Вы тут

Якія навацыі рыхтуюць заканатворцы для аўтамабільных перавозчыкаў


Ці прыжывуцца лічбавыя тэхналогіі ў транспартнай галіне? Наколькі бяспечна рэгістраваць свае плацежныя карткі ў мабільных сістэмах? Ці знікнуць таксометры з аўтамабіляў, што перавозяць пасажыраў? Гэтыя пытанні абмяркоўвалі дэпутаты і прадстаўнікі міністэрстваў на пашыраным пасяджэнні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па прамысловасці, паліўна-энергетычным комплексе, транспарце і сувязі, прысвечаным дапрацоўцы праекта закона «Аб унясенні дапаўненняў і змяненняў у Закон «Аб аўтамабільным транспарце і аўтамабільных перавозках».


— Працоўная група па законапраекце разгледзела пытанне прымянення лічбавых тэхналогій у транспартнай галіне, у прыватнасці, у арганізацыі перавозак аўтамабілямі таксі, — расказвае Андрэй РЫБАК, старшыня названай Пастаяннай камісіі. — Сёння бізнес ужо шырока прапануе гэтыя тэхналогіі, як правіла, гэта мабільныя праграмы, якія дазваляюць не толькі заказаць паслугу, але і разлічыць папярэдні кошт, ідэнтыфікаваць перавозчыка, транспартны сродак, ацаніць якасць паслуг і нават безнаяўна аплаціць. На жаль, гэтыя тэхналогіі не знаходзяць дастатковага адлюстравання ў заканадаўстве. Усё гэта прыводзіць да пэўных спрэчных момантаў.

Да апошніх можна аднесці немагчымасць абараніць інтарэсы пасажыра, пытанні бяспекі перавозкі, а таксама бяспекі тых звестак, якія перадаюцца перавозчыку, — у тым ліку і персанальныя даныя плацежнай карткі.

— Ужо сёння тыя мабільныя праграмы, напрыклад, што выкарыстоўваюць Ubеr і іншыя кампаніі, улічваюць адпаведныя магчымасці. Але якія ёсць балючыя пытанні? Па-першае, перавозчыкі, якія выкарыстоўваюць праграмы, ужо фактычна пазіцыянуюць сябе як крыху іншы від перавозак. Сёння мы не павінны падыходзіць да гэтых перавозчыкаў як да нейкіх людзей, што падпрацоўваюць, гэта значыць не можам вяртацца ў 90-я гады, калі чалавек зарабляе такім чынам пасля працы. Таму першае пытанне, якое павінна знайсці адлюстраванне ў заканадаўстве: усе патрабаванні, якія існуюць сёння да аўтамабіляў таксі, павінны датычыцца і гэтых перавозчыкаў таксама.

Пытанне ёсць і ў тым, што калі ўсё-такі Ubеr з'яўляецца добрай мабільнай праграмай, якая ў тым ліку дазваляе і правесці безнаяўную аплату, дык ці неабходны тады таксометры і касавыя падсумоўваючыя апараты?

— Відаць, трэба ўжо рухацца далей. Калі гэта мабільная праграма зарэгістравана ў Міністэрстве сувязі, то магчыма адмовіцца ад таксометра. Хоць гэта дастаткова складаны крок. Трэцяе пытанне, якое я абазначыў бы як адно з ключавых, — гэта пытанне аб выкарыстанні плацежных картак. Выкарыстоўваючы вышэйназваную мабільную праграму, вы зарэгістравалі сваю плацежную картку. Ёсць практыка, калі той жа Ubеr нават не з'яўляецца рэзідэнтам Рэспублікі Беларусь. І вось інфармацыя пра вашу плацежную картку паступіла ў гэтую сістэму...

У цэлым у законе, па словах старшыні Пастаяннай камісіі, неабходна прапісаць паняцце электронных інфармацыйных сістэм з магчымасцю аплаты, рэгламентаваць, як кожны ўдзельнік рынку можа імі карыстацца, якая ступень адказнасці і правоў на кожным этапе. Адпрацаваўшы такія моманты, можна сапраўды прыйсці да таго, што адпаведныя паслугі будуць больш шырока прадстаўлены на рынку, а іх якасць вырасце. Павысіцца і бяспека перавозак.

Надзея ЮШКЕВІЧ

yushkevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Мабільнае таксі

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.