Вы тут

Беларусы павязуць на «Еўрабачанне-2017» песню на роднай мове


20 студзеня інтрыга беларускага адбору на «Еўрабачанне-2017» завяршылася — 13 фіналістаў выступілі жыўцом у прамым эфіры, а гледачы і журы паслядоўна зрабілі выбар, хто ім (і пажадана Еўропе) даспадобы. Словам, усё як звычайна, калі б не адно вялікае «але». Меркаванні публікі і суддзяў разышліся ледзь не кардынальна.


Лідары глядацкага галасавання дуэт «Proвокация» атрымалі 9238 галасоў (а значыць, 12 балаў), на другім і трэцім месцы апынуліся праекты Napolі і ИЮЛЬ з 7271 і 7078 галасамі — 10 і 8 балаў адпаведна, таксама ў топ-5 увайшлі Анастасія Шэвярэнка (5361 голас) і NAVІBAND (3626). А вось прафесійнае журы на чале з салістам ансамбля «Беларускія песняры» Валерыем Дайнекам расставіла спіс прыярытэтаў зусім інакш: 12 балаў — NAVІBAND, 10 — Nutekі, 8 — Іsaac Nіghtіngale, 7 і 6 атрымалі Мікіта Ходас і Анастасія Шэвярэнка, у той час як лідарам версіі гледачоў дасталіся 0, 2 і 1. Праз няхітрую арыфметыку складання галасоў тэлегледачоў і журы пераможцамі сталі Арцём Лук'яненка і Ксенія Жук з NAVІBAND. І — уявіце сабе, цуды здараюцца! — упершыню за 14 гадоў удзелу ў «Еўрабачанні» беларусы, нарэшце, прадставяць на конкурс песню на роднай мове. Прынамсі, як запэўнілі самі вакалісты і аўтары, «мы не дабавім ніводнага слоўца на англійскай». Дарэчы, гурт NAVІBAND тройчы падаваў заяўку на нацыянальны адбор да «Еўрабачання», і другі раз стаў фіналістам адбору, прычым кожны раз — менавіта з беларускамоўнымі кампазіцыямі.

Што цікава, напярэдадні фіналу Белтэлерадыёкампанія зладзіла галасаванне міжнароднага журы — свае ацэнкі прэтэндэнтам выстаўлялі музычныя эксперты з 9 краін: Арменіі, Аўстраліі, Балгарыі, Грэцыі, Ізраіля, Італіі, Мальты, Польшчы і Украіны. У выніку менавіта гурт NAVІBAND атрымаў найбольшую колькасць балаў.

Пасля перамогі Арцём і Ксенія, якія ад радасці выпадкова разбілі свой прыз — стылізаванае шкляное сэрца,  эмацыянальна падзякавалі прыхільнікам за падтрымку: «Гэта неверагодна! Без вас не было б нічога, не было б нашай музыкі. Вы нас натхняеце, мы будзем ісці далей, таму наперадзе шмат цікавага». Музыканты расказалі, што не плануюць мяняць песню на іншую, затое абавязкова хочуць пакінуць этнічны складальнік у сцэнічных касцюмах.

Маладому гурту — калектыў існуе крыху больш за 3 гады — упершыню за доўгі час удалося выклікаць станоўчае ўражанне і ў калег па цэху — музыкаў, і ў міжнародных аглядальнікаў, і ў вялікай часткі патэнцыйнай аўдыторыі. Калі ж хто ўпікне іх вынікамі глядацкага галасавання — маўляў, гледачы ж не падтрымалі — дык давайце будзем шчырымі: далёка не ўся Беларусь сядзела ў мінулую пятніцу каля экранаў і перажывала за тое, хто паедзе ад нас на «Еўрабачанне». Наогул, агульны лік галасоў, атрыманых сёлета фіналістамі, — 40 700. Гэта крыху менш за насельніцтва Ваўкавыска ці Калінкавічаў, або, скажам, разам узятыя жыхары Мар'інай Горкі і Паставаў. Што, зрэшты, ніколькі не прыніжае поспеху гурта і радасці слухачоў, якім не ўсё роўна, хто і як прадставіць Беларусь. Да ліку апошніх належу і я, таму шчыра віншую NAVІBAND з перамогай у нацыянальным адборы і жадаю ім удачы на 62-м міжнародным конкурсе песні «Еўрабачанне», які пройдзе сёлета ў Кіеве з 9 па 13 мая.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

tselyashuk@zviazda.by

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Гэта будзе ўпершыню!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?