасцю. Не менш папулярная і серыя «Энцыклапедыя для школьнікаў і студэнтаў». Летась у шэрагу іншых былі выдадзены «Гісторыя Беларусі», «Хімія. Біялогія». Чалавек вучыцца чытаць у першую чаргу ў сям’і. Будзе кніга цікавая ў бацькоў — будзе цяга для чытання і пазнавання ў дзяцей. Дзіця не навучыцца чытаць па камп’ютары, а па кнізе навучыцца. Па сваёй кнізе. Я бачу, як новае пакаленне цягнецца да беларускага, нацыянальнага: а што было і ёсць у тых, хто жыве на нашай зямлі?

Мне, як чалавеку вясковаму, заўсёды было балюча, што адыходзіць тое, што ўмелі людзі рабіць рукамі. Памятаю, як у хатах стаялі кросны, бачыў, як самі людзі рабілі граблі, іншыя прылады. Паспрабуйце знайсці цяпер чалавека, які зараз зробіць кола з абадком… На гэтай зямлі не было выкапняў, і людзі сваімі ж рукамі стваралі жыццё і яго каштоўнасці. Гэта важна паказаць і перадаць моладзі. Таму мы разам са «Студэнцкім этнаграфічным таварыствам» пачалі цікавы праект «Падарожжа ў краіну народнага мастацтва». Першае выданне пра беларускую вышыўку. Цікава ж паспрабаваць вышыць беларускі арнамент!..

Летась мы выдалі кнігу «Беларусь: краіна і людзі» (адзін выпуск быў на беларускай і англійскай мове, другі — на рускай і англійскай) накладам больш за 5000 асобнікаў — і ён ужо разышоўся. Лічу важным выданне «Беларускія народныя музычныя інструменты», якое мы стварылі ў супрацоўніцтве з «Беларускім фондам культуры». Выдатна ўспрынята наша сумеснае выданне з Нацыянальным мастацкім музеем «Мастацтва суверэннай Беларусі». У Год культуры мы завяршылі падрыхтоўку 6-томнага энцыклапедычнага выдання «Культура Беларусі».

Асветнае

— Ужо летась пачалі сур’ёзна рыхтавацца да 500-годдзя беларускага і ўсходнеславянскага кнігадрукавання. Разам з Алесем Сушам, намеснікам дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, ажыццявілі дзіцячы праект, праз які распавялі пра нашага першадрукара. Кнігі ўжо разышліся. Яшчэ адно выданне пра Скарыну на рускай мове ажыццявілі з Пастаянным камітэтам Саюзнай дзяржавы. Нам важна, каб было разуменне, што насамрэч «Францыск Скарына — чалавек свету» (як падаецца ў назве кнігі).

Хацелася б, каб у серыі «Энцыклапедыя рарытэтаў» убачыла свет выданне «Кніжная спадчына Францыска Скарыны». Але складана ідзе падрыхтоўка ў арганізацыйным плане: вядома, што ў свеце захавалася больш за 520 кніг Скарыны, у асноўным за межамі, недзе тры чвэрці з іх знаходзяцца ў Расійскай Федэрацыі. А хацелася б паказаць усю спадчыну!..

Мяркуем, што выданне адбудзецца ўжо сёлета. Акрамя таго, рыхтуем персанальную энцыклапедыю «Францыск Скарына». Са Скарыны і Ефрасінні Полацкай мы пачынаем новую серыю «Асветнікі Беларусі», у якой адзначым нашых слынных суайчыннікаў, якія зрабілі значны ўнёсак у станаўленне і развіццё духоўнасці на нашай зямлі.

Летась, у лістападзе, ладзілася першая міжнародная Еўразійская кніжная выстаўка-кірмаш у Астане. Было тры намінацыі, у дзвюх мы аказаліся ў пераможцах з кнігамі «Беларусь: краіна і людзі» і «Францыск Скарына — чалавек свету». У снежні Міністэрства інфармацыі ў чарговы раз ладзіла калядны дабрачынны кніжны баль. Сродкі ад продажу кніг на ім заўсёды пералічваюцца ў дзіцячыя дамы. На гэты раз яны былі накіраваны ў Шклоўскі дзяцячы дом-інтэрнат.

З 17 кніжных лотаў 6 былі выдавецтва «Беларуская энцыклапедыя». Па найбольшай цане былі прададзены, зноў жа, нашы кнігі, у прыватнасці «Беларусь алімпійская». Разам з Нацыянальным алімпійскім камітэтам мы падрыхтавалі і другое выданне «Беларусь спартыўная», у якім пазначылі ўсе спартыўныя аб’екты, дзе можна ўмацоўваць здароўе, праводзіць трэніроўкі і нашым суайчыннікам-спартсменам, і замежнікам, дзе можна праводзіць спартыўныя спаборніцтвы, — за гэтым таксама імідж краіны.

