Вы тут

Як вежа ранішняй расы


Пісьменнік, які адзначыў 70-годдзе, звычайна прыходзіць да гэтага юбілею з важкімі мастакоўскімі набыткамі. Пры ўмове, канечне, калі ён сапраўдны творца. Менавіта такім творцам і з’яўляецца паэт, празаік, дзіцячы пісьменнік, публіцыст Ганад Чарказян. На яго рахунку каля 30 кніг, сотні публікацый у перыёдыцы. Як кнігі, так і асобныя творы выдаюцца ў перакладзе на беларускую і рускую мовы, хоць і піша ён па-армянску і па-курдску.


Ды такі ўжо лёс мудрага, свабодалюбнага, гордага курдскага народа, які так і не змог набыць сваю дзяржаўнасць. Няма дзяржаўнасці — няма і газет, часопісаў, выдавецтваў. Таму і прыходзіць Ганад Чарказян да чытача ў перакладах. Затое гэта нязменнае свята для прыхільнікаў таленту Ганада Бадрыевіча. Яны даўно пераканаліся: тое, што напісана ім, заўсёды высокай мастацкасці, вабіць глыбінёй пранікнення ў жыццё.

Талент Г. Чарказяна па-ранейшаму яркі і жыццядайны, прагавіты да новых мастакоўскіх адкрыццяў. Жывучы, як і ўсе мы, у дні сённяшнім, смела ўглядаецца ў дзень заўтрашні. Разам з тым і азіраецца, каб высветліць, ці так жыў, як трэба, ці не схібіў у чымсьці па пакручастых сцяжынах лёсу. Многага дасягнуўшы, адначасова з’яўляецца жаданне звярнуцца да таго, што некалі, даўным-даўно, асвяціла цябе зыркім святлом, сагрэла ды так азарыла, што не забываецца, дый ніколі не забудзецца.

Здагадваецеся, пра што гаворка? Вядома ж, пра каханне.

Асабіста мне вельмі імпануе верш Г. Чарказяна «Берыван», змешчаны ў аднайменнай кнізе ягонай выбранай паэзіі. Гэты верш адначасова даў назву і аднаму з яе раздзелаў, у якім прадстаўлены творы, напісаныя паэтам у 1995 — 2015 гадах, але ў раней выдадзеныя Г. Чарказянам кнігі яны не ўваходзілі. Цяпер, сабраныя разам, вершы склалі кнігу. У гэтай кнігі (маю на ўвазе ўвесь аднатомнік) ёсць адна вызначальная рыса: яна цалкам пра каханне.

Мілае, цудоўнае жаночае імя — Берыван. За ім праглядваецца вобраз той, якая і на часавай адлегласці кліча да сябе. Яна прыходзіць да лірычнага героя ў сне і не дае яму спакою... Усяго адзін верш, але і яго дастаткова, каб упэўніцца, наколькі арыгінальны Г. Чарказян-паэт. Дарэчы, каб пераканацца, які ён цудоўны навеліст, хопіць апавядання «Белая вежа». У ім, як і ў шмат якіх сваіх празаічных творах, аўтар удала выкарыстоўвае элементы прытчы. Гэта дазваляе яму паспяхова вырашаць не толькі канкрэтныя мастакоўскія задачы. Не менш паспяхова робіць сур’ёзныя абагульненні як чалавечага быцця, так і ўдасканалення роду людскога, мадэлюючы ўнікальныя сітуацыі, калі адштурхоўвацца ад нейкага важнага зыходнага пункта. Ім у апавяданні «Белая вежа» з’яўляецца збудаванне. Спачатку, праўда, была плаціна. Яна ў апавяданні — яшчэ і ўвасабленне адзінства народаў, той маналіт, які збліжае і злучае іх. Адна цягам часу плаціна пачала разбурацца. А сярод народаў-сяброў з’явіліся рознагалоссі, чаму не маглі не радавацца «добразычліўцы» за мяжой.

