Вы тут

Смеццеправод: крыніца антысанітарыі ці прыкмета камфорту?


Мінчане «за» і «супраць» заварвання смеццеправодаў.

Аб неабходнасці прыбраць прыладу, асаблівы шум якой знаёмы практычна кожнаму жыхару шматпавярхоўкі, гавораць ужо не адзін год. Аднак цяпер у спрэчным пытанні з'явіўся яшчэ адзін момант: для тых, хто адмовіцца ад смеццеправода, вываз цвёрдых адходаў будзе каштаваць танней. Мы даведаліся ў мінчан, ці гатовыя яны «развітацца» з гэтай выгодай (ці ўсё ж такі ліхам?) цывілізацыі і як яны ставяцца да сартавання смецця.


Першыя смеццеправоды з'явіліся ў сталіцы ў 1950-х гадах: ідэю падгледзелі ў Мексіцы. Шчаслівымі карыстальнікамі навінкі сталі і без таго аблашчаныя лёсам жыхары рэдкіх у той час дамоў, дзе было больш за 5 паверхаў. Але калі тады ў «вынаходцы» бачылі адны плюсы, то цяпер знаходзяць пераважна адмоўныя бакі.

Часцей за ўсё смеццеправод выглядае так, што, акрамя як у гаспадарчых пальчатках, дакранацца да яго не хочацца. А ў некаторых выпадках не перашкодзіў бы яшчэ і рэспіратар. Неакуратнае выкарыстанне або забіванне смеццеправода з'яўляецца адной з класічных прычын сварак паміж суседзямі. Вось адзін з довадаў, па якіх ад прылады ўсё ж варта адмовіцца. Ніякай антысанітарыі і непрыемнага паху ў пад'ездзе, ды і суседскія адносіны больш спакойныя, бо хоць бы ў гэтым «брудным» пытанні кожны адказвае толькі сам за сябе.

Іншы, больш глабальны аргумент — гэта тое, што адмова ад смеццеправода спрыяе распаўсюджванню тэндэнцыі раздзельнага збору смецця. Пра неабходнасць ратаваць планету ад саміх сябе апошняе дзесяцігоддзе мы чуем ледзь не кожны дзень. Але многім усё яшчэ здаецца, што заклікі звернутыя да нейкіх абстрактных гіганцкіх карпарацый, а зусім не да простых людзей. Тым не менш ролю кожнага асобна ўзятага чалавека нельга недаацэньваць. Аналогію можна правесці з прымаўкай «з міру па нітцы — голаму кашуля».

І людзей, якія гэта ўсведамляюць, у Беларусі становіцца ўсё больш і больш.

Мы вырашылі правесці своеасаблівы эксперымент: у адной з сацыяльных сетак «кінулі кліч», шукаючы людзей, якія сартуюць смецце. Літаральна за гадзіну адгукнулася некалькі дзясяткаў чалавек.

Адной са свядомых мінчанак аказалася Юлія Ільюшонак. У гэтым пытанні ёй пашанцавала крыху больш, чым астатнім. Разам з сям'ёй маладая жанчына жыве на першым паверсе шматкватэрнага дома.

— У нас смеццеправод не завараны, але мы ім не карыстаемся. Нам зручней вынесці адходы ў кантэйнер на дварэ. Раней смеццеправод рэгулярна быў забіты, таму мы вырашылі ад яго адмовіцца.

Юлія прызнаецца, што цалкам усё смецце яны не сартуюць, бо не ўсе члены сям'і падтрымліваюць яе пачынанні, якія хоць трохі, але ўсё ж такі ўскладняюць жыццё. Сама яна аддзяляе пластык і макулатуру ад астатняга ўжо каля двух гадоў. Падштурхнула да гэтага ўсяго толькі стварэнне адпаведных умоў — з'яўленне ў двары дома спецыялізаваных кантэйнераў.

— На жаль, не ўсе яшчэ прывыклі нават да самой думкі сартавання смецця. Часта назіраю ў кантэйнерах, напрыклад, для пластыка агульныя адходы. Невядома, гэта ад няведання, ляноты ці шкоднасці? — разважае Юлія.

Што датычыцца асобнага збору паперы, то на гэта маладую маму натхнілі «спаборніцтвы» ў дзіцячым садзе.

— Мы змагаемся, якая група больш макулатуры назбірае. Мне здаецца, гэта менавіта тая савецкая традыцыя, якую абавязкова варта захаваць. Акрамя непасрэднай карысці, яна яшчэ і прышчапляе дзецям з ранняга ўзросту добрую звычку, — адзначыла Юлія.

Шкло жанчына таксама нядаўна пачала аддзяляць, пасля таго як спецыяльны кантэйнер з'явіўся ў двары дома, праўда, суседняга.

