Вы тут

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў


Паміж двух агнёў...

Мой добры знаёмец Фёдар, наколькі ведаю, з дзяцінства марыў пра паляўнічага сабаку і сапраўдную стрэльбу. Але ж марыць — адно, а вось абзавесціся... Гэта ў Фёдара ну ніяк не выходзіла! Ажаніўся ўрэшце, асобна стаў гаспадарыць. Вось зараз, думаў, мара ўжо збудзецца, бо жонцы сваёй, з якой сябраваў са школы, пра паляванне Фёдар казаў. І Каця, як быццам, усё разумела, аднак...

Пасля вяселля нібы падмянілі дзеўку, прамовіла як адрэзала:

— Сабаку яшчэ куды ні ішло — заводзь, выхоўвай сабе паляўнічага: неяк пракормім. А вось пра стрэльбу — нават думаць забудзься, бо грошай на яе не дам. Трэба спачатку жытло ў парадак прывесці, абстаноўку памяняць... Хіба некалі потым, пры добрым дастатку...

Калі той дастатак будзе, Фёдар не ведаў і нават ведаць не мог, бо пры сённяшніх цэнах заробку яго хапала толькі на ежу ды розную драбязу, карацей — на штодзённыя патрэбы.

Але ж мара на тое і мара, каб ёй не здраджваць. Вось і Фёдар, нават з гэтых сціплых зарплат, штомесяц умудраўся нешта заціснуць. Ён патайнік завёў: у дупло старой асіны, з якой збіраўся вулей зрабіць, складваў прыхаваныя грошы.

І на сабачку такі разжыўся: у знаёмага паляўнічага сібірская лайка была — Фёдар шчанючка маленькага выпрасіў. Прыгажунчык ён яшчэ той: выліты Бім — з чорным вухам! А ўжо ж разумнік...

Не дзіва, што Каця яго таксама палюбіла, што песціла рознымі пачастункамі. Фёдар жа ў строгасці трымаў: змалку прывучаў да паляўнічай справы.

І, трэба сказаць, не без толку: праз нейкі час малы ўжо добра арыентаваўся — па паху мог лёгка адшукаць прыхаваныя рэчы. (Спатрэбіўся, праўда, час, каб навучыць яго не распатроньваць тыя знаходкі, а прыносіць цэлымі...) Але ж «працэс» ішоў, і гаспадар быў задаволены. Больш таго, з марай пра ўжо хуткае сапраўднае паляванне ён не раз выходзіў да паветкі, даставаў з дуплянкі пакет з грашыма — не раз пералічваў іх, пакуль...

У той дзень яго Кацярына прыбірала ў хаце і трэба ж — швабрай з-пад канапы выкаціла палку, з якой так любіў гуляцца сабака.

— Во куды загнаў, — засварылася гаспадыня на Біма, потым выйшла на ганак і шпурнула «цацку» ў бок паветкі.

А Бімка як быццам таго і чакаў: у тры скокі ён апынуўся на дрывотні.

Што далей было?

Цяжка сказаць: магчыма, сама палка адным канцом заляцела ў Федзеву хованку, магчыма, сабака павёўся на пах гаспадара, але ж усунуў ён галаву ў дуплянку, схапіў зубамі... цэлафанавы скрутак і шчаслівы панёсся ў хату.

— Што гэта, Бімка? Аддай мне, — папрасіла Кацярына.

Бім пакорліва падаў ёй скрутак. Каця ўзяла, разгарнула і ахнула:

— Вось гэта знаходка! Малайчынка, Бім! А я толькі думала, дзе грошы ўзяць на шпалеры, на фарбу для падлогі.

...Кінуўшы мыць яе (і сапраўды сем гадоў нефарбаваную), жанчына тут жа рушыла ў краму, купіла ўсё, што трэба для рамонту, а вечарам, як толькі муж вярнуўся з працы, яшчэ і пахвалілася, які ў іх кемлівы сабака:

— Уяўляеш, — сказала, — пабег на дрывотню і адтуль...

Не даслухаў Федзя, што было далей: кінуўся да паветкі, засунуў руку ў дуплянку і аж сеў: грошай на месцы, вядома ж, не было.