Усё стала на сваё месца, калі пабудову вежы ўзначаліў Іскандэр. Прыняўшы ў свае рукі чароўны меч, ён шчыра прызнаецца супляменнікам: «Я хочу построить башню счастья, высокую, белую, как облака, чтобы с её высоты каждый мог взглянуть на родную страну, восхититься красотой её природы, трудолюбием её людей». Белая вежа — гэта і сімвал дзяржавы, у якой адбываецца дзеянне і якая называецца Белай краінай. Іскандэр, бачачы, як паспяхова завяршаецца будаўніцтва, не ўтрымліваецца, заўважае, што ўзводзіцца не проста Белая вежа, а «Башня Утренней росы». Гэтыя словы Іскандэра набываюць асабліва значны сэнс. Тое, пра што расказаў Г. Чарказян у гэтым творы, сугучна і памкненням беларускага народа. Белая вежа — гэта і сімвал, няхай сабе і не афіцыйны, Рэспублікі Беларусь. Дарэчы, імя Іскандэр па-беларуску гучыць як Аляксандр. Несумненна, што такое імя свайму герою пісьменнік узяў невыпадкова.

Паралелі з краінай, якая стала яго другой Радзімай, аўтар не можа не праводзіць. Ва ўспамінах «Незабыўны Пятрусь Броўка» прызнаецца: «Думаю, што ў маім жыцці мне пашанцавала па-сапраўднаму двойчы. Першы раз — калі сустрэўся з беларускай дзяўчынай, якая стала маёй жонкай. Другі — калі сустрэўся і пазнаёміўся з Петрусём Усцінавічам Броўкам». Пазней яму шмат дало знаёмства з Рыгорам Барадуліным, з кім пасябраваў, з Алегам Лойкам дый іншымі пісьменнікамі. Адбылося гэта невыпадкова. Чалавек шчыры, адкрыты, Ганад Бадрыевіч, як магніт, прыцягвае да сябе. Таму на давер хочацца адказаць даверам, на спагаду — спагадай.

Першая паэтычная кніга Г. Чарказяна «Прочность» (дарэчы, ён умее даваць сваім дзецішчам вельмі дакладныя, запамінальныя назвы: за «Прочностью» былі «Цвет доброты», «Пространство и время», «Обожжённые жаворонки» і г. д.) выйшла ў 1980 годзе. Блаславіў яе незадоўга да сваёй смерці П. Броўка. Разнасцежанасць душы Ганада Бадрыевіча прыцягвае да яго і многіх перакладчыкаў, сярод якіх Глеб Артханаў, Рыгор Барадулін, Казімір Камейша, Ала Канапелька, Барыс Крывялевіч, Валерый Ліпневіч, Уладзімір Марук, Мікола Мятліцкі, Валянцін Тарас, Фёдар Яфімаў…

Кніга «Прочность» пабачыла свет з прадмовай П. Броўкі. Пятрусь Усцінавіч пісаў: «Аптымістычнае светаадчуванне, свежасць і сіла пачуцця, глыбіня і самастойнасць думкі арыгінала пераканаўча, творча ўзноўлены на рускай мове маладым паэтам Валерыем Ліпневічам. Тут менавіта той выпадак, калі блізкасць паэтычных прынцыпаў аўтара і перакладчыка абумовілі з’яўленне арыгінальнай кнігі, якая будзе з цікавасцю сустрэта самым шырокім чытачом».

У сваіх спадзяваннях П. Броўка не памыліўся. На кнігу з’явілася некалькі водгукаў, усе не проста станоўчыя, а на дзіва добразычлівыя. З верай у талент Г. Чарказяна, са спадзяваннем, што малады паэт у далейшым парадуе новымі творчымі адкрыццямі. Так і адбылося ў сапраўднасці. Асабліва важкімі набыткі Г. Чарказяна-паэта сталі ў жанры чаргаві. У перакладзе з курдскай мовы гэта азначае «чатыры крокі». Адну са сваіх кніг ён так і назваў. У яе ўвайшло ажно 441 (калі я не памыліўся ў падліках) чатырохрадкоўе.

