Вы тут

Якая ты, батлейка?


Карані беларускага тэатра шукалі на «Нябёсах»


У аблоках лунае маленькі анёл. На зямлі — двухпавярховыя скрыні-дамы, церамы, храмы. Паміж імі палягае прастора тэатральнага дзеяння, дзіцячага смеху, гульні ў лялькі. У мінулыя выхадныя завяршыўся ІІІ Міжнародны калядны фестываль батлеечных ды лялечных тэатраў «Нябёсы», які ладзіўся на базе Свята-Елісавецінскага манастыра.

Адраджэнне батлейкі для нашай краіны — з’ява адметная і не павінна застацца незаўважанай. Па-першае, батлейка — гэта ўзор унікальнага, выключна беларускага тэатральнага мастацтва. Беларускі тэатр — і лялечны, і драматычны — бярэ пачатак у народным калядным спектаклі пра жорсткага Ірада-цара, які загадаў забіць немаўлят у горадзе Віфлееме (Батлееме). Атрымліваецца, што вывучаць батлейку — значыць вяртацца да каранёў нашага тэатра. Мабыць, там можна знайсці адказы на актуальныя пытанні і нават парады для сучасных сцэнічных рашэнняў? Па-другое, інтарэс да батлейкі трапляе ў плынь цікавасці да ўсяго нацыянальнага.

Зараз у беларусаў абуджаецца пашана да народнай творчасці, і старажытнае мастацтва, якое належыць менавіта нашай краіне, палягае ў прасторы агульнай зацікаўленасці. Наша батлейка мае сваё аблічча, прычым не пазычанае з польскай шопкі ці рускага вяртэпу. Але ў чым яе асаблівасці?

— Перадусім беларускую батлейку адрознівае мова, вельмі цікавая і багатая, і не менш багатая драматургія, — падзяліўся меркаваннем этнограф, член Саюза мастакоў Беларусі і Польшчы Алесь Лось. — Нашыя батлейшчыкі пісалі надзвычай цікавыя сцэнарыі. Акрамя акцэнту на драматургічна-моўным аспекце, шмат увагі надавалася музыцы. Традыцыйна гралі на цымбалах, скрыпцы, дудзе. Старыя і прыгожыя царкоўныя спевы, што суправаджалі выступ, таксама дадавалі своеасаблівага каларыту. Існавала на Беларусі нават жывая батлейка — вандроўны тэатр, дзе ролі выконвалі жывыя людзі. Пачынаючы з посту і да самых Калядаў яны распісвалі ролі, шылі касцюмы, рэпеціравалі: рыхтавацца магла цэлая вёска. Потым артысты пачыналі вандраваць, пераязджаць з вёскі ў вёску. Напэўна, цікава было глядзець, як на адным возе сядзелі ў абдымку Смерць з Ірадам, салдаты ды Рахіль.

Театру «Батлейка Алеся Лася» за спектакль-інтэрмедыю «Цар Ірад» прысудзілі дыплом «За вернасць традыцыям нацыянальнай культуры». Акрамя выступлення, этнограф правёў майстар-клас па батлеечным мастацтве і падзяліўся з  аўдыторыяй звесткамі з гісторыі батлейкі. Лекцыю па сцэнічных магчымасцях традыцыйнага вяртэпнага (і батлеечнага) тэатра правёў расійскі госць Аляксандр Грэф. Разам з Аляксандрам Грэфам, Ганнай Выгоннай і Кацярынай Яромінай у якасці экспертаў прайшоў семінар-практыкум, які закранаў нацыянальныя асаблівасці і сучасны стан лялечных ды батлеечных тэатраў.

Відавочна, што адна з галоўных задач фестывалю была ў тым, каб навучыць гледачоў і аматараў батлейкі новаму, а не толькі ацаніць выступы тэатраў. Дзеля гэтага арганізатары надалі шмат увагі аматарскім калектывам. Дыплом «За лепшы дэбют» атрымаў калектыў «Клас “А”» гімназіі № 74 горада Мінска, які прадэманстраваў сваю версію традыцыйнага спектакля «Цар Ірад» на беларускай мове. Ажно дзве ўзнагароды прысудзілі батлейцы сямейнага клуба Беларускага зялёнага крыжа: на сцэне перад гледачамі з’явіліся дзеці і бацькі з сям’і Юнгіных, каб разам распавесці біблейскую гісторыю. Журы не паскупілася на ўзнагароды: дыплом атрымаў амаль кожны тэатр, што сведчыць пра намер фестывалю развіваць батлейку не праз  канкурэнцыю, а шляхам заахвочванняў.

Трэба заўважыць, што «Нябёсы» — хрысціянскі фестываль. Ён ладзіцца пад эгідай Свята-Елісавецінскага манастыра і па блаславенні мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла. Фестываль, што праходзіць пад дэвізам «З лялькай да Бога», зрабіў заўважны акцэнт на працы з дзецьмі. Для іх падрыхтавалі шмат цікавых майстар-класаў, гульняў, спектакляў-прытчаў з выхавальнымі мэсэджамі. З сюрпрызам для дзіцячай аўдыторыі прыехалі і пераможцы ІІІ Міжнароднага каляднага фестывалю батлеечных ды лялечных тэатраў — расійскі калектыў «Душагрэі». Пасля свайго выступу ўладальнікі Гран-пры фестывалю сабралі маленькіх гледачоў гуляць у рускія народныя гульні пад акампанемент народных інструментаў ды спеваў. Спектакль пераможцаў складаўся з дзвюх частак: класічна-батлеечнай, дзе ў прыгожай, падобнай да сапраўднага палаца, скрыні разгортваліся падзеі віфлеемскай гісторыі, і драматычнай, з жывымі акцёрамі, дзе паказалі вясёлыя падзеі з народнага жыцця. Праграма «Душагрэяў» атрымалася вельмі каларытнай і аўтэнтычнай, а падчас іх выступу смяяліся не толькі дзеці, але і дарослыя!

Міжнародная праграма фестывалю, забяспечаная супрацоўніцтвам з міжнароднай асацыяцыяй «Вандроўныя лялечнікі», пашырыла межы ўспрымання батлейкі. Аматары лялечнага мастацтва ўбачылі не толькі класічныя скрыні з дзействам на класічны сюжэт, але і нечаканыя рашэнні. Напрыклад, польскі тэатр-студыя «БЛЮМ» з горада Познань паказаў гісторыю нараджэння Хрыста пад акампанемент віяланчэлі, замест лялек выкарыстоўвалі… паленні. І гэта было цікава! Артысты дазвалялі дзецям памацаць шурпатае дрэва, частавалі іх свежым хлебам — атрымаўся своеасаблівы інтэрактыў. Удзел у фестывалі замежных калектываў паказвае беларускаму гледачу разнастайнасць сцэнічных падыходаў да каляднай гісторыі і ў той жа час падкрэслівае адрозненне батлейкі ад іншых лялечных тэатраў, дэманструе яе арыгінальнасць. А гэта ўжо шмат: часам асэнсаванне ўнікальнасці свайго мастацтва становіцца пачаткам і любові да яго, і пашаны, і жадання захаваць тую творчасць для нашчадкаў.

Дар’я ЧАРНЯЎСКАЯ.

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.