Вы тут

Цяпер у Гомельскай вобласці стала 43 дзіцячыя дамы сямейнага тыпу


Цяпло і клопат адчуюць маленькія насельнікі двух новых дамоў сямейнага тыпу, што адкрыліся на Гомельшчыне.

Цяпер у Гомельскай вобласці стала 43 дзіцячыя дамы сямейнага тыпу. Амаль 300 дзяцей-сірот і дзяцей, пакінутых без апекі бацькоў, выхоўваюцца ў гэтых установах. Дарэчы, 10 гадоў таму такіх дамоў было толькі тры. Два новыя ўрачыста адкрылі напярэдадні новага года: у Чачэрску і Ветцы.


Сям'я Да­мас­ка­на­вых з Чачэрска.

Юныя жыхары будынка, які стаіць у самым цэнтры Веткі, за царквой, абжываюць свае пакойчыкі, расстаўляюць цацкі па паліцах, а гаспадыня Наталля Агафонава вітае гасцей гарбатай з цукеркамі.

Самы малодшы з пяці дзетак, трохгадовы Арсеній, уецца хвосцікам і радасна вітае кожнага, хто ўваходзіць. Родная маці адмовілася ад яго пры нараджэнні. Тут ён упершыню зведаў цеплыню абдымкаў і слова «мама» вымаўляе з абсалютнай упэўненасцю.

Між тым Наталля Аляксандраўна спачатку не планавала, што будзе браць у прыёмную сям'ю зусім маленькае дзіця. Увогуле, яны з мужам Мікалаем Іванавічам дамовіліся, што возьмуць да сябе на выхаванне адно ці двух дарослых дзяцей. Вырашылі так праз пэўны час пасля таго, як пахавалі сына, расказвае мама-выхавальніца:

— Нам казалі, што Ваня, які нарадзіўся хворым, пражыве не больш, чым год. А ў нас ён пражыў 17 з паловай гадоў. Калі сына не стала, я не ведала, куды сябе дзець. Прывыкла, што мне трэба клапаціцца пра дзіця. У нас дачка дарослая, у яе свая сям'я, двое ўнукаў падрастаюць... Зімой я мела падпрацоўку, летам дачай займалася. А вось са студзеня па красавік — хоць стукай галавой аб сцяну. Думкі пра дзяцей у мяне былі даўно. А потым неяк селі вячэраць з мужам, і я кажу: «Коля, а што калі нам узяць на выхаванне адно ці двух дзяцей?» Ён нават не раздумваў, адразу ж кажа: «А давай!» Я стала тэлефанаваць, даведвацца, як гэта робіцца. І ўсё закруцілася. Мы прайшлі камісію. Да псіхолага на вучобу ездзіла доўга. Гэта вельмі патрэбна — я там многа зразумела і даведалася. Спачатку мы не думалі аб дзіцячым доме сямейнага тыпу, а потым нам патэлефанавалі з райвыканкама і прапанавалі такі варыянт. Зноў жа раіліся са сваякамі. Гэта ж такая адказнасць! Добра, што самыя блізкія нас падтрымалі. Мы з мужам урэшце далі станоўчы адказ. Ведаеце, былі і тыя, хто нам казаў: «Вам што, не хапіла 17 гадоў, патрачаных на хворага сына?» А ў мяне, відаць, засталося шмат нерэалізаваных пачуццяў, каб дапамагаць іншым дзецям. Гэта — быццам прысвячэнне майму сыну.

Вось такая гісторыя. Ні Наталля Аляксандраўна, ні яе муж не маюць спецыяльнай педагагічнай адукацыі. Дарэчы, Мікалай Агафонаў былы дэсантнік, служыў у Афганістане. Сёння працуе брыгадзірам вытворчага комплексу буйной рагатай жывёлы ў адным з сельскагаспадарчых прадпрыемстваў. Самае галоўнае, яны вельмі любяць дзяцей і гатовы ўдасканальвацца самі, каб ім дапамагаць. Дачка і ўнукі таксама паспелі пасябраваць з новымі членамі вялікага калектыву. Прыёмная маці кажа, што ёй пастаянна дапамагаюць і спецыялісты аддзела адукацыі Веткаўскага райвыканкама.

— Восенню, пасля таго, як мы прынялі рашэнне, пазнаёміліся з гэтымі дзецьмі. Удзельнічалі з імі ў розных мерапрыемствах, у тым ліку іх дні нараджэння разам адзначалі. Яны ж самі практычна адразу пачалі мяне клікаць мамай.

Усе юныя жыхары новага дома — з праблемных сем'яў, у кожнага за кволымі плячыма сумны жыццёвы вопыт.

