Вы тут

Калі ў пашане талерантнасць...


Вынікі літаратурнага года — гэта, як правіла, пералік адметных выданняў ці вартых увагі літаратурна-мастацкіх публікацый. Больш глабальнае асэнсаванне здабыткаў магчымае падчас вызначэння намінантаў і лаўрэатаў літаратурных прэмій. Вядомыя крытыкі — асобы, дастаткова ўплывовыя ў гэтых справах, але самі па сабе набыткі літаратурнай крытыкі застаюцца ў глыбокім цені. Па-першае, таму, што зборнікі крытычных артыкулаў выдаюцца гады ў рады (а няма кнігі — няма і падагульнення), па-другое, таму, што крытыцы адводзіцца другараднае месца ў літаратурным працэсе. Зрэшты, выправіць сітуацыю ніколі не позна, тым больш што становішча айчыннай літкрытыкі — адна з самых вострых тэм на працягу апошніх гадоў.


Крытыку часта называюць служкай літаратуры — і гэта вызначэнне падаецца вельмі слушным тут і цяпер. Ніякі род ці жанр літаратуры не атрымлівае столькі папрокаў, нараканняў і заўваг, як літаратурная крытыка. Ёй бракуе многіх істотных якасцей, яна не выконвае шэраг значных абавязкаў, і ўвогуле айчыннай крытыцы даўно трэба стаць больш самавітай, прадстаўнічай ды ўплывовай, але цуд чамусьці не адбываецца.

Канстатацыя крызісу беларускай крытыкі — агульнае месца ў разважаннях пра сучасную літаратурную сітуацыю. Пра гэта выразна сведчаць загалоўкі адпаведных публікацый (Ірына Шаўлякова «Рэпутацыя пасля (аўта)дыскваліфікацыі. Беларуская літаратурная крытыка 2000-х», Пятро Васючэнка «Крытык у адсутнасці чытача і чытач у адсутнасці крытыка» ды інш.). Тым не менш існуе каля дзясятка перыядычных выданняў, дзе рэгулярна друкуюцца новыя тэксты, прысвечаныя бягучаму літаратурнаму працэсу. Што ёсць і чаго няма ў сучаснай беларускай крытыцы? Нагода для роздуму — публікацыі часопісаў «Полымя», «Нёман» і «Маладосць» за 2014 — 2016 гг.

Nota bene

Ці не самыя цікавыя матэрыялы, прысвечаныя сучаснай літаратуры, — дыскусіі, якія адбыліся ў часопісе «Полымя». Удзельнікі першага абмеркавання разважалі пра стан дзіцячай літаратуры («Экстрэмальна небяспечны занятак», № 12, 2014). Нагодай для дыскусіі «Не размінуцца з Атлантыдай класікі...» (№№ 1 — 4, 2015) сталі вынікі акцыі «Топ-10 любімых твораў беларускай класікі». Удзельнікі абмеркавання звярнулі асаблівую ўвагу на такія праблемы, як канкурэнцыя паміж камп’ютарам і кнігай, пашырэнне масавай культуры, неабходнасць больш эфектыўнай прамоўцыі айчынных кніжных выданняў. Адказы Людмілы Сіньковай, Аксаны Бязлепкінай, Пятра Васючэнкі можна разглядаць як асобныя праблемныя артыкулы — менавіта публікацыі гэтага жанру лічацца «красой і сілай» літаратурнай крытыкі.

 Сярод праблемных артыкулаў, дзе аналізуюцца тэндэнцыі сучаснай літаратуры, — публікацыі Ірыны Шаўляковай «Эпоха “амаль”» («Маладосць» № 8, 2015) і «Мастацкая самаідэнтыфікацыя» («Маладосць № 9, 2015), Анатоля Андрэева «Выспы Архіпелага N» («Нёман» № 1, 2016), Андрэя Захарэўскага «Хвалі вады і языкі полымя» («Маладосць» № 10, 2016).

