Вы тут

«Плёткі развялі суседзі, што на жонцы Янка едзе...»


Што было, — было. Не так важна, за куфлем піва ці кілішкам чаго мацнейшага разгаварыліся мужыкі пра самае-самае.

— Прызнайся, — папрасіў адзін, — у цябе з тваёй Люсяй да вяселля нешта было? Ну? Было?...

— Чаму ж не, — здзівіўся другі, — мы ж з ёй не маленькія. У мяне, помню, тэлевізар быў, у Люсі — шафа адзежы...

Што яшчэ? Ды тут, відаць, да бабкі не хадзі: каханне!


Скажам адразу, што гэтую выснову зрабілі не мы, — чытачы «Звязды»: так-так, гэта яны ўважліва паглядзелі на верхні здымак і, як заўсёды, узяліся жартаваць, прыдумляць свае подпісы, каб потым — ужо на старонках газеты — паглядзець, што ж атрымалася, а ўрэшце — вызначыць, хто каго болей насмяшыў, хто каго перасягнуў у трапнасці.

Зрэшты, вынікі мы будзем падводзіць пазней, а пакуль — вершы. Пра хлопца, які ну, згадзіцеся са спадарыняй Раісай Васільевай з Гомеля,

Нікому шанцаў не пакінуў,

Схапіў каханую дзяўчыну, —

Імчыць дамоў, каб хоць паспець

На пару Новы год сустрэць!

Разумнае жаданне, бо яно ж праўду кажуць: як сустрэнеш Новы год, так і пражывеш. Хлопцу хочацца пражыць з каханай.

Неяк дзіўна, кажаце, ён «імчыць»?

А вось гэта ўжо — як можа. На думку спадарыні Соф'і Кусянковай з вёскі Лучын, што на Рагачоўшчыне:

Ясь не мае «Мазэраці»

(Як, дарэчы, й «Лады»), —

Дзевак возіць на цыраце,

А яны і рады.

Пра тое ж прыкладна і радкі спадарыні Любові Чыгрынавай з Мінска:

Як не маеш «Вольва»

Ці хаця б «Нісан»,

Каб падвезці Вольгу,

Запрагайся сам.

Думаеце, мала такіх — дурных ці хоць бы ахвотных?.. І памыляецеся, бо вось гэты, са здымка (паводле той жа спадарыні Чыгрынавай), сваю Вольгу не моўчкі вязе, а, можна сказаць, з песняю:

Я ў Мані на аркане,

А яна — у цэлафане.

Праз любоўны той дурман

Стане мілым і аркан.

Вы чамусьці не верыце? Тады — маленькая праўдзівая гісторыя ад спадарыні Алены Кулік з Валожыншчыны:

Пасля працы сіл — ні грама:

Не дайду сягоння з крамы.

І ў каханага мужчыны —

Каб кабылка, каб машына...

Але ж я сказала:

— Мілы,

Ты замчы мяне на... крылах!

Не спужаў яго мароз:

Ён запрогся і павёз!

Ёсць, ёсць мужыкі ў нашых сёлах! Хоць...

Не без таго: мае, відаць, рацыю і спадарыня Чыгрынава, якая лічыць, што

Гэта, людцы, выезд... пробны:

Кось-кось-кось — тады ў аглоблі.

Няясна, праўда, хто каго — завядзе ды потым запражэ. Адна маладзіца, прынамсі, скардзілася мужу: «Я ў цябе, дальбог, за Папялушку: то гатую, то мыю, то шыю, то прыбіраю...».

Ведаеце, што пачула ў адказ? «А я папярэджваў, што замуж выйдзеш і нібы ў казку патрапіш».

Падобна, што якраз яна, гэта «казка», і прадыктавала радкі мужу і жонцы Астроўскім з Мінска:

Плёткі развялі суседзі,

Што на жонцы Янка едзе...

Паказаў ім Ясь тады,

Хто тут едзе сапраўды.

Каб упэўніцца, што не Янка, можаце яшчэ раз глянуць на здымак і тады, магчыма, разам са спадарыняй Галінай Пятроўскай з вёскі Ардашы Смаргонскага раёна задумаецеся: «А куды (канкрэтна) вось з гэткім імпэтам можна цягнуць маладзіцу? Чым (зноў жа канкрэтна) гэтая паездка можа скончыцца?» Для яе, у прыватнасці? І ці не трэба тут нагадаць крылатае:

Вецер вее ў завею —

Вішанька калышацца...

Ой, не вер, дзяўчына, хлопцу,

Покуль не распішацца!

Бо — можа ж стацца — паабяцае цэлы свет падарыць, а падорыць хіба што глобус, паабяцае машыну, а пасадзіць на цырату, альбо замуж узяць, жыццё пражыць, а сам...

