Вы тут

Дыскрымінацыя на рынку працы перастае быць жаночага роду


У той ці іншай меры дыскрымінацыя на рынку працы была заўсёды. Але цяпер, калі настаў час дыктату наймальніка, праблема асабліва актуальная. На днях гэтую вострую і адначасова не надта гучную тэму абмяркоўвалі ў бізнес-клубе IMAGURU.


 

Дзеці — прычына дыскрымінацыі

Часцей за ўсё дыскрымінацыі на рынку працы падвяргаюцца жанчыны. Пра гэта заявіла старшыня праўлення міжнароднага грамадскага аб'яднання “Гендарныя перспектывы" Ірына Альхоўка. У пацвярджэнне сваёй думкі яна прывяла такія аргументы: мужчыны занятыя ў найбольш высокааплатных галінах: транспарт, будаўніцтва, а жанчыны — ў бюджэтнай сферы: адукацыя, ахова здароўя.

Але нават працуючым у адной галіне мужчынам і жанчынам плацяць па-рознаму. Так, па дадзеных экспертаў, розніца паміж заробкамі мужчын і жанчын у сферы аховы здароўя складае 15% на карысць моцнага полу.

Але што стаіць за гэтай лічбай, эксперт не патлумачыла. Вядома, што зарплата ў медсястры німеншаяжэй, чым ва ўрача. Вось у гэтым, мабыць, і хаваецца прычына разрыву. Напрыклад, стаўка ўрача-хірурга ўсё ж такі залежыць ад кваліфікацыйнай катэгорыі, а не ад полу. Іншае пытанне, што лекар-мужчына будзе браць больш дзяжурстваў, падпрацовак, каб забяспечыць сям'ю.

Таксама Ірына Альхоўка адзначыла, што ад гвалту ў сям'і часцей за ўсё пакутуюць жанчыны, у якіх няма працы, а няма яе таму, што ў іх ёсць дзеці.

Дзеці — тыя, якія ўжо ёсць і тыя, якія толькі плануюцца,  — асноўная прычына, з-за якой жанчыны падвяргаюцца дыскрымінацыі пры працаўладкаванні. Эксперт расказала, што падчас разммовы пры прыёме на работу лічыцца звычайным задаваць асабістыя пытанні: ёсць дзеці ці няма іх, ці плануеце заводзіць дзяцей у бліжэйшы час? Так атрымалі распаўсюджанне «стрэс-сумоўі», калі задаюць не проста нязручныя пытанні, а непрыстойныя.

Між тым жанчыны ўсё гэта церпяць, каб не патрапіць у «чорны спіс» працадаўцаў. Ва ўсякім разе, невядомыя факты зваротаў у Генпракуратуру, суд, калі наймальнік (дзеючы або патэнцыйны) ўрываецца ў асабістую прастору работніка. Дарэчы, у кантрактах і працоўных дагаворах звычайна прапісваецца норма аб неўмяшанні наймальніка ў прыватнае жыццё і павагу асабістых добрых якасцяў работніка.

Ірына Альхоўка адзначыла, што маюць месца факты, калі наймальнік адмаўляецца перавесці жанчыну на больш лёгкую працу ў сувязі з цяжарнасцю, матывуючы адсутнасцю магчымасці.

Прынамсі, тое, што маці дашкольнікаў нязручныя работнікі, а жанчыны фертыльнага ўзросту патэнцыйна непажаданыя даўно вядома, але ў пытанні аб дыскрымінацыі бацькоў з'явіўся і новы трэнд. “Гендарнай перспектыве” вядомы факты, калі ў адпачынак па доглядзе за дзіцем хацелі пайсці мужчыны, бо заканадаўствам гэта не забаронена. Аднак мужчыны сутыкнуліся з кпінамі калегаў, а некаторых наймальнікі дык і зусім не адпусцілі.

Падчас выступлення эксперта нічога не было сказана пра тых жанчын, якія ўсё-такі здольныя ўтрымліваць сябе, дзяцей, а часам і мужа, які знаходзіцца ў працяглым «пошуку дастойнай працы». Гэтыя жанчыны таксама сутыкаюцца на працы з кпінамі — «шчыруе, як мужык», ім таксама нялёгка знайсці высокааплатную працу, таму што ў грамадстве яшчэ моцны стэрэатып: маўляў, кабета павінна зарабляць толькі сабе «на шпількі».

Ад сямейнага гвалту пакутуюць і мужчыны. Паводле дадзеных ананімнага апытання, праведзенага ў 2014 годзе Фондам ААН у галіне народанасельніцтва (ЮНФПА) у Беларусі, 75,6% апытаных мужчын адчувалі псіхалагічны гвалт у сям'і, 27,9% — эканамічны. Але гэту тэму эксперт таксама абышла сваёй увагай.

