Вы тут

Урач — пра «грымасы» жыцця, доўгія ногі і 40-кілаграмовага сома


За свае 36 гадоў работы ў траўматалогіі Васіль Калугін якіх толькі пацыентаў не бачыў. Даводзілася літаральна вяртаць людзей з таго свету і збіраць па костачках. Шмат хто з іх менавіта дзякуючы Калугіну сёння працягвае жыць. Ён жа сціпла кажа, што проста любіць сваю прафесію. А любоў гэта ў яго патомная. Бабуля была фельчарам, дзядзька — доктар медыцынскіх навук, прафесар. Таму і ён медыцыну выбраў асэнсавана, яшчэ ў школе. А вось на рашэнне стаць траўматолагам паўплывала 6-я клінічная бальніца Мінска, дзе будучы ўрач падпрацоўваў. «У нас там былі вельмі цікавыя настаўнікі, пазітыўна ставіліся да студэнтаў. З майго курса наогул шмат хто стаў траўматолагам. Менавіта 6-я клінічная паспрыяла. І за ўсё жыццё ні разу не пашкадаваў аб сваім выбары», — кажа загадчык аддзялення траўматалогіі Магілёўскай гарадской бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі Васіль Калугін. Сёння ён дзеліцца з чытачамі «Звязды» некаторымі асаблівасцямі сваёй прафесіі.


Ачуўся — гіпс

У аддзяленні каго толькі не ставяць на ногі. Яшчэ нядаўна чвэрць пацыентаў складалі менавіта ахвяры дарожных здарэнняў. Цяпер лічба знізілася да 20%. Адчуваецца, што ў краіне да парушальнікаў істотна ўзмацніліся патрабаванні. Плюс работа на месцах. У Магілёве, напрыклад, практыкуюцца экскурсіі ў гарадскую траўматалогію. Некалькі разоў у год супрацоўнікі ДАІ прыводзяць сюды курсантаў перад тым, як уручыць ім пасведчанні аўтамабіліста. Сустрэчы адбываюцца, вядома ж, са згоды саміх пацыентаў.

— Хворыя разумеюць, што для будучых аўтааматараў іх прыклады лепш за іншыя наглядныя дапаможнікі. Адзін іх выгляд дзейнічае пераканаўча, — запэўнівае Васіль Калугін. — Аднойчы ў палаце сабралася адразу шэсць такіх бедалаг. Адзін ехаў на матацыкле, нічога не парушаў, але яго збіў аўтамабіль і ён атрымаў цяжкія траўмы. Яшчэ адзін купіў аўто, разам з сябрам гэта адзначыў і — паехалі катацца. Машына перавярнулася, адзін трапіў у нейрахірургію, другі да нас. Быў таксама нецвярозы пешаход, які не размінуўся з аўтамабілем, калі пераходзіў вуліцу. Адным словам, класіка жанру. Усе шчыра пра свае няшчасці расказалі. Лячыцца ж у нас цяжка і маральна, і фізічна. Яшчэ ўчора чалавек быў здаровы, а раптам прыкаваны да ложка. Пасля аварый людзі паступаюць да нас з мноствам траўмаў, пераносяць вялікую колькасць аперацый. Аднаму зрабілі аж 9, але ўсё ж такі паставілі на ногі.

— Па міліцэйскай статыстыцы шмат людзей атрымлівае траўмы ў сямейных скандалах. Яны ж таксама вашы пацыенты?

— Так. Невялікае раздражненне, якое назапасілася ў сям'і, падагрэтае віном, прыводзіць да біцця шкла, а то і наогул дэманстратыўнага кроку з балкона. Бываюць траўмы параўнальна лёгкія, але часта — вельмі цяжкія, з пашкоджаннем сасудаў. Падаюць з вышыні, з моста, сканчаюць самагубствам — у месяц адзін-два такія чалавекі да нас трапляе. Часам бядзе садзейнічае псіхічнае захворванне. У чалавека раптоўна ўзнікае манія, што ён вінаваты ва ўсіх няшчасцях і з'яўляецца абузай для блізкіх. У нас была жанчына, якая тройчы спрабавала налажыць на сябе рукі, выкідвалася з акна, мы яе лячылі, аперыравалі, ставілі на ногі, а цераз год яна зноў вярталася да нас. Чацвёртая яе спроба была «паспяховай».

— А якія яшчэ «экстрэмальныя» пацыенты да вас траплялі?

— Бываюць ахвяры армрэслінгу ў стане алкагольнага ап'янення. За год дзясятак такіх аматараў стабільна паступае да нас з пераломамі пляча. А яшчэ сустракаюцца ратавальнікі катоў. Яны лезуць на дрэва зняць жывёлу, яна ж кусае і ўцякае. А вызваліцель трапляе да нас на прышчэпкі ад шаленства. Бываюць ахвяры высокіх абцасаў. Надзелі «шпілечку», крыху выпілі віна, няўпэўненая хада і — як следства — пералом галёнкаступнёвага сустава і некалькі месяцаў пасцельнага рэжыму. Была справа — паляўнічага ратавалі. Прывезлі мужчыну з палявання з вялікімі ранамі на двух галёнках, на сцёгнах, з адарванымі пальцамі. Кабан-сякач ледзь яго не забіў, добра сябра не разгубіўся — застрэліў раз'юшанага звера. А вось мужчыну не салодка прыйшлося. Паўтары гадзіны зашывалі яму раны.