Гэтая кніга — як глыток чыстага горнага паветра. Яго ж ніколі шмат не бывае. Тое ж датычыць і апавяданняў. Філасафічнасць у іх — гэта мажлівасць убачыць, паказаць, раскрыць жыццё ў самых розных праявах. Аднак не толькі жыццёвасць, а значыць, і праўдзівасць вылучае празаічныя творы Г. Чарказяна. Шмат у якіх з іх моцны і філасофскі патэнцыял, асабліва ў тых апавяданнях, што па жанры набліжаюцца да прытчы. Глыбокі тэкст, шматзначны падтэкст у апавяданні «Ружы», галоўны герой якога дзед Грышка штодня палівае ружы, якія пры ўзвядзенні новага дома аказаліся поруч з катлаванам. Вартаўнік спачатку не разумее яго, але праходзіць час, і яны з дзіўным наведвальнікам знаходзяць агульную мову. Калі ж ён перастаў з’яўляцца, ідзе шукаць. Ад старой жанчыны даведваецца, што гэта быў дзед Грышка, а на месцы цяперашняга катлавана «фашысты знішчылі ўсю яго сям’ю, суседзяў за тое, што яны хавалі ў сябе хлопчыка-габрэя», а памёр дзед Грышка яшчэ дзесяць гадоў таму. Вартаўніку нічога не застаецца, як пагадзіцца з такім сцвярджэннем: «Можа быць, у нашым жыцці ўсё можа быць, і не толькі такое... Мы з вамі гэта добра ведаем... Як бы пражыць так, як жыў дзед Грышка? Каб з таго свету вярнуцца...»

Вяртанне дзеда Грышкі з небыцця — гэта вяртанне дабра, якое ён рабіў. Ён не мог не вярнуцца, бо быў перакананы, што «ўсе людзі могуць быць родзічамі», а калі ёсць такая ўпэўненасць, то з фізічнай смерцю чалавек не знікае, а здатны жыць сярод людзей, бо мусіць працягваць рабіць дабро, з якім жыў і без якога не ўяўляў сабе жыцця. Ружы, якія так любіў даглядаць дзед Грышка, — не толькі памяць пра тых, хто загінуў. Яны і ўвасабленне прыгажосці, а паколькі, як сцвярджаў класік, прыгажосць уратуе чалавецтва, то гэта і ўвасабленне самога чалавека, ягоных добрых памкненняў.

А калі хочаш жыць годна, то перадусім мусіш быць чалавекам.

Гэта меў на ўвазе і мудры Карахан, калі ў апавяданні «У гасцях» казаў свайму старэйшаму сыну: «Паслухай мяне, сынок, ты павінен гэта запомніць на ўсё жыццё: чалавекам трэба заставацца заўсёды. Як бы там ні было, што б ні здарылася. Калі ты з раніцы сустрэў некага і пажадаў яму дабра, значыць, і табе ад некага пяройдзе тое дабро. Усё ў жыцці ўзаемазвязанае... Каб атрымаць — трэба ўмець аддаваць...»