Узрост — тормаз для працаўладкавання

Тое, што дыскрымінацыя на рынку працы перастае быць жаночага роду, пацвердзіла дырэктар РАБОТА.TUT.BY Святлана Шапорава. Яна паведаміла, што згодна з даследаваннямі РАБОТА.TUT.BY, мужчыны (44%) і жанчыны (40,5%) ў аднолькавай ступені падвяргаюцца дыскрымінацыі па ўзросту. У першую чаргу гэта датычыцца работнікаў перадпенсійнага ўзросту, але не менш складанасцяў узнікае і ў моладзі з атрыманнем першага працоўнага месца.

Таксама 3,2% мужчын, якія удзельнічалі ў даследаванні, лічаць, што яны падвергліся дыскрымінацыі па палавой прыкмеце, таму што наймальнікі палічылі за лепшае прыняць на працу жанчын, 2,4% — сутыкнуліся на рабоце з сексуальнымі дамаганнямі, 1,6% мужчын хацелі пайсціці ў адпачынак па доглядзе за дзіцем, але працадаўцы адмовілі.

Мужчыны не звярталіся ў суд або пракуратуру з нагоды дыскрымінацыі на працы. Аднак эксперты адзначаюць, што жанчына будзе да апошняга «трымацца» за працоўнае месца, мужчыны значна часцей мяняюць работу таму, што іх не задавальняе ранейшая.

Як перамагчы страхі наймальніка

Кансультацыйны партнёр кансалтынгавай кампаніі «Ключавыя рашэнні», выкладчык бізнес-школы ІПМ, кансультант і трэнер праграмы «Жанчыны ў бізнесе» Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця, HR-эксперт Ганна Агашкова расказала, чаго баяцца наймальнікі, калі на вакансію прэтэндуе жанчына.

Самы галоўны страх — хутка пойдзе ў дэкрэт. Далей працадаўца асцерагаецца, што жанчына будзе ўкладаць усе сілы ў пошук мужа, а не ў працу. Трэці страх — высокая эмацыйнасць і нізкая трываласць. І ў апошнюю чаргу наймальніка турбуе тое, што жанчына будзе часта браць бюлетэнь.

Што ж раіць эксперт жанчынам для стварэння спрыяльнага ўражання на наймальніка? Першая парада носіць глабальны характар: навесці парадак у сваёй галаве і жыцці. Прасцей кажучы, вызначыць каштоўнасці і матывы, ролю, свае моцныя і слабыя бакі, скласці план асабістага развіцця. Затым пераход да канкрэтыкі: спланаваць свою кар'еру на 10 гадоў, вызначыць, калі ў сям’і з’явяцца дзеці, а калі яны ёсць – які алгарытм дзеянняў у выпадку хваробы дзяцей. Наступны крок: скласці якаснае рэзюме і суправаджальны ліст. Паглядзець «збоку» на свой профіль у сацыяльных сетках і “пачысціць” яго.

Атрымаўшы запрашэнне на сумоўе, трэба добра падрыхтавацца да правядзення самапрэзентацыі: расказаць пра свае дасягненні і моцныя бакі, прадэманстраваць падкаванасць у прафесіі, акцэнтаваць увагу на сваёй актыўнасці і прыхільнасці да здаровага ладу жыцця, а таксама не забыцца пра дзелавы стыль адзення.

Эксперт падкрэсліла, што асабіста яна не сутыкалася з дыскрымінацыяй па полу пры прыёме на працу. «У нашых сілах ісці туды, дзе забыліся на дзікія прынцыпы, ісці туды, дзе нармальныя, цывілізаваныя наймальнікі». Але вось як распазнаць цывілізаванага наймальніка на этапе прагляду вакансіі і сумоўя Ганна Агашкова, на жаль, не расказала.

Гэта важна ведаць!

Арт. 14 Працоўнага кодэкса Беларусі

«Дыскрымінацыя, гэта абмежаванне ў працоўных правах або атрыманне якіх-небудзь пераваг у залежнасці ад полу, расы, нацыянальнага і сацыяльнага паходжання, мовы, рэлігійных ці палітычных перакананняў, удзелу ці няўдзелу ў прафсаюзах і іншых грамадскіх аб'яднаннях, маёмаснага або службовага становішча, узросту , месца жыхарства, недахопаў фізічнага або псіхічнага характару, якія не перашкаджаюць выкананню адпаведных працоўных абавязкаў, іншых абставінаў, якія не звязан з дзелавымі якасцямі і не абумоўлены спецыфікай працоўнай функцыі работніка, забараняецца».

Аксана ЯНОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».