Вы тут

Сталі вядомыя імёны лаўрэатаў прэміі імя Аляксандра Дубко


Сталі вядомыя імёны лаўрэатаў прэміі імя Аляксандра Дубко Гродзенскага аблвыканкама «За творчыя дасягненні ў галіне культуры і мастацтва».

Гэтая ўзнагарода вось ужо 19-ы раз штогод прысуджаецца з мэтай падтрымкі творчай ініцыятывы і інтэлектуальнага патэнцыялу, а таксама за асабісты ўклад у развіццё культуры і мастацтва, прапаганду нацыянальных традыцый, высокае прафесійнае майстэрства.


— 2016-ы, Год культуры, мы ўсе імкнуліся правесці нестандартна, прыўнесці нешта новае, таму і лаўрэаты выбіраліся з асаблівай дбайнасцю. Думаю, ім таксама асабліва прыемна атрымаць прэмію па выніках Года культуры, — адзначыў падчас цырымоніі, што прайшла ў малой зале Гродзенскага абласнога драматычнага тэатра, старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір КРАЎЦОЎ. — Увага да творчых людзей невыпадковая. Яны павышаюць духоўнасць, маральнасць грамадства, нясуць пазітыў. Людзі культуры ўслаўляюць свой горад, рэгіён, краіну.

Так, сярод лаўрэатаў прэміі — Вера Белакоз, народны майстар Беларусі з вёскі Гудзевічы Мастоўскага раёна. Яна ўзнагароджаная за асабісты ўклад у адраджэнне, захаванне і развіццё тэхналогіі падвойнага ткацтва як элемента нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны. Таксама лаўрэатам стаў загадчык аддзела навейшай гісторыі Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея Андрэй Вашкевіч: ён аўтар навуковай канцэпцыі музея Аўгустоўскага канала, які быў адкрыты ў 2016 годзе. Высокая ўзнагарода ўручана мастацкаму кіраўніку заслужанага аматарскага калектыву «Гродзенскі званочак» Таццяне Стрыжак — у 2015—2016 гадах дзіцячы тэатр з Гродна перамог у некалькіх міжнародных конкурсах.

Лаўрэатамі прэміі сталі і акцёр Гродзенскага абласнога тэатра Васіль Мініч, галоўны рэжысёр XІ Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур Вольга Багдановіч, галоўны мастак Гродзенскага абласнога тэатра лялек Ларыса Мікіна-Прабадзяк, пісьменніца Святлана Кошур, журналістка Ганна Вашкевіч, выкладчыца Шчучынскай дзіцячай школы мастацтваў Святлана Бярозкіна, музыкант Алег Целяпнёў, мастацкі кіраўнік народнага ансамбля народнай песні «Ярыца» з Мастоўскага раёна Шаміль Тайроў, загадчыца сектара культуры і вольнага часу ў аграгарадку Грынкі Свіслацкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Марыя Самалевіч, загадчыца аддзела Навагрудскай раённай бібліятэкі Іна Шаўчук, выкладчык па класе саксафона Гродзенскага каледжа мастацтваў Сяргей Санец.

Загаловак у газеце: Людзі культуры — зоркі Гродзеншчыны

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?