Сустракаюцца ў часопісах і тэксты, прысвечаныя дынаміцы развіцця асобных жанраў. Іван Саверчанка ў артыкуле «Сінкрэтызм як мастацкі стыль і эпоха» звяртаецца да жанру рамана, «які не толькі не загінуў, як прагназавалі скептыкі, але і набыў якасна новыя мадыфікацыі» («Полымя» № 3, 2016), Яўгенія Шчокіна раскладае па палічках творы, напісаныя ў жанры прыгодніцкага рамана («Маладосць» № 8, 2014), Ігар Шаладонаў аналізуе асаблівасці сучаснай беларускай аповесці («Полымя» № 10, 2016). Жанрам-фаварытам для аўтараў «Маладосці» застаецца фантастыка: тут надрукаваны «Праект канцэпцыі “сціплага вершніцтва”» для беларускай фантастычнай прозы» Ірыны Шаўляковай (№ 5, 2014), роздумы Алега Грушэцкага «Беларусы — першапраходцы ў фэнтэзі» (№ 8, 2015), вельмі сучасны «Фантастычны даведнік» ад Святланы Курганавай (№ 9, 2016).

Зычліва

Прадказальна, што сярод публікацый, якія можна ўмоўна аднесці да жанру крытыкі, пераважаюць тэксты, прысвечаныя кніжным навінкам. Узорныя рэчы, накшталт рэцэнзіі Георгія Кісялёва на кнігу вершаў Георгія Барташа «Ботиночки», дзе эмацыянальны водгук спалучаецца з датклівым разборам твораў, перыядычна з’яўляюцца ў рубрыцы «Искусство суждения» («Мастацтва думкі») часопіса «Нёман». У рубрыках «З пункту гледжання рэцэнзента» («Нёман») і «Кнігарня» («Полымя») таксама можна адшукаць добрыя рэцэнзіі. Сярод сёлетніх тэкстаў — «Поўня як сонца беларускай паэзіі» Ірыны Шаўляковай («Маладосць» № 9), «Простыя радасці» Зінаіды Краснеўскай («Нёман» № 8), «Матаналіз п’янства» Пятра Васючэнкі («Нёман» № 6).

На старонках часопісаў часта друкуюцца расповеды пра кнігі і невялікія водгукі, дзе фактычная інфармацыя, лірычныя адступленні ці ўспаміны пераважаюць над аналізам твораў і іх ацэнкай. Выданне новай кнігі — нагода павіншаваць аўтара, звярнуць увагу на характэрныя рысы яго творчасці, адрасаваць найлепшыя пажаданні... Добразычлівыя публікацыі, дзе разгляд мастацкіх тэкстаў можа займаць усяго некалькі абзацаў, выконваюць найперш інфарматыўную функцыю, а да таго ж ствараюць добры імідж маладому аўтару альбо чарговаму класіку.

Аналітычныя тэксты, блізкія да крытычнага артыкула, сустракаюцца значна радзей — як і літаратурныя агляды, большасць якіх належаць пяру сталага аўтара «Нёмана» Георгія Кісялёва. «Эстэтыка залатога слова», «Нам ли нужна благодать?», «Гаючыя словы жаночай лірыкі», «Есть странные люди — поэты…», «Не шукай мяне там»... У рэцэнзіях і аглядах Георгія Кісялёва жыццёвае, асабістае адыходзіць на другі план, крытык застаецца самнасам з мастацкім творам перад абліччам Літаратуры, правілы і традыцыі якой вартыя безумоўнага шанавання. Георгій Кісялёў як чалавек выключна інтэлігентны нязменна запрашае чытача скласці ўласнае меркаванне пра вартасць вершаў, якія часта цытуюцца цалкам. Крытык неаднойчы звяртае ўвагу на пралікі і недакладнасці аўтараў (дый хіба магчыма інакш, калі мы шануем законы літаратуры), што, зноў-такі, адрознівае яго тэксты ад большасці часопісных публікацый...

