Вы тут

Спадчына Песняра — для ўсіх


Не выклікае ніякіх сумненняў, што да 135-годдзя народнага песняра Беларусі Янкі Купалы будуць выходзіць новыя кнігі, пройдуць цікавыя святочныя імпрэзы. А першыя крокі ў айчынным кнігавыданні ўжо зроблены і з разлікам на масавага чытача. У выдавецтве «Мастацкая літаратура» пабачыў свет зборнік Я. Купалы «Расцвіла непагаслай зарой».


Разам сабраны вершы, паэмы («Курган», «Бандароўна», «Магіла льва», «Яна і я», «Безназоўнае») і п’есы «Паўлінка» і «Раскіданае гняздо».

Укладальнік паэт Віктар Шніп з вялікім густам, пачуццём замілавання да неўміручай паэзіі здолеў выбраць насамрэч лепшыя, найболей яркія творы класіка нацыянальнай літаратуры. Многія вершы чытаюцца як песні. Яны ж і ёсць сапраўды песні — мілагучныя, праніклівыя, шчырыя, пакладзеныя на музыку словы. І хаця кніга выдадзена ў мяккай вокладцы, усё адно яна надзвычай цёплая, прыцягальная, здольная выклікаць эстэтычную асалоду.

З такім зборнікам можна выпраўляцца ў дарогу, ехаць у камандзіроўку за межы Беларусі. Можна толькі падзякаваць «Мастацкай літаратуры» за ідэю масавага, адносна таннага выдання кнігі паэзіі і драматургіі народнага песняра.

Дарэчы, адкрываецца кніга вершам «Мая малітва»: «Я буду маліцца і сэрцам, і думамі, / Распетаю буду маліцца душой, / Каб чорныя долі з мяцеліцаў шумамі / Ўжо больш не шалелі над роднай зямлёй. / Я буду маліцца да яснага сонейка, / Няшчасных зімой саграваць сірацін, / Прыветна па збожных гуляючы гонейках, / Часцей заглядаці да цёмных хацін…»

А што да іншых кніжніцкіх планаў у дачыненні да юбілею Янкі Купалы, то ў «Мастацкай літаратуры» пабачыць свет кніга выбраных твораў класіка «Для тых, каго я люблю». А «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» выдасць асобным томам персанальную энцыклапедыю «Янка Купала». Прыйдуць да чытача і іншыя кніжныя навінкі, прысвечаныя Янку Купалу.

Сяргей ШЫЧКО

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.