— Прыгадайце самы жахлівы выпадак з вашай практыкі?

— Гэта адбылося на першым годзе маёй работы. Разбіўся аўтобус, і да нас у аддзяленне паступіла маладая жанчына з мноствам пераломаў, у коме. Мы яе аперыравалі, яна доўга была непрытомная, але ж потым паправілася.

— А якая аперацыя была самай працяглай па часе?

— Аднойчы амаль бесперапынна аперыраваў 14 гадзін запар. Спачатку выконваў дзённыя аперацыі, потым заступіў на дзяжурства і працягваў аперыраваць. Перамываўся і браўся за чарговага пацыента. А самая доўгая аперацыя — пералом таза — ішла тры гадзіны.

Дыягназ па хадзе, доўгія ногі і чым пагражаюць костачкі

Чула, што артапеды і траўматолагі могуць паставіць дыягназ нават па хадзе. Васіль Калугін усміхаецца, але пацвярджае.

— Пры шэрагу паталогій сустава сапраўды з'яўляецца характэрная паходка. Вопытны траўматолаг можа вызначыць, што чалавек пакутуе на хваробу каленнага або тазасцегнавога сустава. Вельмі характэрная паходка была ў Чарлі Чапліна, якой усе захапляліся і нават капіявалі. А чалавек пакутаваў на двухбаковы вывіх сцягна — дысплазію тазасцегнавога сустава. Зіновій Гердт, які перанёс раненне каленнага сустава, таксама не хаваў свой дэфект. І гэта нават прыдавала яму нейкі шарм. Яго Панікоўскага запомнілі ўсе.

— А калі чалавек не задаволены сваімі нагамі і наогул паходкай, можна нешта змяніць?

— Ёсць цэлы раздзел траўматалогіі і артапедыі, прысвечаны гэтаму. Доктар Арцем'еў з Масквы займаецца ліквідацыяй х- або у-падобнай дэфармацыяй галёнкі. Жанчыны часта наконт гэтага камплексуюць. Наш паважаны калега напісаў нават манаграфію пра ліквідацыю такіх дэфармацый. Пры лячэнні ён вельмі шырока прымяняе метад Ілізарава. Дарэчы, Ілізараў падоўжыў чалавека на 52 сантыметры. У чалавека была генетычная анамалія — торс нармальны, а канечнасці вельмі кароткія.

— У Магілёве такія аперацыі практыкуюцца?

— Калі ёсць жаданне, можам зрабіць. Пакуль мы ліквідавалі наступствы ўсякіх траўмаў, у выніку якіх нага станавілася карацейшай. Адразу папярэджу — працэс доўгі. Апарат Ілізарава дазваляе падаўжаць рост на 1 міліметр за суткі. І гэты тэрмін трэба яшчэ множыць на 3 — неабходны час для таго, каб костка ўмацавалася. Чалавеку робяць пералом, укладваюць у апарат Ілізарава і потым на міліметр у суткі расцягваюць нервы, сухажыллі, сасуды. Каб вырасці на 5 сантыметраў спатрэбіцца паўгода. Чалавек пры гэтым застаецца на нагах, ходзіць, рухаецца.

— Жанчыны часта пакутуюць на костачкі. Падабраць абутак для дэфармаванай стапы — праблема...

— Цераз наша аддзяленне за год праходзіць прыкладна 10 такіх хворых. Гэта называецца вальгусная дэфармацыя першых пальцаў. Часцей, сапраўды, пакутуюць жанчыны. Сёння прапануецца шэраг аператыўных умяшанняў. Яны ў нас выконваюцца на самым сучасным узроўні.

— А ці трэба наогул ліквідаваць гэтую костачку?

— Трэба ўлічваць узрост чалавека, яго прафесію, ступень дэфармацыі. Наогул стапа мае вельмі важнае значэнне, яна выконвае функцыю рысоры, калі параўноўваць з аўтамабілем. Калі амартызацыя стоп у вас парушана, будуць пакутаваць каленныя і тазасцегнавыя суставы, пазваночнік. Костачкі — спрошчанае разуменне дэфармацыі стоп. Калі ёсць плоскаступнёвасць і стапа не выконвае сваю функцыю, пачынаецца дэфармацыя пальцаў.

— А што рабіць, каб папярэдзіць скаліёз? Сёння гэта самая распаўсюджаная хвароба сярод школьнікаў.

— Дарэчы, скаліёз бывае спадчынны і набыты. І для дзяцей, і для дарослых доўгае знаходжанне каля камп'ютара прыносіць шмат шкоды. Зніжаецца фізічная актыўнасць, чалавек сядзіць у змушанай позе, прагрэсіруюць астэахандроз, радыкуліты, ідзе нагрузка на зрок. Трэба загружаць пазваночнік — шмат хадзіць, плаваць, часцей бываць на прыродзе.

