Вы тут

Цяпер участак для будаўніцтва можна атрымаць толькі з аўкцыёна


Як паказвае практыка, у большасці жыхароў прысталічных раёнаў узнікае шмат пытанняў па зямельных адносінах. Такіх праблем, як правіла, няма па аддаленых ад Мінска тэрыторыях, у тым жа Крупскім, Старадарожскім раёнах. А тут, зразумела, кожны імкнецца займець надзел або пашырыць яго — зямля пад Мінскам нятанная. І з кожным годам будзе даражэць. Нехта хоча пабудаваць вытворчасць — добрая лагістыка, забяспечанасць кадрамі. Хтосьці гадамі змагаецца са спадчыннікамі, каб стаць адзіным уладальнікам старога бацькоўскага дома, які не ўяўляе сабой матэрыяльнай каштоўнасці, ды месціцца на ладным зямельным надзеле. А то патрабаванні выставяць члены садоўніцкіх таварыстваў, якія, па сутнасці, з'яўляюцца дзяржавай у дзяржаве, са сваім кіраўніцтвам, і павінны вырашаць узаемныя спрэчкі, прэтэнзіі, праблемы на агульным сходзе.


На прыёме грамадзян Мінскага раёна кіраўніку цэнтральнага рэгіёна Сямёну Шапіру таксама давялося выслухаць шмат заяўнікаў з аналагічнымі пытаннямі. Дырэктар аднаго з прыватных прадпрыемстваў, якое займаецца вытворчасцю будаўнічых металічных вырабаў і канструкцый, прасіў пасадзейнічаць у заканчэнні працэдуры афармлення дакументаў на зямельны ўчастак у вёсцы Лужкі Смалявіцкага раёна. У 2012 годзе райвыканкам узгадніў акт выбару ўчастка ў 70 сотак для ўзвядзення вытворчых памяшканняў. Надзел знаходзіўся ў межах населенага пункта, таму ўзгаднення Мінаблвыканкама не патрабавалася. Калі быў падрыхтаваны праект, высветлілася: участак не можа быць адведзены. Справа ў тым, што, пры пераносе дакументацыі з папяровых планшэтаў на электронныя носьбіты, 35 сотак зямлі «выйшлі» за межы вёскі, трапілі, так бы мовіць, пад юрысдыкцыю Мінаблвыканкама. Дырэктару прапанавалі правесці працэдуру ўзгаднення яшчэ раз. Ён так і зрабіў. Але афіцыйных дакументаў, якія ўстанаўлівалі б права валодання ўчасткам, ён так і не атрымаў. А ў 2014-м надзел увайшоў у аўкцыённую зону, і ў адпаведнасці з заканадаўствам чалавек не змог завяршыць працэдуру адводу.

У аналагічнай сітуацыі аказалася і яшчэ адно прыватнае прадпрыемства. Яно прайшло ўсе працэдуры ўзгаднення па выбары і адводзе ўчастка для будаўніцтва аб'екта прыдарожнага сэрвісу на 26-м кіламетры трасы Мінск—Віцебск у Смалявіцкім раёне. Распрацавалі адпаведны праект, але занадта складанай аказалася канструкцыя будынка. Зразумелі, што не ўкладваюцца ў вызначаныя для будаўніцтва тэрміны і звярнуліся ў райвыканкам з просьбай падоўжыць іх на год. Цяпер участак, як і папярэдні, увайшоў у аўкцыённую зону. Які выхад? Купіць зямлю на аўкцыёне? Але кіраўнік сцвярджае, што ў падрыхтоўчыя работы ўкладзена шмат сродкаў. Ды і дзе гарантыя, што, у прынцыпе, ужо расчышчаную пляцоўку не перахопяць іншыя фірмы. «Да ўсіх павінны быць аднолькавыя адносіны. Усім, хто хоча атрымаць участак, неабходна прайсці праз аўкцыён. У канцы 2013 года кіраўнік дзяржавы даў даручэнне па стварэнні аўкцыённых зон для продажу зямлі. Гэта зроблена для таго, каб выключыць карупцыйны складнік. Да таго часу было выдана шмат актаў выбару зямельных участкаў», — канстатаваў Сямён Шапіра.