Што галоўнае тады? Паводле спадарыні Пятроўскай, не губляць аптымізму, шукаць выйсце і нагадваць пра сябе (калі, крый Бог, давядзецца) неяк адмыслова, прыгожа, прыкладна так:

— Ой, муж, калі дуж,

Памагай маёй бядзе:

З'ела пеўніка жывога,

Варухнуўся ў жываце.

І кім жа трэба быць, каб тады не адгукнуцца: не паслухаць — як варушыцца, як дыхае, як ножкамі стукае, як песенькі пяе...

Не пеўнік, канешне...

А зрэшты і сапраўды:

Эх, каханне ты каханне...

Лёгкі смех з яго бярэ:

Каго любіш, той не гляне,

Каго не — дамоў вязе.

Ёсць пытанні: і чаму тады вязе?.. І чаму на мяшку? Паводле спадара Міколы Кісяля з Мінска, апошняе зразумела:

Нельга траціцца на санкі:

Эканоміць грошы Янка.

— Маня, — кажа ён, — не паня:

Добра ёй і ў цэлафане.

Нейкі час (пакуль Янак назбірае грошай на машыну) — магчыма...

А зрэшты, тут яшчэ адно выйсце ёсць. Расказвалі, унучак малы прыбег з коўзанкі і бразь канькі пасярод пакоя. «Дзіцятка, яны ж замінаць тут будуць», — робіць заўвагу дзед. — «А ты іх адкінь». Ну што ты будзеш рабіць: паслухаў стары малога — адкінуў... Некуды пад шафу. Унук тут жа ў крык: «Ур-ра! У нас машына будзе!» — «З чаго ты ўзяў?» — пытаецца дзед. — «Дык учора ж тата мамцы казаў, што купіць яе, калі дзед канькі адкіне».

Свят-свят-свят, няхай жывуць і стары, і малы, няхай усе радуюцца жыццю, спяваюць... Альбо хоць успамінаюць старыя песні (як спадар Валерый Гаўрыш з Чавусаў) і ствараюць з іх новыя. Такім чынам, папуры — дыялог паміж ІМ і ЁЮ:

— Завязу цябе я ў тундру,

Завязу на край зямлі...

— Можа, лепей на Гаваі,

У круіз на караблі?

— З неба зорачку дастану,

Для цябе я ўсё змагу...

— І ў» карэце» з цэлафану

Мы паедзем па даху?!.

Гэта (падкажам) футра такое — цёплае-цёплае. (Анекдот у тэму: жонка з раніцы села на скрыпцы іграць. Мужык трохі паслухаў, а потым кажа: «Ну, можа, досыць? Куплю табе новую сукенку».)

На футра, вядома ж, трэба даўжэй іграць. (Яшчэ адзін анекдот. «Нам на працы будуць даплачваць, 15 працэнтаў, за шкоднасць», — хваліцца жонка. «Там ты таксама ўжо ўсіх дастала?» — пытаецца муж.)

І нават больш за тое: ён (на думку спадара Віктара Сабалеўскага з Узды) пачынае дзейнічаць:

Галя ложак не заслала:

Прытамілася, заспала.

Галя посуд не памыла —

Да паўдня глядзела «мыла»...

Муж такую гаспадыню

Без увагі не пакіне:

Разам з трантамі ў канаву

Скіне лежня — і ўся справа!

А што: хай ведае, як «даставаць»...

Другі з варыянтаў ад спадара Віктара больш аптымістычны:

Вася з Маняй любяць госці.

Як ідуць — Васіль пяе,

Не замежнае там штосьці —

А «... як ехаў да яе».

Пасля трэцяй аглаблёвай

Зусім іншы «эксклюзіў»:

Ужо Маня цягне словы:

«Ты вязі, мяне, вязі...»

І — што ты будзеш рабіць?! — вязе бядак, трэба разумець, не зусім цвярозую жонку. І добра, калі гэта зрэдку, а калі...

«Мужчынскі алкагалізм сустракаецца куды часцей, чым жаночы, але апошні нашмат страшнейшы», — нагадвае спадар Мікалай Старых з Гомеля і дадае, што на здымку ўбачыў адзін са спосабаў барацьбы з ім:

Напівацца стала жонка...

Муж схапіў яе спрасонку,

На старызну пасадзіў

І на звалку паруліў....

Страх адолеў маладзіцу.

Пачала яна прасіцца:

— Чалавекам заўтра буду:

Назаўжды віно забуду!

Во каб чутае ды пабачыць! Муж, відаць, дорага заплаціў бы?!

Што да парад, то яны, як вядома, бясплатныя. У тым ліку і вось гэтая, ад спадарыні Ніны Бурко з вёскі Капланцы Бярэзінскага раёна:

Знае хлопец, што рабіць,

Калі дзеўка сядзе піць:

Пакатае ў цэлафане,

Яна ўміг цвярозай стане.

А зрэшты, трэба прыгледзецца: можа, на здымку і не дзеўка зусім, і не маладзіца? Можа, гэта...

