Вы тут

У Пушкінскай эпосе


Вечар старога Новага года пачынаўся ў лепшых навагодніх традыцыях мінулых стагоддзяў: на парк, тэатр і лесвіцу перад галоўным уваходам з неба сыпаўся снег. Нягледзячы на тое, што замест экіпажаў да прыступак пад’язджалі сучасныя аўтамабілі, прыгажуні дамы ў бальных сукенках, абапіраючыся на рукі элегантных кавалераў, выходзілі з іх не горш за графінь ды баранес.


«Зорка, проста зорка!» — з такімі словамі сяброўкі, калегі ды проста знаёмыя жанчыны разглядалі туалеты адна адной, назіраючы за цудоўным пераўвасабленнем звычайнай хатняй гаспадыні ці бізнес-лэдзі ў вытанчаную арыстакратку. Ці магло быць інакш? На адну ноч госці Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра Беларусі патрапілі на сапраўдны Вялікі навагодні баль!

У гэты вечар цяжка было сказаць, дзе артыстка Вялікага тэатра, а дзе звычайная наведвальніца балю. Ды і прымераць на сябе акцёрскае амплуа мог кожны: дастаткова падысці ў адпаведны куток залы. Акрамя фотасесіі ў касцюмах cа спектакляў тэатра, гасцям далі магчымасць папрацаваць з рэжысёрам Сяргеем Гіргелем у кінастудыі «Пушкін. Cinema.by». Імя Аляксандра Сяргеевіча згадвалася на працягу ўсёй імпрэзы. Гэта і праграма конкурсаў ды рамансаў пад агульнай назвай «Пушкініяда» ў Камернай зале, і персанажы «Яўгена Анегіна» на Пушкінскім балі, і героі знакамітых казак — Кот вучоны ды Залатая рыбка — у фотазонах… Цікава абсталяваных фотазон, дзе дамы разам з кавалерамі маглі захаваць на камеру незвычайныя вобразы гэтага вечара, арганізавалі шмат. Але фотаздымкі — гэта занадта сучасна, згодныя? З гасцей такога балю неабходна было пісаць партрэты!

Менавіта таму выявы наведвальнікаў маляваў спецыяльна запрошаны ў Вялікі тэатр мастак. Атмасфера на балі склалася такая, што міжволі з’яўлялася думка: раптам сярод гасцей сапраўды ёсць дваране? У Гістарычным салоне члены Мінскага згуртавання нашчадкаў шляхты і дваранства высвятлялі прыналежнасць да старажытных сем’яў.

Якія ж Каляды без варажбы ў святочную ноч? Варажыла Святлана з паэмы Жукоўскага, варажыла зімняй ноччу Таццяна Ларына, варажылі і жанчыны на Вялікім навагоднім балі. Чарга разрывалася паміж абозам цыганкі, што раскладвала карты таро, і сталамі сучасных астролагаў, якія складалі астралагічныя прагнозы па даце нараджэння на ноўтбуках. Лёгкім рэхам эпохі рамантызму, вядомай любоўю да ўсяго ўсходняга, сталі рызыкоўны выступ з нажамі ды шаблямі ад Фахрадын-шоу і роспіс хной па целе — мехендзі.

Але ж у першую чаргу Вялікі тэатр ладзіў менавіта баль. Музычная частка вечара пачалася з выступу струннага квінтэта «Серэнада» і паціху перайшла ў Пушкінскі баль,

дзе пад кіраўніцтвам заслужанай артысткі Рэспублікі Беларусь Юліі Дзятко перад гледачамі выступалі не артысты Вялікага, а дэбютанты і больш спрактыкаваныя карыфеі з ліку наведвальнікаў імпрэзы. Венскі баль запрасіў далучыцца да танцаў не толькі тых, хто загадзя рыхтаваўся да выступу, але і ўсіх гасцей. Камерная зала прапанавала цікавую музычную праграму. На суд слухача — спаборніцтва «Тэнары супраць басоў», а падчас традыцыйнага для Новага года «Блакітнага агеньчыка» госці маглі праспяваць улюбёныя навагоднія песні разам з таленавітымі артыстамі.

Цэнтральнай падзеяй вечара стаў канцэрт-сюрпрыз «Класіка New» у суправаджэнні сімфанічнага аркестра пад кіраўніцтвам дырыжора Андрэя Галанава. На пачатку канцэрта традыцыйна ўручылі навагоднія тэатральныя прэміі ад ЗАТ «БелСвісБанк», якія, па выніках галасавання артыстаў Вялікага тэатра, сёлета атрымалі заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь, саліст оперы Аляксандр Кеда, вядучы майстар сцэны балетнай трупы Ігар Аношка, артыстка балета Вікторыя Бягініна, артыст аркестра Аляксей Афанасьеў ды артыст хору Аляксандр Фокін.

Выступоўцы Вялікага тэатра з’явіліся на запарушанай снегам сцэне, каб падарыць гледачам святочны настрой: яны танцавалі, спявалі, вадзілі карагоды, пілі шампанскае і жартавалі. Нават прадэманстравалі жывую спявачку-ляльку ў ружовай сукенцы, якая раз-пораз прыпыняла спевы з-за неабходнасці быць заведзенай ізноў. У гэткай вясёлай афарбоўцы нават нумары з бягучага рэпертуару тэатра рабіліся амаль непазнавальнымі. Вялікі баль працягваўся да чатырох гадзін раніцы. Калі госці выйшлі з тэатра, перад іх вачамі паўстаў цудоўны заснежаны парк. Здавалася, сама зіма дапамагла арганізатарам Вялікага балю завяршыць зачараваны вобраз навагодняй казкі.

Дар’я ЧАРНЯЎСКАЯ.

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.