Вы тут

Дэпутаты Гомельскага гарсавета з жыхарамі прыбралі дваровыя тэрыторыі


Уборку дваровых тэрыторый ініцыявалі, арганізавалі і правялі дэпутаты Гомельскага гарадскага Савета з падтрымкай адміністрацыі Савецкага раёна Гомеля.


18 дваровых тэрыторый, якія было складана ўбраць планава, прыбіралі разам з грамадскасцю. Дарэчы, удзельнічаць у грамадскай акцыі выйшлі і жыхары шматпавярховак. На заклік адазвалася каля 200 чалавек. Міхаіл Прус, дыр­эктар КЖРЭУП «Са­вецкае» і дэпутат гарсавета па сумяшчальніцтву, гаворыць, што выбралі самыя складаныя двары. Тыя, дзе ўтварылася шмат наледзі і сугробаў:

- Перш за ўсё мы імкнёмся абудзіць свядомасць нашых жыхароў і максімальна іх вывесці на гэта мерапрыемства. Калі яны вось так раз пазбіваюць лёд, меньш потым будуць пакідаць машыны на вуліцы. Дарэчы, з-за аўтамабіляў, якія пакрываюцца вялікай колькасцю снега, у дварах не можа праехаць тэхналагічны і спецыялізаваны транспарт.

Адначасова ў двары ідзе барацьба з ледзяшамі. Камунальшчыкі для гэтай мэты прыцягнулі чатыры спецыялізаваных машыны з вышкамі. Між тым, ініцыятыву падтрымалі і прадстаўнікі прадпрыемстваў усіх формаў уласнасці. Работнікі самых розных устаноў, арганізацый, медыкі, педагогі, банкіры, праваахоўнікі, гандляры выйшлі на вуліцы, каб з карысцю памахаць лапатай і ледарубам. У асноўным, снег чысцілі ля сваіх аб’ектаў. Дэпутат гарсавета Ала Рабіца - намеснік дырэктара Гомельскага дзяржаўнага прафесійнага шматпрофільнага ліцэя. Гаворыць, фізічная праца для яе - яшчэ і рэлаксацыя:

- Важна, каб выйшаў кожны чалавек і зрабіў добрую справу ў тым двары, дзе ён жыве, у месцы, дзе ён працуе. Калі бачыш вынікі сваёй працы – гэта заўсёды вельмі прыемна.

Савецкі раён Гомеля заўсёды быў прыкладам чысціні і добраўпарадкавання. Менавіта на яго заўсёды арыянтаваліся іншыя. Пра гэта сведчаць і перамогі ў адпаведных конкурсах на працягу апошніх 20 гадоў. Да таго ж, трэба апраўдваць назву, падкрэслівае дыр­эктар КЖРЭУП "Са­вецкае” Міхаіл Прус:

- Адна з добрых традыцый – гэта нашы суботнікі. Ведаеце, часта адносіны да камунальшчыкаў – некалькі зневажальныя. Паміж тым без камунальшчыкаў вельмі складана ўявіць любое грамадства. Мы прыбіраем, чысцім, спрабуем зрабіць, каб усім было ўтульна.

Дарэчы, тут жа прыпаркавалася спецыялізаваная машына Гомельскага інжынернага інстытута МНС Рэспублікі Беларусь. Яго студэнты тут калі і выратоўваюць, то толькі тых, хто крыху замёрз – разліваюць гарачую гарбату з вялікіх паходных тэрмасаў. Людзі робяць невялічкі перапынак, каб сагрэцца і перадахнуць, а потым зноў бяруцца за ледарубы.

Старшыня мясцовага жыллёвага кааператыва №4 Алена Герасімёнак кіруе ім на працягу 16 гадоў. Сама зараз з рыдлёўкай, а напярэдадні абыйшла ўсе кватэры ў сваёй шматпавярхоўцы, каб пераканаць выйсці папрацаваць на свежым паветры:

- Я добра ведаю як усіх сваіх жыхароў, так і іх машыны. Хаджу і персанальна ўсіх прашу, калі трэба прыбраць снег. Не ўсе, але адклікаюцца.

У гэты дзень ініцыятарам акцыі прыйшлося час ад часу звяртацца ў ДАІ – і прасіць персанальна апавясціць уладальнікаў асобных аўтамабіляў, што камунальшчыкі хочуць пачысціць снег каля іх машын – каб прыбралі хаця б на час. Да суботняй акцыі, між тым, прыцягнулі і камітэты тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання. Прыняць удзел у акцыі выйшлі прадстаўнікі дванаццаці з іх. Па прыблізных прыкідках, на вуліцы выйшла па 5-7 чалавек ад кожнага пад’езда.

- Гэта ўжо добра, - гаворыць дыр­эктар КЖРЭУП «Са­вецкае» Міхаіл Прус. – Мы ж прывезлі сюды поўны аўтамабіль дадатковага інвентара – дакладна на ўсіх хопіць. Толькі падключайцеся!

Ірына АСТАШКЕВІЧ

iost@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».