Тут ёсць два варыянты рашэння праблемы — выкупіць зямлю па кадастравым кошце або звярнуцца ў суд. Губернатар прапанаваў заяўніку таксама паўдзельнічаць у аўкцыёне па продажы недабудаванай гасцініцы на тым жа Смалявіцкім напрамку. Але мужчына адмовіўся.

Жыхары аграгарадка Чурылавічы расказалі, што ў 2011 годзе ім быў прадастаўлены зямельны ўчастак у арэнду на 50 гадоў для будаўніцтва аб'екта на 19-м кіламетры дарогі Р3 Мінск—Мікашэвічы ў раёне вёскі Самахвалавічы.
31 мая 2016-га Мінскі райвыканкам прыняў рашэнне аб спыненні права пастаяннага карыстання ім. І цяпер гаспадары павінны яго вызваліць. Мясцовыя ўлады матывуюць сваё рашэнне тым, што арандатар парушыў умовы пагаднення: да 2016 года аб'ект не быў пабудаваны. Праўда, на гэтым надзеле з'явілася некалькі пабудоў: невялікая будка для вартаўніка, які ахоўвае аўтамабільную стаянку, будынак для рамонту тэхнікі. Але аб'ект прыдарожнага сэрвісу прадугледжвае іншае. Як правіла, гэта комплексы, дзе кіроўцы, пасажыры могуць адпачыць, падсілкавацца, пераначаваць. Таму кіраўнік сталічнай вобласці падтрымаў рашэнне райвыканкама. Пры гэтым ён заўважыў, што ў Мінскай вобласці ёсць прыклады адабрання аб'ектаў у інвестараў, якія не выканалі ўзятыя на сябе абавязацельствы. «Мэтавае прызначэнне аб'ектаў вызначаецца на першапачатковым этапе інвестдагавора, і за гэта нясуць адказнасць як інвестар, так і аблвыканкам», — падкрэсліў Сямён Шапіра.

Кіраўнік адной з фермерскіх гаспадарак хадайнічала аб выдзяленні дадатковага зямельнага ўчастка. У 2005 годзе ёй было выдзелена 3,5 гектара зямлі. Побач знаходзілася звалка, яе прыбралі, месца ўпарадкавалі і агарадзілі. Цяпер тут утульна, камфортна, устаноўлены альтанкі. Гаспадыня прасіла пасадзейнічаць ёй у тым, каб далучыць гэтыя 23 соткі да агульнага надзелу і ўзаконіць пабудовы. Але ёй было адмоўлена ў гэтым, паколькі прыхопленыя «лішкі» знаходзяцца ў лесапаркавай зоне. Па законе яны могуць выдзяляцца толькі па рашэнні Прэзідэнта. Што датычыцца пабудоў, то ўзведзеныя без адпаведнага дазволу ўладаў павінны быць знесены. Ім не можа быць нададзены юрыдычны статус. Адпаведнае рашэнне Мінаблвыканкама дзейнічае даволі працяглы час.

Разам з тым Сямён Шапіра нагадаў, што на Міншчыне выяўлена і ўзята на ўлік 15 тыс. гектараў нявыкарыстаных зямель, якія прапануюць фермерам. І заяўніцы могуць прадаставіць хоць 50—100 гектараў у любым раёне вобласці. Але жанчына хоча менавіта ў Мінскім раёне, і пажадана побач са сваім участкам. Такой магчымасці ў густазаселеным прысталічным раёне няма.

Акрамя зямельных адносін і спрэчак, да Сямёна Шапіры звярталіся і па іншых пытаннях.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

lazovskaya@zviazda.by

Загаловак у газеце: «Хачу надзел зямлі, але... пад Мінскам»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».