Лепшыя з лепшых

Станоўчыя альбо нейтральныя рэцэнзіі (без аніякіх пярчынак, кіслінак ці крытычных заўваг) на старонках «Полымя» і «Нёмана» прыкметна пераважаюць над рэцэнзіямі адмоўнымі. Нападкі на аўтара, які напісаў проста правальны твор, на шчасце, нізрынуліся ў Лету, беларуская талерантнасць трыумфуе — і тым не менш крытык павінен перасцерагаць творцаў ад памылак, пра што паведамляе кожны энцыклапедычны даведнік.

Ці варта разбіраць недахопы твора — альбо лепш паставіцца да іх лаяльна ці проста не заўважыць слабую рэч? Дзеля ўсеагульнага спакою рэцэнзенты звычайна абіраюць другі варыянт. Але часам карэктнае стаўленне да аўтара спалучаецца з увагай да момантаў, якія выклікаюць непаразуменне. Сярод сёлетніх прыкладаў — рэцэнзіі Інэсы Марозавай («Полымя» № 11) і Маргарыты Дзяхцяр («Маладосць» № 5) на зборнік «Разняволенасць» Таццяны Сівец, дзе крытыкі адзначылі (адпаведна) «абвостраную рэакцыю надрыву, празмерную экзальтаванасць» і «павышаную “пачуццёвасць”» асобных вершаў.

Калі ў часопісах друкуюцца тэксты, прысвечаныя адным аўтарам (і нават адным выданням), то ўзнікае пытанне, у якіх стасунках паміж сабой знаходзяцца гэтыя тэксты. Магчыма, крытыкі спрачаюцца, удакладняюць адзін аднаго, падхопліваюць новыя ідэі?.. Але, як правіла, такія артыкулы, рэцэнзіі, водгукі існуюць паралельна, без намёку на дыскусію. Верагодна, удзельнікі літаратурнага працэсу канчаткова ўпэўніліся ў адноснасці ісціны і не лічаць ацэнку твора ў друку настолькі істотнай, каб абвяргаць яе альбо карэкціраваць...

За тры гады ў часопісах выдавецкага дома «Звязда» змешчана больш за дзвесце публікацый, прысвечаных сучаснай літаратуры. Чые ж творы неаднойчы рабіліся прадметам зацікаўленага разгляду? У гэтым шэрагу можна назваць імёны Алены Брава, Уладзіміра Гніламёдава, Віктара Жыбуля, Уладзіміра Мазго, Міхася Пазнякова, Андрэя Федарэнкі, Ганада Чарказяна...

Пералік можна доўжыць, але і так відавочна, што цікавасць крытыкаў да пэўных аўтараў мае розныя прычыны. Гэта і літаратурны талент, і аўтарытэтнае ставновішча пісьменніка, і юбілейная дата, і, зрэшты, зычлівасць фартуны, дзякуючы якой на працягу трох гадоў некаторым пашанцавала выдаць некалькі кніг. Часам можна пачуць заўвагу, што 30 — 40 гадоў таму было зразумела, хто знаходзіцца ў шэрагу лепшых, а цяпер крытычныя публікацыі не дазваляюць зрабіць дакладнай высновы. У гэтым меркаванні прысутнічае нейкае цьмянае адчуванне, што пералік аўтараў, пра якіх пішуць найбольш ахвотна, не зусім адпавядае пераліку лепшых. Але справа не толькі ў тым, што адны аўтары выдаюцца часцей за іншых...

Чым больш складаны і глыбокі твор, тым больш складана пра яго пісаць, — і гэту выснову раней ці пазней робіць кожны, хто спрабуе сябе ў крытыцы. Рэцэнзент павінен быць кангеніяльны аўтару, таму зварот да выбітных твораў вымагае альбо ўпэўненасці ў сваіх сілах, якая дазваляе пераадолець адчуванне адказнасці, альбо рызыкоўнасці і вялікага зацікаўлення. Калі мы чуем, што пісьменнік апярэдзіў свой час і ацаніць яго твор здолелі толькі праз шмат дзесяцігоддзяў, то ў гэта вельмі проста паверыць, маючы на ўвазе не столькі чытачоў, колькі крытыку і літаратуразнаўства. Творы, вартыя больш сур’ёзнага разгляду, у сучаснай літаратуры, безумоўна, ёсць — пытанне толькі ў тым, хто і калі за іх зрэшты возьмецца.