Эканамічнае

— Хачу адзначыць, што ўсе кнігі, якія паказваюць багацце нашай краіны, цудоўна разыходзяцца. І калі раней прадавалася на працягу года 30 працэнтаў выдадзеных кніг, а 70 працэнтаў заставалася, то цяпер мы павярнулі сітуацыю на нашу карысць роўна наадварот. Гэта добрая тэндэнцыя. З пункту гледжання эканомікі, друкаваная кніга цяпер нятанная, але 60 працэнтаў ад яе кошту складаюць друкарскія выдаткі, дадайце сюды падаткі, камунальныя і іншыя выдаткі... А выдавецтву ж трэба яшчэ і развівацца, укладваць грошы ў наступныя праекты. Пры гэтым мы павінны рыхтаваць не толькі цікавыя, карысныя кнігі, але і прэзентацыйныя, іміджавыя выданні сучасным аздабленнем.

Вядома, ёсць частка выданняў больш папулярных. Мы прыйшлі да таго, што можам зрабіць шмат серый, пачынаючы ад дашкольнага ўзросту. Выдалі летась дзве кнігі для садкоў у серыі «Мая краіна — Беларусь»: «Азбука сімвалаў краіны» і «Падарожжа па роднай краіне». Кожны грамадзянін — маленькі і дарослы — павінен ведаць усё пра сваю краіну. А цікавасць да яе ў нашых людзей цяпер вялікая. Я зразумеў гэта, калі маніторыў, што чытаюць, што шукаюць людзі. Пра нашы кнігі мала ведаюць. Часам ідзе інфармацыя пра нашу кнігу, але не пазначаецца, якое выдавецтва яе падрыхтавала. Праўда, спрацоўвае яшчэ тое, што называецца «сарафанным радыё», пра кнігу даведваюцца таксама праз сацыяльныя сеткі. Важна, каб была інфармацыя пра нашы выданні: энцыклапедычная кніга не зусім для рознічнага продажу. Напрыклад, «Гарады і вёскі Беларусі» — пашпарт кожнага населенага пункта нашай краіны, нават тых, якія ўжо зніклі. Я бачыў, што гэтым цікавяцца. На выстаўцы маладыя людзі гарталі, знаходзілі назву: «О, гэта ж вёска маёй бабулі!..» Куплялі, хоць гэта і нятанна. Важна трапіць у тое, што патрэбна людзям. А кнігі, якія распавядаюць пра Беларусь, яшчэ і добра прадаюцца.

Юбілейнае

— Нам важна выкарыстаць юбілей для папулярызацыі і прасоўвання энцыклапедычнай кнігі, адначасова са стварэннем электроннай энцыклапедыі. Запланавалі некалькі навукова-практычных канферэнцый: павінны выкарыстаць наш юбілей для асэнсавання той сіутацыі, якая ўтварылася на нашым кніжным рынку, у кнігавыдавецкай справе, каб шукаць шляхі дзеянняў. І ставім перад сабой задачы на 200 працэнтаў, калі 100 з іх ажыццявіцца, ужо добра. Наш юбілейны імпэт можа цягнуцца некалькі гадоў, таму што ў студзені 1967-га было прынята рашэнне аб стварэнні Галоўнай рэдакцыі Беларускай савецкай энцыклапедыі, на глебе чаго пазней утварылася выдавецтва «Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі», а першы том энцыклапедыі ўбачыў свет у 1969 годзе.

Энцыклапедычная літаратура не рыхтуецца за месяц ці два, над выданнем працуе шмат людзей. Вакол калектыву выдавецтва ў колькасці 39 чалавек збіраецца ўся навуковая грамадскасць, прафесіяналы ў розных сферах. Напрыклад, у падрыхтоўцы 6-томнага выдання «Культура Беларусі» ўдзельнічала каля 1000 чалавек: навукоўцы, мастацтвазнаўцы, эксперты, якія  падрыхтавалі большза 12 тысяч артыкулаў.

Не магу не ўзгадаць яшчэ адзін значны праект, да якога мы мелі дачыненне: выданне, падрыхтаванае навукоўцамі і ўрачамі-практыкамі РНПЦ анкалогіі імя Аляксандрава. Тры кнігі — выдатная навуковая праца, роўнай якой няма на тэрыторыі СНД.

Наша краіна мае моцны навуковы патэнцыял у розных галінах. Таму зараз ужо працуем над перспектыўным планам да 2025 года. Бачым пакрокава развіццё энцыклапедычнага выдавецтва з улікам новых інфармацыйных тэхналогій.

Размаўляла Ларыса ЦІМОШЫК.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Псіхолаг расказвае, як знайсці агульную мову з падлеткам

Псіхолаг расказвае, як знайсці агульную мову з падлеткам

Пераходны ўзрост не толькі выпрабоўвае на трываласць самога падлетка і яго бацькоў...

Грамадства

Час, адукацыя і заробак — тры праблемы шматдзетных маці. Як пераадольваць?

Час, адукацыя і заробак — тры праблемы шматдзетных маці. Як пераадольваць?

Памеры дзіцячых выплат бываюць нават большыя за заробак.

Грамадства

Як трэба бяспечна паводзіць сябе на лёдзе?

Як трэба бяспечна паводзіць сябе на лёдзе?

З першага зімовага лёду сёлета дадому не вярнуліся тры чалавекі.