Вы тут

Вечная памяць нашчадкаў


Перад вайной у Давыд-Гарадку існавала вялікая яўрэйская абшчына, якая складала трэцюю частку насельніцтва і налічвала каля трох тысяч чалавек. У гады Вялікай Айчыннай вайны на долю гэтага народа выпала шмат выпрабаванняў і здзекаў.


Расстрэл яўрэяў Давыд-Гарадка быў учынены праз некалькі тыдняў пасля акупацыі горада нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў 1941 годзе. Тады ў Давыд-Гарадок прыбыла зондэркаманда СС. А падставай для расстрэлу паслужыў данос аднаго з мясцовых здраднікаў аб тым, што давыд-гарадоцкія яўрэі рыхтуюць узброенае нападзенне на акупантаў. Эсэсаўцы тады зрабілі аблаву і забілі больш за 450 мужчын, а членаў іх сямей — жанчын, дзяцей і старых — выгналі з горада. Тыя пайшлі ў розных напрамках шукаць прытулку.

Трохі пазней, калі абстаноўка крыху нармалізавалася, некаторыя людзі вярнуліся ў Давыд-Гарадок. І хутка трапілі ў гета, якое нямецка-фашысцкія захопнікі стварылі ў 1942 годзе на беразе рэчкі Сежка, прытока Гарыні. Туды зганялі яўрэяў, якія засталіся пасля карнай аперацыі 1941 года, прытым не толькі з Давыд-Гарадка, але і з суседніх вёсак: Альшан, Сямігосціч. У гета знаходзіліся пераважна жанчыны і дзеці. Ежы і вады не было. Пачаліся хваробы. Месца заключэння строга ахоўвалася, каб ніхто не змог уцячы.

З успамінаў жыхаркі Давыд-Гарадка Ніны Серафімаўны Сімановіч: «У 1941 годзе я была яшчэ дзяўчынкай, але многае з таго, што бачыла, засталося ў памяці, бо такое немагчыма забыць. Спачатку з гета немцы вывелі дзевяць чалавек. Гэта былі самыя багатыя людзі Давыд-Гарадка. Крыху пазней вывелі другую вялікую групу вязняў, якую складалі адны мужчыны. У апошнюю чаргу да месца пакарання павялі жанчын, дзяцей і старых. Шлях на Галгофу ляжаў з цэнтра горада на ўскраіну, у раён хутара Хабішча, потым ішлі да хутара Хіноўск, дзе ў лесе ўжо чакалі загадзя падрыхтаваныя ямы.

На месцы масавага пакарання яўрэяў прымушалі распранацца, складваць вопратку ў кучы, аддаваць каштоўнасці. Затым фашысты скідвалі людзей у ямы і расстрэльвалі».

Спецыяліст па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Столінскага краязнаўчага музея Аляксей Вярэніч адзначае, што Хіноўск — адно з буйнейшых пахаванняў яўрэяў на Століншчыне. Сёлета мемарыяльны комплекс наведалі 46 яўрэяў з Ізраіля і Амерыкі, каб ушанаваць памяць загінулых продкаў. Нашчадкі прыязджаюць сюды за тысячы кіламетраў кожныя тры гады, каб памаліцца за душы памерлых.

Па яўрэйскай традыцыі, на магіле пакідаюць камяні з надпісамі, што сімвалізуюць вечную памяць, якая заўжды будзе жыць у сэрцах нашчадкаў.

Марына ЛЯШКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».