Чаго няма?

Шмат заўваг у дачыненні да сучаснай крытыкі было выказана на старонках «ЛіМа» напярэдадні пісьменніцкага з’езду. Так, Георгій Марчук звярнуў увагу на недахоп «водгукаў пісьменнікаў на творы калег». Сапраўды, творцы не спяшаюцца ацэньваць поспехі і няўдачы іншых — за выключэннем хіба Алеся Марціновіча і Генадзя Аўласенкі. Разам з тым менавіта пісьменнікі часта ствараюць літаратурныя партрэты аўтараў, з якімі падтрымліваюць добрыя стасункі, — праўда, гэтыя тэксты знаходзяцца значна бліжэй да біяграфічных нарысаў, чым да літаратурнай крытыкі.

Нячаста сустракаюцца публікацыі, дзе пісьменнікі старэйшага пакалення адзначалі б кнігі маладых аўтараў ці прынамсі неяк каменціравалі здабыткі новай літаратурнай генерацыі. Некалькі рэцэнзій ад Георгія Кісялёва, некалькі — ад Зінаіды Краснеўскай, увогуле ж маладыя аўтары могуць быць найбольш удзячныя за часопісныя рэцэнзіі колішняму супрацоўніку «ЛіМа» Леаніду Галубовічу. Нежаданне выказвацца пра будучыню літаратуры можна патлумачыць альбо невялікай цікавасцю да новага дня беларускай паэзіі і прозы, альбо непрыманнем эстэтычных установак маладых творцаў ці, зрэшты, скептычным стаўленнем да перспектыў айчыннага прыгожага пісьменства ў ХХІ стагоддзі...

Такім чынам, у разгледжаных літаратурна-мастацкіх часопісах можна адшукаць некалькі дзясяткаў цікавых крытычных тэкстаў, прычым, найверагодна, яны знойдуцца ў часопісе «Нёман», сталыя аўтары якога — Георгій Кісялёў, Зінаіда Краснеўская і Леанід Андрэеў. Разам з тым сімптомамі «крызісу крытыкі» можна лічыць лаяльнае стаўленне рэцэнзентаў да твораў, недахоп аналітычных аглядаў і праблемных артыкулаў (бо некалькі дзясяткаў тэкстаў — усё ж невялікая колькасць на 108 нумароў). Прычыны гэтай сітуацыі — спецыфіка сучаснага літаратурнага жыцця, незацікаўленасць крытыкаў у пастаноўцы складаных задач, недахоп спецыялістаў, якія працуюць у гэтай галіне літаратурнай творчасці. Калі б у беларускіх літаратурна-мастацкіх часопісах друкавалася яшчэ 3-4 аўтары ўзроўню Георгія Кісялёва, абвяшчаць «крызіс крытыкі» было б нашмат больш рызыкоўна. Чаму крытыкі часцей сыходзяць, чым прыходзяць, — пытанне, якое неаднойчы абмяркоўвалася ў перыёдыцы, але да ўжо агучаных прычын можна дадаць яшчэ некалькі тлумачэнняў...

Алеся ЛАПІЦКАЯ

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Зміцер Жылуновіч. Таварыш пясняр

Зміцер Жылуновіч. Таварыш пясняр

Ён быў аўтарам Маніфеста аб абвяшчэнні Савецкай Беларусі, першым прэм'ер-міністрам рэспублікі, яго двойчы выключалі з партыі, ён мог стаць першым народным паэтам...

Грамадства

Прэзідэнт зрабіў кадравыя прызначэнні

Прэзідэнт зрабіў кадравыя прызначэнні

Аляксандр Лукашэнка даў згоду на прызначэнне рэктараў і кіраўнікоў раёнаў і прадпрыемстваў.

Калейдаскоп

Чым здзівіў Беларускі тыдзень моды

Чым здзівіў Беларускі тыдзень моды

Пазнаёміцца з навінкамі ад беларускіх дызайнераў можна было на тыдні моды, які праходзіў у Мінску з 7 да 11 лістапада.