Вы тут

Бацькавы лісты з фронту дачка перадала ў Лагойскі краязнаўчы музей


Многія з нас, напэўна, ведаюць, а пры выпадку нават напяваюць адну са шматлікіх песень часоў Вялікай Айчыннай вайны. Маецца на ўвазе песня пра ваенных паштальёнаў, якія неслі вельмі патрэбную службу — падтрымлівалі сувязь паміж воінамі і іх роднымі, блізкімі. «Когда приходит почта полевая, солдат теплом далеким обогрет...»


Сагравала душу, узнімала настрой, надавала сілы палявая пошта і майму земляку, франтавіку-пехацінцу Пятру Галдовічу. Прызваны ў армію ў ліпені 1944 года, ён ваяваў на 3-м Беларускім фронце, якому выпала вызваляць паўночна-заходнія землі Беларусі, наступаць у напрамку на Кёнігсберг, штурмаваць яго і адолець ворага ў гэтым непрыступным, на думку гітлераўцаў, горадзе-крэпасці.

Пра свае армейскія справы, нягоды і перажыванні Пётр Юльянавіч расказваў у пісьмах, якія ён адрасаваў старэйшай дачцэ Тамары. Акрамя яе, пакінуў ён дома пры маці яшчэ траіх дзяцей. Зберагла бацькавы лісты і перадала іх (а гэта каля двух дзясяткаў) у Лагойскі гісторыка-краязнаўчы музей дачка Валянціна.

У кожных з гэтых пасланняў на радзіму адчуваецца неспакой, перажыванні за сваіх родных — жонку і дзяцей. Думалася салдату, як яны без яго спраўляюцца з уборкай ураджаю. У адным з пісьмаў прызнаваўся, што дзеці сняцца кожную ноч. Выказваў запаветнае жаданне: «Скончым вайну, буду жывы — пабачымся». І разам з тым — балючае: «Не ведаю, ці ўбачымся калі, аднаму Богу вядома...»

Трывожныя прадчуванні радавога Пятра Галдовіча, на жаль, абярнуліся трагедыяй: ён памёр у шпіталі ад асколачнага ранення ў галаву 31 студзеня 1945 года.

Перш чым яго сям'я атрымала пахавальную, сумную вестку ў сваім лісце Тамары паведаміў яе стрыечны брат Канстанцін Папкоўскі, які таксама ваяваў на тым жа 3-м Беларускім фронце. Да самага апошняга моманту ён падтрымліваў праз пошту сувязь са сваім родным дзядзькам.

Франтавыя пісьмы Папкоўскага, якія таксама перададзены ў музей, вызначаюцца аптымістычнай танальнасцю, а месцамі нават лірызмам. «Твае пісьмы, Тамара, напоўнілі маё сэрца радасцю і гордасцю за вас. Апошнія з іх прачытаў на раскошным лузе каля буйнога нямецкага горада, калі варожыя салдаты здаваліся ў палон разам з танкамі, гарматамі і кухнямі. Нашы ж байцы грэліся на сонейку і бесклапотна курылі». Дарэчы, разам з чарговым пісьмом яго стрыечная сястра атрымала прысвечаны ёй верш з такімі радкамі:

Нішто так шчасцем не асвеціць

Жыцця салдацкага майго,

Як змяты сіненькі канверцік,

А ў ім маленькае пісьмо.

З вайны Кастусю Папкоўскаму лёсам было наканавана вярнуцца дадому і паспяхова ўладкаваць сваё асабістае жыццё. Некаторы час ён працаваў настаўнікам пачатковых класаў (да вайны скончыў дзесяцігодку), затым пераехаў у Мінск. Вучыўся ў БДУ, дзе набыў журналісцкую прафесію. Працяглы час Канстанцін Папкоўскі працаваў у «Настаўніцкай газеце», дзе спаўна рэалізаваў свае творчыя здольнасці.

Віктар НЕСЦЯРОВІЧ, г. Лагойск

Загаловак у газеце: Сагравала пошта палявая...

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.