Вы тут

Вярнуцца ў дзяцінства дапамогуць «цацкі з гарышча»


Гавораць, лепшы падарунак для дарослага мужчыны — верталёт, якім можна кіраваць. Ён не захоча ў гэтым прызнацца, але гуляць будзе з задавальненнем. Многія жанчыны таксама не скажуць адкрыта, што не дагулялі ў лялькі. Таму часам не стрымліваюцца і спантанна купляюць мяккую цацку або ляльку з вялікімі вачыма — быццам для дачкі, насамрэч — для сябе. Але ж зараз — не пра псіхалагічныя аспекты такіх дзеянняў. Зараз пра цацкі, якія можна зрабіць сваімі рукамі. Такія, напрыклад, як робіць Юлія Асадчая з Лоева.


У яе дзве адукацыі. Па першай дзяўчына — зубны тэхнік, але ж своечасова зразумела, што займацца трэба тым, што любіш, а не тым, на што бацькі скіроўвалі. Таму Юлія яшчэ закончыла мастацка-графічны факультэт Віцебскага ўніверсітэта імя Машэрава. Жывапіс прыносіць ёй радасць, але ж на яго патрэбны час. Цяпер, займаючы пасаду загадчыка сектара па рабоце з сельскімі ўстановамі культуры ў Лоеўскім гарадскім цэнтры культуры, Юлія знаходзіць магчымасць для творчасці яшчэ і ў вырабе цацак з водарам кавы. Дарэчы, ідэя была запазычана з інтэрнэта.

— Скінула сабе некалькі здымкаў такіх цацак і паказала дзяўчатам на рабоце. Прапанавала: можна заняцца разам. А потым гэта стала калектыўнай творчасцю. Усім падабалася. Звычайна я малюю выкрайкі, а дзяўчаты шыюць па іх цацкі. Іх набіваюць сінтэпонам, пакрываюць сумессю кавы, карыцы і клею ПВА і... смажаць у духоўцы. Каб замацаваць форму. На цацку потым наносіцца малюнак. А водар які падчас запякання! Вы ж можаце панюхаць і саму цацку — яна доўга захоўвае водар кавы.

Гэта спачатку былі запазычаныя ідэі. Потым Юлія пачала прыдумваць нешта сваё, і яе цацкі паступова набылі ўласны твар. Хоць кажуць, што любы мастак, што б ні рабіў, усё роўна робіць нешта, падобнае да сябе. Між тым невялічкі калектыў калег і аднадумцаў дапамагае ўвасабляць ідэі ў масавае жыццё. Дарэчы, потым агульная творчасць з'яўляецца на выставах, якія ладзяцца і на Лоеўшчыне, і па-за яе межамі.

Канешне, і «замурчастыя» коцікі сталі натхняльнікамі самых розных вобразаў — ці то жывёл, ці то людзей. Яны ж апрануты ў адзенне, п'юць кактэйлі, дораць кветкі і самі падобныя да анёлаў-амураў-мурмураў. Яны нешта жадаюць адзін аднаму і абавязкова ўсміхаюцца, шчыра — як сама Юля.

Мядзведзікі, зоркі, малпачкі, совы, сабачкі і нават дамкі таксама ўсміхаюцца. Ці здзіўляюцца, ці радуюцца магчымасці парадаваць іншых. Юля ж растлумачвае, што такую цацку пры жаданні можна паспрабаваць зрабіць самому. Ніякіх сакрэтаў тут няма — і парад у тым жа сусветным павуцінні — зашмат.

Самыя любімыя з тых, што прыдумала, — на гэты момант утульныя двухбаковыя дамкі. Гаворыць, што шасцігадовы сын Раман ужо падключыўся да агульнай справы і нават разам з матуляй намаляваў сваю першую цацку:

— Бывае настрой жартоўны, бывае — лірычны. Таму і цацкі розныя атрымліваюцца. Многія людзі замаўляюць да пэўных свят: агульных, як да 8 Сакавіка або Дня закаханых, ці прафесійных. Мы рабілі жартоўных жывёлак да Дня міліцыі і да Дня пагранічніка. Кожнаму падабаецца нешта сваё, угадаць нельга — што каму больш. У асноўным людзі набываюць дробныя цацкі, якія можна недзе прымацаваць, каб яны былі бачныя.

Цацкі Юліі Асадчай — з характарам. Таму іх часам замаўляюць персанальна. Набыўшы адну цацку, некаторыя звяртаюцца да Юліі потым яшчэ не раз — давяраюць густу мастака.

— Галоўнае — не толькі ўвасобіць тое, што недзе падгледзеў, але і сваю фантазію падключыць. Пакуль ніхто не скардзіўся на мае прыдумкі.

Між тым такія самаробныя цацкі дадаюць у любы інтэр'ер нешта дамашняе і ўтульнае. Тое, што робіць Юлія з сяброўкамі, умоўна можна аднесці да так званых тыльдаў. Тыльда сёння — гэта гандлёвы брэнд, у канцы мінулага стагоддзя запатэнтаваны нарвежкай Тоні Фінагер. Але ж цяпер так называюць не толькі адмысловых лялек ручной работы без твару, пашытых з тканіны. Яны сёння маюць розныя формы: звяркі, зорачкі, садавіна, гародніна і шмат што іншае. Гэты стыль можна назваць наіўным, простым ці вясковым, але ў той жа час лялька ў першую чаргу мае настрой. Галоўны сэнс такіх цацак — вярнуць нас у дзяцінства. Што часам вельмі патрэбна.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

іоst@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Коцікі смажаныя і духмяныя

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».