Вы тут

Зацверджана рашэнне на ахову Дзяржаўнай граніцы Беларусі


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка зацвердзіў рашэнне на ахову Дзяржаўнай граніцы Беларусі органамі пагранічнай службы ў 2017 годзе


Як паведаміў карэспандэнт БЕЛТА, Прэзідэнт адзначыў, што летась тэма аховы граніцы двойчы абмяркоўвалася на яго ўзроўні. «Была праведзена праверка практычнай дзейнасці органаў пагранічнай службы, якую вы, напэўна, успрынялі не зусім адназначна. Усе ваенныя ведамствы, перш за ўсё пагранічныя войскі, будуць у фокусе ўвагі Прэзідэнта. Да гэтага трэба прывыкаць. Такая ўвага гэтым пытанням удзяляецца не дарма», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, няпростая міжнародная абстаноўка, узрастанне тэрарыстычнай небяспекі ў свеце, незаконная міграцыя, распаўсюджванне наркотыкаў, зброі прымушаюць бесперапынна павышаць узровень абароны рубяжоў краіны. «Пакуль не даводзіцца разлічваць, што ў хуткім часе пагроз нашай пагранічнай бяспецы стане менш», — заявіў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што практычна ў штодзённым рэжыме вырашаецца шмат пытанняў, якія датычацца граніцы і непасрэдна дзейнасці пагранічнага ведамства. Дзяржавай пастаянна выдзяляюцца неабходныя сродкі на паляпшэнне ўзроўню матэрыяльнага забеспячэння дзейнасці пагранічнікаў. «Вядома, ні адно ведамства яшчэ не сказала, што сродкаў дастаткова. Але трэба шукаць іншыя формы. Уладкавання, перш за ўсё, і абароны Дзяржаўнай граніцы», — сказаў ён.

На граніцы ўводзяцца ў строй новыя комплексы кантролю і назірання, вядзецца супрацоўніцтва па адпаведнай тэматыцы з Еўрапейскім саюзам. «Вядома, гэта супрацоўніцтва павінна быць больш аб'ёмным. Таму што мы нясём вялікую нагрузку па абароне Еўрапейскага саюза па асобных напрамках, такіх, як незаконная міграцыя, наркагандаль, гандаль людзьмі. Гэта нам абыходзіцца ў добрыя грошы», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт заўважыў, што свой уклад у справу аховы Дзяржаўнай граніцы традыцыйна ўносяць не толькі пагранічнікі, але і звычайныя грамадзяне, якія пражываюць у прыгранічнай зоне.

Кіраўнік дзяржавы таксама закрануў пытанні аптымізацыі ў органах пагранічнай службы, канстатаваўшы, што іх колькасць і цяпер параўнальна невялікая. «Але тым не менш трэба паглядзець па пераразмеркаванні асабовага складу. Трэба менш людзей у інстытутах, цэнтральных і іншых апаратах, а больш непасрэдна на граніцы», — заявіў ён.

Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся тым, што робіцца для аблягчэння перасячэння граніцы грамадзянамі ў пунктах пропуску, якімі мерамі ў далейшым плануецца забяспечваць парадак у пагранічнай зоне і на прыгранічнай тэрыторыі. У ліку абазначаных пытанняў таксама было павышэнне ўзроўню прафесійнай падрыхтоўкі ваеннаслужачых і стварэнне аптымальных умоў для жыцця і службы асабовага складу.


Станіслаў Зась, сакратар Савета бяспекі:

«Памежным ведамствам праведзена вялікая работа па ўмацаванні бяспекі на знешніх рубяжах»

Станіслаў Зась адзначыў, што ў цэлым сістэмных праблем або правалаў у дзейнасці Дзяржаўнага пагранічнага камітэта ў мінулым годзе не дапушчана. Паводле яго слоў, у рашэнні на ахову дзяржграніцы вызначаны задачы, якія цалкам улічваюць асаблівасці абстаноўкі, што складваецца на знешніх рубяжах краіны.

Адной з такіх асаблівасцяў дзяржсакратар Савета бяспекі назваў рашэнне аб увядзенні бязвізавага рэжыму для грамадзян 80 дзяржаў, якія прыбываюць у краіну на тэрмін да 5 сутак праз Нацыянальны аэрапорт Мінск. «Гэта ніяк не ўплывае на бяспеку і нашай дзяржавы, і нашых суседзяў. Таму што практычна нічога ў плане кантролю за прыбыццём не мяняецца. Як і раней, любы грамадзянін будзе праходзіць пашпартны кантроль. Пры гэтым адсейваюцца асобы, знаходжанне якіх у нашай краіне непажадана з тых ці іншых прычын», — заявіў ён.

«Другой адносна новай асаблівасцю, якая сфарміравалася вакол нашых знешніх межаў, з'яўляецца тое, што на ўсходняй граніцы расійскі бок у аднабаковым парадку ўвёў абмежаваны пашпартны кантроль у адносінах да замежных грамадзян у пунктах перасячэння граніцы паміж Беларуссю і Расіяй. Гэта ніяк не ўплывае на транзіт нашых грузаў і пасажыраў у цэлым, але дастаўляе некаторыя нязручнасці замежным грамадзянам, якія цяпер вымушаны шукаць больш доўгі аб'язны шлях», — адзначыў дзяржсакратар Савета бяспекі.

«Але гэта справа Расійскай Федэрацыі. Калі яны лічаць, што гэта павышае абароненасць іх краіны, — гэта іх права. Хоць асаблівага сэнсу ў гэтым я не бачу», — дадаў Станіслаў Зась.

Сітуацыю на беларуска-расійскай граніцы ў пачатку студзеня каментавалі і ў беларускім знешнепалітычным ведамстве. У прыватнасці, Беларусь прапануе Расіі на час перамоваў па пропуску грамадзян трэціх краін праз сумесную мяжу прытрымлівацца ранейшай практыкі, якая апраўдала сябе.

Загаловак у газеце: Рубяжы Айчыны

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.