— Я мела магчымасць пабываць у адной з вёсак Германіі, дзе давялося паглядзець як немцы ставяцца да смецця. Калі ў нас адносна чыста, таму што прыбіраюць, то ў іх чыста, таму што не засмечваюць. Мне вельмі спадабалася, што шкляную і алюмініевую тару можна было здаваць у гандлёвыя пункты: у гэтым выпадку вяртаецца падатак за іх, які спаганяецца пры продажы.

Яшчэ адзін паказальны для мяне прыклад — гісторыя маёй знаёмай, якая пэўны час жыла ў Швецыі. Там да пытання сартавання смецця ставяцца вельмі строга, сістэма добра наладжана, нават спецыяльныя пакеты прадаюцца толькі з адмысловымі абазначэннямі. Аднойчы ёй прыйшоў штраф за тое, што ў смецці з пластыкам была выяўлена папера.

Думаю, нам было б нядрэнна прымяніць падобны вопыт. Увесці санкцыі за парушэнне правілаў сартавання. Пакуль гэтага не будзе, сітуацыя глабальна не зменіцца, бо народ у нас такі: маўляў, навошта сартаваць, калі можна і так выкінуць, — падвяла вынік Юлія.

А вось амаль 80-гадовая Ганна Ільінічна, якую мы знайшлі, вядома, не ў інтэрнэце, прытрымліваецца іншага меркавання. Пажылая жанчына жыве адна, на 7-м паверсе, таму завараны смеццеправод можа стаць для яе сур'ёзнай праблемай.

— Калі быў моцны мароз, я тыдзень не выходзіла на вуліцу. Хлеб, малако прасіла суседку мне купіць. Але не змагу ж я звярнуцца да яе з просьбай выкінуць смецце. Гэта ж непрыстойна! Аднак калі яно некалькі дзён будзе стаяць у кватэры, таксама непрыемна.

Мне складана разабрацца ў ідэі сартавання смецця, таму я не магу сказаць «за» я ці «супраць». Але кідаць пажылых людзей на волю лёсу, маўляў, разбірайцеся самі, таксама нельга. Хай тады той, хто прыбірае пад'езды, перыядычна абыходзіць нашыя кватэры і забірае ў нас смецце. Калі гэта будзе адбывацца праз дзень, то я нават гатовая збіраць яго ў розныя пакеты, — абяцае пенсіянерка.

З аднаго боку — Ганна Ільінічна, безумоўна, мае рацыю, але з іншага — заўсёды будуць пажылыя людзі, якім будзе нязручна абыходзіцца без смеццеправодаў, так што без прычынення нязручнасцяў адмовіцца ад яго не атрымаецца ніколі. І, можа, ісціна гаварыць менавіта вуснамі пажылой жанчыны: крыху дапамогі — і абурэнняў стане куды менш, а карысці прыроды — больш?

Каментарый спецыялістаў дзяржаўнага аб'яднання «Мінская гарадская жыллёвая гаспадарка»

На цяперашні момант ва ўсіх раёнах сталіцы закрыты 1624 ствалы смеццеправодаў, у тым ліку 1009 ствалоў у 385 жылых дамах часткова або цалкам былі завараны летась. У гэтым годзе плануецца закрыць яшчэ 1130 ствалоў смеццеправодаў.

У аб'яднанні зафіксаваны адзінкавыя выпадкі звароту з ініцыятывай заварвання смеццеправода, аднак пасля правядзення «працэдуры» скаргі ад жыхароў не паступаюць.

Пры правядзенні гэтай работы КУП ЖКГ раёнаў г. Мінска кіруюцца тым, што сістэма смеццевыдалення жылога дома адносіцца да агульнай маёмасці сумеснага домаўладання. У сувязі з гэтым, згодна з дзеючым заканадаўствам, закрыццё смеццеправодаў праводзіцца па выніках праведзеных сходаў з жыхарамі або апытанняў пры згодзе простай большасці ад агульнай колькасці ўдзельнікаў агульнага домаўладання. Разам з тым на закрыццё ствалоў смеццеправодаў уплываюць звароты інвалідаў і пажылых людзей, якія пражываюць у доме.

Да якіх вынікаў гэта прывяло? Калі ў 2014 годзе ў Мінску было сабрана крыху больш за 8 тысяч тон паперы, шкла і палімераў, то ў 2015-м — ужо 11,3 тысячы, а ў 2016-м — 12,4 тысячы тон. Доля адсартаванага смецця вырасла з 5—10% да 30%. Увогуле, дынаміка станоўчая. Прычым двары большасці жылых дамоў уключаны ў сістэму асобнага збору смецця ўжо некалькі гадоў. Выключэнне — тэрыторыі, дзе ёмістасці проста няма дзе паставіць ці смеццявоз не зможа іх забраць з-за адсутнасці разваротнай пляцоўкі. Тады жыхароў апавяшчаюць, што ў крокавай даступнасці ёсць адпаведныя кантэйнеры.

Дар'я КАСКО

kаskо@zvіаzdа.bу

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Загаловак у газеце: Крыніца антысанітарыі ці прыкмета камфорту?

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.