— Эх ты, здраднік, — сказаў ён сабаку, які заўсёды трымаўся побач. — Здаў маю мару... Як пустую бутэльку здаў... Дурылка... Так мы з табой ніколі стрэльбу не купім, ніколі, як людзі, на паляванне не сходзім...

Бім уважліва слухаў яго, ва ўсе вочы глядзеў і думаў, як цяжка з гэтымі людзьмі! Ну ніякай жа логікі: за адзін і той жа скрутак гаспадыня, бач, па галоўцы пагладзіла, а гаспадар — бэсціць... Дык каго з іх слухаць, каму служыць?

Гэтае нялёгкае пытанне, вінавата падціснуўшы хвост, сабака панёс у свой закутак, каб потым абдумаць і, можа, знайсці адказ.

М. Багданаў,

в. Новы Пагост, Мёрскі раён.


І вось яны прыехалі... і паехалі

...Альтэрнатывы няма: людзі прыходзяць у гэты свет і, на вялізазны жаль, сыходзяць. А вось памяць пра іх застаецца.

У мяне, напрыклад, быў любімы стрыечны брат, пра жыццё якога можна расказваць гадзінамі. Адно імя чаго вартае: Ірыней! Гэтак назваў яго бацюшка ў далёкім 1938 годзе, назваў, відаць, паводле святцаў і думаць не думаў, што ў радыусе 30 кіламетраў хлопца (а потым і дзядзьку Рэніка) будуць знаць і малыя, і вялікія, будуць вельмі часта «скланяць», бо з ім вечна нешта здаралася...

У той час (як здаецца, і ў гэты) усе дарогі вялі ў Мінск. Я ў ім вучылася, мой родны брат Жэня — працаваў і тут жа, у сталіцы, ужо засяліўся ў новае жытло. Падзея!

Адзначыць яе, паглядзець на тую кватэру сабраліся і Рэнік з жонкай Тарэсай. Жэня, як гасцінны гаспадар, хацеў паказаць ім горад, некуды звадзіць, каб было што ўспомніць, каб было што расказаць...

І вось яны прыехалі, гасцююць: у адзін з вечароў мы збіраемся ў... рэстаран, Жэня выбраў «Патсдам». Значыць, ехаць нам трэба — хто ведае Мінск — з вуліцы Леаніда Бяды на вуліцу Леніна.

Метро тады яшчэ не працавала, таму па сённяшнім праспекце Незалежнасці мы паехалі на тралейбусе, на «двойцы».

Прыгода была яшчэ тая: гадзіна пік (людзі едуць з працы), салон перапоўнены, але ж тралейбус на прыпынках спыняецца, некага высаджвае, некага падбірае...

— Людцы мае, — куды ж вы лезеце? — пытае ў пасажыраў Рэнік. — Няўжо вам цяжка кіламетраў колькі пехатою прайсці? Я, каб ведаў, куды мяне вязуць, далібог бы з вамі не ціскаўся! У мяне ж на гэта жонка ёсць...

Ці не ўсю дарогу, карацей, ён уголас дзівіўся і разважаў, ці не ўсю дарогу не мог зразумець, чаму людзі на адным прыпынку заходзяць, а на другім — можна сказаць, адразу ж — выходзяць. Ну гультаі ж гарадскія! (Я, прабачце, не сказала, што Рэнік кожны дзень «адмотваў» пехатой кіламетраў з дваццаць: ён на Лідчыне ў двух калгасах абслугоўваў радыё і тэлефонную сувязь. — Аўт.)

Але ж з горам папалам мы даехалі да рэстарана. Хораша пасядзелі там, ну, вядома ж, выпілі, пагаварылі, — сабраліся дадому.

— Скажы мне, браце, колькі вёрст да тваёй хаты? — папытаўся Рэнік.

— Ну кіламетраў, можа, з пяць, — адказвае Жэня. — А можа, і болей.

— І што — з-за пяці кіламетраў я буду душыцца ў гэтых вашых тралейбусах? Ды нізавошта!.