Маці Лізы пазбавілі правоў, калі дзяўчынцы было сем гадоў. Потым яна была пад апекай у сваякоў, але і тыя з выхаваннем не справіліся. Цяпер ёй 15 гадоў, узрост складаны. Але ж, кажа Наталля Аляксандраўна, пакрыху знаходзяць паразуменне. Хоць вучыць прыходзіцца нават элементарнаму. Напрыклад, як посуд мыць, як вады менш расходваць, як выкарыстоўваць сродкі для мыцця. Як выбраць рэжым для прання ў машынцы, колькі насыпаць парашку... У Андрэя гэта трэцяя прыёмная сям'я. Хлопчык імкнецца дапамагаць новым бацькам.

— У мяне пытаецца, у чым дапамагчы. Посуд памые, потым у мужа пацікавіцца, ці дапамагчы. Анечка — дзяўчынка ласкавая, але ж з хітрыкамі. Яе маці пазбаўлена правоў. Пакуль быццам не п'е, але ў яе няма жылля. То з адным жыве, то з другім. Кірылу пяць з паловай гадоў. Ён камунікабельны, лёгкі ў зносінах, не сквапны — усіх цукеркамі з падарункаў надзяліў. Некаторым іншым прыходзіцца растлумачваць, што ў сям'і трэба дзяліцца. У многіх раней рацыён быў такі абмежаваны, што дзеці не разумеюць, як можна проста так есці рыбу, катлеты або салату, — кажа Наталля Аляксандраўна. — Спачатку мы баялася, як дзеці нас успрымуць. Цяпер адчуваем, што малыя нам пачалі давяраць, дзяліцца сваімі сакрэтамі. Яны прынялі нас усёй душой, і гэта галоўнае.

Пры­ём­ныя дзе­ці Ар­се­ній, Лі­за, Аня і Анд­рэй з На­тал­ляй Ага­фо­на­вай.

Між тым сям'я будзе папаўняцца. Дом вялікі, амаль 200 метраў квадратных, добра абсталяваны ўсім неабходным, разлічаны на 10 дзяцей, і праз некаторы час так і будзе. Пакуль што ўсе разам рыхтуюцца ўрачыста адзначыць дзень нараджэння самага малодшага:

— Арсенію хутка споўніцца тры гады. Мы для яго зробім свята. Ужо дамовіліся, што купім яму падарунак, торт, свечкі, будзем песні спяваць і фатаграфавацца.

Намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Веткаўскага райвыканкама Таццяна Помазава гаворыць, што спецыялісты пастаянна кантралююць сем'і, дзеці ў якіх знаходзяцца ў небяспечным становішчы:

— На працягу апошніх гадоў колькасць такіх сем'яў застаецца практычна нязменнай. На ўліку стаіць 53 сям'і, і 130 дзяцей маюць патрэбу ў дапамозе. У нас ёсць прыёмныя, апякунскія сем'і, і цяпер вось два дамы сямейнага тыпу. Сітуацыя ў праблемных сем'ях своечасова адсочваецца, мы абавязкова наведваем іх. Ёсць сем'і, з якіх зняты статус сацыяльна-небяспечных, але яны ўсё роўна пад кантролем. Нават у тым выпадку, калі дзяцей вярнулі.

Між тым падчас адкрыцця другога дзіцячага дома сямейнага тыпу — у Чачэрску старшыня Гомельскага аблвыканкама Уладзімір Дворнік нагадаў, што дарослым неабходна зрабіць усё для таго, каб дзеці, пакінутыя без апекі бацькоў, не адчувалі сябе чужымі ў гэтым свеце:

— У вобласці больш як 80% дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, пражываюць у сем'ях — гэта адзін з найлепшых паказчыкаў у рэспубліцы. Комплекс мер, рэалізаваных дзяржавай апошнім часам, дазволіў значна палепшыць становішча такіх малых. Будучыня дзяржавы залежыць ад таго, хто прыйдзе на змену цяперашняму пакаленню. Таму вельмі важна, каб кожнае дзіця, пазбаўленае бацькоўскай увагі, атрымала магчымасць жыць і выхоўвацца ў доме, дзе ёсць сямейнае цяпло.

Гэта зусім не проста, але ж сужэнцы Марына і Мікалай Дамасканавы, якія заўсёды хацелі мець вялікую сям'ю, нарэшце сталі прыёмнымі бацькамі шасцярых дзяцей і спадзяюцца, што ў іх усё атрымаецца. У Чачэрскім доме сямейнага тыпу зазвінелі галасы чатырох хлопчыкаў і дзвюх дзяўчынак. Самаму малодшаму пяць гадоў, самаму старэйшаму — 16.

Дзіцячы дом сямейнага тыпу ў Чачэрску, як і Веткаўскі, пабудаваны за кошт сродкаў рэспубліканскага і абласнога бюджэтаў. На яго выдаткавана больш за 300 тысяч рублёў. Як вядзецца, на ўлазінах было шмат падарункаў. Вялікай сям'і губернатар уручыў сертыфікаты на набыццё мяккай мэблі і тэлевізара, а Дзед Мароз паклаў пад ялінку цацкі і гульні.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

іost@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Трэба проста любіць..

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.