Вы тут

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»


У штотыднёвым спартыўным аглядзе «Звязды» расказваем пра сярэбраны поспех маладзёжнай зборнай па індархакеі на кантынентальным першынстве і пра вынікі чарговага этапу Кубка свету па біятлоне.


1. Жаночая зборная Беларусі (U-21) па індархакеі стала сярэбраным прызёрам чэмпіянату Еўропы, які завяршыўся ў Вене. У фінале нашы хакеісткі сустрэліся з саперніцамі з Чэхіі і саступілі 1:2 у серыі штрафных кідкоў (асноўны час гульні завяршыўся з лікам 1:1).

На папярэднім этапе беларускі абыгралі саперніц з Польшчы (3:0) і Аўстрыі (6:1). Унічыю скончылася гульня з камандай Швейцарыі (2:2). У паўфінале беларускі гулялі з расіянкамі і перамаглі з лікам 11:2.

Нагадаем, што за тыдзень да гэтага мужчынская маладзёжная зборная Беларусі па індархакеі (U-21) заняла на чэмпіянаце Еўропы чацвёртае месца.


2. Шосты біятлонны этап Кубка свету ў італьянскім Антхольцы завяршыўся жаночай эстафетай, дзе першы радок п'едэстала заняла зборная Германіі, другое месца ў біятланістак Францыі, бронзавымі прызёрамі сталі італьянкі. Зборная Беларусі заняла шостае месца. За нашу каманду выступіла Надзея Скардзіна, Ірына Крыўко, Надзея Пісарава і Дар'я Домрачава.

Раней беларуская мужчынская каманда заняла 17-е месца ў эстафеце. Перамогу там атрымала каманда Германіі.

Адзначым, што этап Кубка свету ў Антхольцы стаў для беларускай каманды важнай часткай падрыхтоўкі да чэмпіянату свету па біятлоне, які з 9 па 19 лютага прыме аўстрыйскі Хохфільцэн.


3. Беларускія тэнісісты завяршылі выступленні на адкрытым чэмпіянаце Аўстраліі ў Мельбурне. У спаборніцтвах мужчынскіх пар беларус Аляксандр Буры і Паола Ларэнці з Італіі ў 1/32 фіналу саступілі Равену Класэну (ПАР) і Раджыву Раму (ЗША). У жаночым адзіночным разрадзе Australіan Open Аляксандра Сасновіч паспяхова пераадолела тры кваліфікацыйныя бар'еры, а ў стартавым паядынку асноўнай сеткі прайграла кітайскай тэнісістцы Чжан Шуай. Яшчэ тры беларускія тэнісісткі Арына Сабаленка, Вольга Гаварцова і Вера Лапко не змаглі прабіцца ў асноўны турнір. Такая ж доля ў мужчынскім адзіночным разрадзе напаткала беларусаў Уладзіміра Ігнаціка і Ілью Івашка.

Апошнім з беларусаў скончыў выступленне ветэран Максім Мірны. Ён разам з кітаянкай Хао-Чынг Чан у першым раўндзе спаборніцтваў змешаных пар саступіў інтэрнацыянальнаму тандэму Дар'я Юрак (Харватыя)/Жан-Жульен Раер (Нідэрланды).

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

lobazhevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Не дацягнуліся да «золата»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».