Упэўнена абжывае Г. Чарказян і жанр рамана, пра што засведчылі такія яго творы, як «Багряный закат», «Не умирай раньше смерти» (іншая назва — «Опередить смерть») і «Горький запах полыни». Пра кожны з гэтых раманаў можна гаварыць шмат: уражвае глыбокае веданне аўтарам жыцця пачынаючы ад глыбінных працэсаў сучаснасці і да ўнутранага свету канкрэтнага чалавека, якому, як кажуць, нішто чалавечае не чужое. Навідавоку філасофская напоўненасць усяго, пра што ён піша. І, канечне, нельга не адзначыць дынамізм дзеяння, часам такую закручанасць сюжэта, што не адарвацца. Але гэта не так званае лёгкае чытво, а глыбока псіхалагічная проза, у якой усё дасканала выверана. Г. Чарказян ні на хвіліну не забывае, што ўклаў у вусны героя першага са сваіх раманаў Андрэя Храбрага: «Па вялікім рахунку, ад кожнага пісьменніка застаецца нямнога. Тое сапраўды новае і выпакутаванае, што ён паказаў свету». Гэтым напоўнены і апошні па часе напісання раман пісьменніка, галоўны герой якога Глеб Беразовік прайшоў усе кругі афганскага пекла.

Раман «Горький запах полыни» — твор дынамічны. У кампазіцыйную пабудову яго ўкліньваюцца вострыя сюжэтныя павароты. Аднак, несумненна, гэта раман яркіх, запамінальных характараў, якія падаюцца Г. Чарказянам у залежнасці ад творчай задумы ці то ўзбуйнена, ці то эпізадычна. Тым не менш яны ў аднолькавай ступені запамінальныя, бо ва ўсім адчуваецца рука майстра, які кожны характар раскрывае так, што выразна бачыш чалавека з усімі ягонымі адметнасцямі. Пры гэтым пісьменнік дакладна перадае афганскі каларыт, з павагай ставіцца да тых традыцый афганскага народа, якія нельга не вітаць, але разам з тым праз успрыманне галоўнага героя твора не адмаўляе і мясцовых перажыткаў. «Горький запах полыни» — гэта твор, якога так неставала беларускай літаратуры. Не адмаўляючы значнасці ўсяго, што ўжо з’явілася на афганскую тэму, нельга не адзначыць, што Г. Чарказян закрануў такі аспект, на які раней калі і звярталася ўвага, дык як бы мімаходзь. Ніхто да яго так усебакова і праўдзіва не расказваў пра беларускіх юнакоў, якія, выконваючы свой інтэрнацыянальны абавязак у Афганістане, трапілі ў палон. Канечне, на дзіва праўдзіва ўсё гэта ўзноўлена ў знакамітым рамане Мікалая Чаргінца «Сыны». Але ў ім савецкія салдаты гінуць, падарваўшы ваенную базу. Гэта, безумоўна, подзвіг. Але іначай як подзвігам нельга ўспрымаць і жыццё Глеба Беразовіка сярод афганцаў. 18 гадоў, праведзеных сярод тых, хто дагэтуль бачыў у ім ворага, — гэта не толькі барацьба за выжыванне, імкненне прыстасавацца да новых, чужых абставін. Апроч усяго, гэта — і здатнасць не зганьбіць высокага імя грамадзяніна той краіны, у якой ён нарадзіўся і якой назаўсёды застаўся верны.

Ганад Чарказян, упэўнена працуючы ў розных жанрах, не навічок і ў дзіцячай літаратуры. З творамі для маленькіх ён рэгулярна выступае і ў перыядычным друку. Адметнасць мастакоўскага почырку гэтага знакамітага пісьменніка ў тым, што ён, добра ведаючы псіхалогію тых, для каго піша, стараецца размаўляць з дзецьмі як з дарослымі, а гэта значыць, што ніколі не апускаецца да голага маралізатарства, але, разам з тым, умее ў сваіх казках (а гэта любімы жанр Г. Чарказяна — дзіцячага пісьменніка) узнімаць важныя праблемы. Прытым ён глядзіць на навакольны свет, на насельнікаў яго вачыма тых, каму і адрасуе свае творы.

Напісанае Г. Чарказянам — свайго роду вежа ранішняй расы. На мацерыку сучаснай беларускай літаратуры яна — трывалае «збудаванне», якое пастаянна ўмацоўваецца, бо з’яўляюцца новыя творы таленавітага пісьменніка.

Алесь МАРЦІНОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».