Слова сужэнцам Астроўскім:

Гаварыць тут можна смела:

Цешча зяцю плеш праела

Зносіць звягі — не выходзіць...

Ён тапіць яе адвозіць.

Куды можна яшчэ? Вось меркаванне спадарыні Валянціны Гудачковай з Жыткавічаў:

Зіма... Раскоўзаны дарожкі...

Ганулька падвярнула ножку.

Васіль — спагадлівы мужчына —

Вязе ў ФАП такім вось чынам.

Малайчына, праўда? Здымаем капялюш, як той казаў! Прычым не толькі за тое, што пашкадаваў тую Ганульку (ці больш яе ножку?): ён, на думку сужэнцаў Астроўскіх, традыцыі продкаў шануе:

У нашых вёсках, сэрцу мілых,

Так радзіны адзначалі:

Мужыкі (зусім не з хілых)

Бабку ў саначках каталі.

Тут — мужык адзін застаўся

І ні санак, ні калёс...

Дык яму мяшок прыдаўся:

Бабцю ўкінуў ды павёз!

І, як бачыце, едзе: з боку «бабці» ніякіх прэтэнзій няма і нават быць не можа — на думку спадара Анатоля Гарачова з вёскі Даўнары Іўеўскага раёна, бо

Здаралася такое не штодня,

Даўно...

А людзі не забылі:

У санях, дзе мядзведзь замест

каня,

Магнаты пакуражыцца любілі...

І ў нашы дні, калі прыйшла зіма,

Ты, далібог, сябе адчуеш панам!

Няма мядзведзя? І каня няма?

Дык дзеўка ж ёсць! І плёнка з цэлафану...

Вось на гэтай жыццесцвярджальнай ноце і завяршыць бы чарговы агляд, ды папрасіліся ў яго — не зусім да здымка — але ж прыгожыя і патрэбныя радкі спадарыні Любові Чыгрынавай:

Цягнем, цягнем у дом

Без патрэбы і мэты

Цэлафан, паралон,

Пэтбутэлькі, пакеты...

А пасля ўсё — у смецце...

І нясі, буйны вецер,

Па лугах і палях,

Па шляхах ды ўзлессях...

Калі надыдзе вясна (а гэта абавязкова здарыцца!) і растане бялюткае снежнае покрыва, гэтыя залежы бруду мы, вядома ж, убачым, але ж, да яго стварэння самі не прычынімся?

Зрэшты, гэта іншая тэма і адпаведна — іншая размова. У гэтай жа — час падвесці вынікі.

Такім чынам на папярэднім здымку (гл. «Звязда» ад 7 снежня 2016 года) быў статак гусей, якіх на беразе вадаёма спыніў грозны надпіс: «Купацца забаронена». Паводле меркаванняў вялікага чытацкага журы, найлепшыя радкі да гэтага сюжэта прыдумалі спадары Мікалай Старых з Гомеля, Васіль Мірончык з Бабруйска, Валерый Гаўрыш з Чавусаў, Мікола Кісель і муж і жонка Астроўскія з Мінска, а таксама спадарыні Соф`я Кусянкова з Рагачоўшчыны, Валянціна Гудачкова з Жыткавічаў, Ніна Бурко з Бярэзіншчыны, Любоў Чыгрынава з Мінска і Раіса Васільева з Гомеля, з чым, у прыватнасці, пагадзілася і журы маленькае рэдакцыйнае. Таму прыз у выглядзе падпіскі на дарагую сэрцам газету «Звязда» (на другі квартал гэтага года) накіроўваецца ў Гомель.

Хочаце, каб газета прыходзіла і да вас? Тады выпісвайце: нагадаем, што да 27 студзеня можна падпісацца на люты (сакавік альбо нават да канца паўгоддзя). Другі варыянт: уважліва глядзіце на новы здымак, прыдумвайце подпіс — кароткі (не больш за восем радкоў), дасціпны, на беларускай мове і дасылайце ў рэдакцыю. Шанцы на выйгрыш мае кожны.

Шчырыя прабачэнні ўсім, чые радкі гэтым разам не прайшлі строгі конкурсны адбор.

Валянціна ДОЎНАР

dounar@zviazda.by

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Беларусь і Расія зблізілі пазіцыі па праграме рэалізацыі дагавора аб Саюзнай дзяржаве

Беларусь і Расія зблізілі пазіцыі па праграме рэалізацыі дагавора аб Саюзнай дзяржаве

Аб гэтым заявіў старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч на сустрэчы са старшынёй Савета Федэрацыі Валянцінай Мацвіенка.

Грамадства

Як Брэст рыхтуецца да святкавання свайго 1000-годдзя

Як Брэст рыхтуецца да святкавання свайго 1000-годдзя

Афіцыйныя святкаванні і асноўныя мерапрыемствы гарадскога Міленіума пройдуць 6—8 верасня.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Пра ляльку з секс-шопа, галубоў на ігрушы і дзяўчынку, якая схавала пашпарты.