Мы паспрабавалі было давесці яму, што тралейбусы ў дванаццаць ночы пустыя, што на іх нам будзе хутчэй і лягчэй, што жанчыны ў туфліках на высокіх абцасах, што ўсе стаміліся, але ж марна: Рэнік стаяў на сваім, і мы ў выніку рушылі пешкі.

Да плошчы Перамогі яшчэ неяк дашкандыбалі, потым — разуліся (ноч, балазе, была цёплая) і пайшлі ўжо босыя... Моўчкі... Адзін Рэнік на ўвесь праспект спяваў «Ой, мороз, мороз, не морозь меня».

Не памятаю, у колькі мы дабраліся да братавай кватэры. Памятаю: назаўтра ногі ў мяне балелі так, што праз залу перайсці не магла.

Але ж час марнаваць мы не сталі: па абедзе (і зноў такі пешкі) пайшлі ў парк Чалюскінцаў. Рэнік пакатаўся там на атракцыёнах — на «Халі-Галі», на «Супер 8»...

І, вярнуўшыся ў вёску, дамоў, усім людзям казаў, што Мінск — прыгожы, што вуліцы там шырокія і чыстыя, што ў рэстаранах кормяць добра, толькі каўбасу ды мяса рэжуць надта тоненька, таму на відэлец трэба чапляць па чатыры (сама меней па тры) скрылёчкі, каб потым было што жаваць.

Аднак галоўнае ўражанне, што ў сталіцы ніхто не ходзіць пяшком: людзі, як тыя дурні, плацяць грошы, стаяць на прыпынках, каб хоць трохі ды пад'ехаць...

З чаго Рэнік, дарэчы, досыць цікавую выснову зрабіў: трэба, каб усе пасажыры бралі даведкі, што менавіта на гэтым аўтобусе ці тралейбусе ім трэба ехаць на працу. Ва ўсе астатнія месцы хай дабіраюцца пехам. Глядзіш, меней на вуліцах транспарту — чысцейшае паветра.

І людзі, значыць, куды здаравейшыя і дабрэйшыя, бо ходзяць пехатой, бо па дарозе могуць нечым палюбавацца, пра нешта падумаць... У тым ліку — пра сваё ўласнае жыццё. Такое непрадказальнае і такое кароткае.

Кацярына Будзіловіч,

г. Скідаль.


Святы вечар

Гэта здарылася акурат на Каляды. Мы з мужам прыйшлі з працы. Самы час, значыць, быў павячэраць, прычым не проста, а як на свята...

Злазіла я ў склеп, дастала адтуль слоік з дамашняй каўбаскай. Закінула яе ў каструлю, каб адварыць. Сама за гэты час усё іншае на стол сабрала. Здавалася б, можна садзіцца? Ад паху ажно слінкі цякуць...

Але што гэта? Быццам, шум на нашым двары? Песні пад вокнамі... Так і ёсць: нехта ў дзверы стукаецца...

Адчынілі, а гэта дзеці. І якія ж малайцы: прыбраліся па ўсіх правілах, ходзяць па вёсцы, людзей віншуюць...

Ну як жа ім не аддзячыць? Зняла я з пліты тую каўбаску, аддала калядоўшчыкам, няхай пачастуюцца гарачым.

А што ж нам з мужам? Мы ж па-ранейшаму галодныя.

Яшчэ раз спусцілася я ў склеп, дастала другі слоік з каўбасой, паставіла на пліту.

Яна хутка зварылася. А толькі стала здымаць — пад вокнамі зноўку нехта гамоніць, зноўку стукае ў дзверы. Адчыняем — на парозе новыя калядоўшчыкі, цяпер ужо дарослыя. Таксама песню спяваюць, таксама віншуюць нас... Ды ў гэтакі вечар...

Іх, карацей, мы таксама пачаставалі.

І толькі пасля гэтага — хоць з трэцяй спробы — але ж павячэралі самі.

Елі, дарэчы, са спехам, бо згаладаліся, і са смехам, бо міжволі слухалі: ці не гамоніць хто на вуліцы, ці не ідуць да нас новыя калядоўшчыкі?

Людміла Пашкевіч,

Полацкі раён.

Рубрыку вядзе Валянціна Доўнар

dounar@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».