Пра міжнародны вопыт, замежных пацыентаў і занятак для душы

Ва­сіль Ка­лу­гін і 36-кілаграмовы сом, які быў злоўлены на Днепры.

У кабінеце ўрача на сцяне сертыфікаты ўдзельніка міжнародных кангрэсаў, патэнт на вынаходніцтва. Васіль Калугін перахоплівае мой цікаўны погляд і тлумачыць:

— Дзесяць гадоў таму быў на міжнародным кангрэсе ў Ізраілі. Мне пашчасціла двойчы трапіць на гэтыя курсы. Асацыяцыя нарадзілася ў Швейцарыі яшчэ да вайны. Група траўматолагаў з Аўстрыі, Германіі і Швейцарыі была не задаволена вынікамі лячэння пераломаў, і стварылі групу, куды прыцягнулі самых перадавых спецыялістаў. Традыцыя распаўсюджваць перадавы вопыт захоўваецца дагэтуль. Дзесяць гадоў таму яны сталі выязджаць вучыць у Расію. Можа, калісьці і да нас прыедуць. На кангрэсе ў Ізраілі з беларусаў было ўсяго 5 урачоў: трое мінчан і 2 — з Магілёва. Шмат чаго можна было пачарпнуць карыснага. Гэта новыя падыходы для аператыўнага лячэння пераломаў. Новыя паказанні, новыя тэхналогіі, новая фіксатары.

— У якіх-небудзь замежных клініках даводзілася бываць?

— Быў у клініках Польшчы, Германіі, Ізраіля. У Ізраілі, дарэчы, трэцяя частка ўрачоў — выхадцы з СССР, шмат хто працуе ў якасці кіраўнікоў клінік. Лічыцца, што яны вельмі добра падрыхтаваныя, таму і займаюць перадавыя пазіцыі. Але параўнаць нашу работу з іхняй немагчыма. Яны робяць больш экстранных аперацый, працуюць больш інтэнсіўна. Гэта звязана з фінансаваннем і аплатай. Доктару за кожную аперацыю налічваецца бонус. Усе пацыенты застрахаваныя, клініка атрымлівае ўсе неабходныя грошы. І схема навучання ўрачоў іншая. Выдзяляецца 2 тысячы долараў, і ўрач можа ехаць, куды пажадае, вучыцца той тэме, якая яму цікавая. Потым вяртаецца і ўкараняе свае веды ў работу клінікі.

— Наколькі добра ўзброеная беларуская траўматалогія?

— Усё вельмі хутка рухаецца наперад. Калі 10—15 гадоў таму інтэрлокінг (тэхналогія лячэння пры пераломах, калі не выкарыстоўваецца гіпс) быў навінкай, і мы яе аднымі з першых сталі выкарыстоўваць, то сёння гэта самая банальная аперацыя. Калі ёсць абсталяванне, можна выкарыстоўваць любыя найноўшыя тэхналогіі.

— А патэнт за што атрымалі?

— Сумесна з Гродзенскім медыцынскім інстытутам прапанавалі новы варыянт лячэння пераломаў — апарат знешняй фіксацыі. Мы заклалі некалькі іншы прынцып, які дазваляе хутка накладваць шыну і ліквідаваць дэфармацыі.

— Замежнікі ахвотна карыстаюцца паслугамі вашага аддзялення?

— Сёлета мы зрабілі планавыя аперацыі двум пацыентам з Туркменістана, па адным — з Украіны і Расіі. Яны самі на нас выходзілі, знаёміліся з прэйскурантам, падпісвалі дагавор і лячыліся.

— Работа ў вас цяжкая, патрабуе вялікага нервовага напружання. На чым адводзіце душу?

— Раней захапляўся паляваннем і рыбалкай, але апошнім часам раззброіўся. Езджу толькі на рыбалку — на Волгу, пскоўскія азёры, на Днепр. Для мяне гэта добры адпачынак з сябрамі, зносіны з прыродай, змена занятку. Аднойчы 36-кілаграмовага сома злавіў на Дняпры. Пакуль цягнуў рыбіну з вады, напарнік кіраваў лодкай. Паўгадзіны змагаліся. Усё адбылося прыкладна а 6-й гадзіне раніцы. Першым рыбу ўбачыў 5-гадовы хлопчык, які спытаўся: «Дзядзя Вася, а што гэта?» Вельмі ўразіўся яе выглядам і пабег будзіць тату. Пасля гэтага прачнуўся ўвесь наш лагер — 25 чалавек. Палову рыбіны завезлі ў Быхаў, завэндзілі, а пярэднюю частку адразу ж «прыгаварылі» на месцы. Калі раз'язджаліся па дамах, ад рыбы нічога не засталося. З галавы хацеў зрабіць пудзіла, але прапусціў час і яна сапсавалася ў халадзільніку. Трэба было ўзяць шпрыц і добра насыціць яе 40%-м фармалінам. Але, напэўна, не суджана было. значыць, яшчэ аднаго сома злаўлю, магчыма, яшчэ большага.

Нэлі ЗІГУЛЯ

zіgulya@zvіazda.by

Загаловак у газеце: На экскурсію ў... траўматалогію

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.