Вы тут

Савет па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання пачаў працаваць


Першае ў гэтым годзе выязное пасяджэнне Савета па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання пры Савеце Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі прайшло ў Лідскім раёне. Там члены Савета і госці паглядзелі, як прыцягваюцца замежныя інвестыцыі, і абмеркавалі работу органаў мясцовага кіравання і самакіравання. Асноўны крытэрый — выкананне задач, агучаных на V Усебеларускім сходзе.


Працаваць на «Бел-Пласт Інтэрнэшнл» прэстыжна. Не дзіва, што вакансіі тут бываюць рэдка.

Спачатку — экскурсія

Першы прыпынак — шклозавод «Нёман». Прадпрыемства, якое робіць адны з самых прыгожых вырабаў са шкла. Дарэчы, у той дзень увечары, пасля візіту Савета па ўзаемадзеянні, «нёманскае» шкляное сэрца ўручылі пераможцам Нацыянальнага адбору на «Еўрабачанне». На вытворчасці не так даўно прайшла мадэрнізацыя — пра яе расказаў дырэктар «Нёмана» Ігар Бацян. Акрамя гэтага, на заводзе імкнуцца паступова зніжаць сабекошт. Эканамічны эфект ад такіх мерапрыемстваў у 2015 годзе склаў 1,6 млн рублёў, у 2016-м — 1,2 млн рублёў. Калі зайшла размова пра заробак, дырэктар адзначыў, што ўзровень у 1000 рублёў можа быць дасягнуты ў бліжэйшы час. «Асабліва на вытворчасці шклаваты зрабіць гэта — элементарна».

Старшыня Бярозаўскага гарадскога Савета дэпутатаў Валерый Яводзік у сваю чаргу звярнуў увагу на тое, што рашэннем гарвыканкама ўся тэрыторыя горада замацаваная за арганізацыямі, у тым ліку за шклозаводам «Нёман». Гэта азначае, што яны адказваюць за навядзенне парадку на пэўнай, напрыклад, вуліцы. Прыкладна два разы на год супрацоўнікі на сваёй тэрыторыі праводзяць месячнікі, а на працягу года даглядаюць яе, падтрымліваюць чысціню.

Пасля Бярозаўкі члены Савета накіраваліся на Лідскі ветэрынарна-санітарны ўтылізацыйны завод. Там яны паглядзелі, як арганізаваны замкнёны ланцужок вытворчасцяў. Прадпрыемствы накшталт гэтага існуюць у Літве і Латвіі. З Літвы і прыйшла кампанія «Марыямпалес АРВІ», якая вырашыла, што Беларусі патрэбен свой завод. Ён, дарэчы, прыцягнуў 23 млн рублёў інвестыцый у раён. Унікальнае прадпрыемства ажыццяўляе збор і перапрацоўку прадуктаў жывёльнага паходжання. Нават калі жывёла памерла ад нейкай хваробы, на вытворчасці змогуць яе бяспечна ўтылізаваць. У выніку атрымліваюць два прадукты: мяса-касцявую муку (зараз ідуць перамовы, каб пашырыць яе экспарт і прадаваць у Бангладэш і В'етнам) і тэхнічны тлушч, які ў Еўрасаюзе выкарыстоўваюць для вырабу біяпаліва. У хуткім часе запрацуе другая лінія, што дасць магчымасць павялічыць аб'ёмы вытворчасці ў 1,9 раза.

Іншае прадпрыемства, якое пабудавала гэтая ж літоўская кампанія, — «Арвібелагра». На ім вырошчваюць індыкоў. Дарэчы, у нашай краіне ў сярэднім ужываюць 200 грамаў мяса індычкі на душу насельніцтва, у той час, як у Еўропе гэты паказчык — 4 кілаграмы. Лічыцца, што гэта мяса больш карыснае, бо амаль не мае халестэрыну. На прадпрыемстве расказалі, што адзін з дырэктараў школ алімпійскага рэзерву ўжо заказаў партыю прадукцыі для сваіх спартсменаў.

Мі­ной­таў­скі ра­монт­ны за­во­д павялічыў экспарт да 57%.

Памятаць пра галоўнае

Дырэктар Мінойтаўскага рамонтнага завода ўпэўнены, што для яго прадукцыі канкурэнтаў няма. Прадпрыемства з кожным годам павялічвае экспарт: калі ў 2015-м ён складаў 39%, то ў 2016-м ужо 57%. На гэтым выніку адбіліся і пастаўкі ва Украіну, якія былі адноўленыя. Дарэчы, аб'ёмы вытворчасці за мінулы год выраслі на 16%.

Прыкладам, як зрабіць завод больш эканомным, стаў «Бел-Пласт Інтэрнэшнл» — прадпрыемства, якое вырабляе пластыкавую тару для бытавой хіміі, касметыкі і прадуктаў харчавання. Зараз яно пачынае рэалізоўваць новы праект па вытворчасці ПЭТ-бутэлек — празрыстай тары высокай якасці для касметыкі і бытавой хіміі. На заводзе стаіць спецыяльная ўстаноўка, якая дазваляе эканоміць электраэнергію, а таксама ўсталявана сістэма рэкумерацыі — яна бярэ цеплыню ад машын і перадае ў батарэі.

Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Міхаіл Мясніковіч расказаў, чым яшчэ цікавіліся члены Савета па ўзаемадзеянні падчас візітаў на прадпрыемствы:

— Савет па ўзаемадзеянні ахоплівае прадстаўнікоў усіх катэгорый кіравання і гаспадарчых суб'ектаў — таму, па-першае, ёсць наконт чаго абмяняцца думкамі, па-другое, калі прафесіяналы сустракаюцца, яны ўзаемна ўзбагачаюць адзін аднаго. Тут таксама прымаюць удзел прадстаўнікі прафсаюзаў, Акадэміі кіравання... Я думаю, што і для гэтых арганізацый наша мерапрыемства будзе добрай школай. У Лідскім раёне досыць паспяхова вырашаюцца сацыяльныя пытанні, таму сёння мы разглядалі работу і дзіцячых дашкольных устаноў, і аб'ектаў аховы здароўя, і школ ... Можа, не так глыбока, як вытворчую сферу і работу Саветаў, але гэтыя пытанні таксама былі ў полі зроку. Такім чынам, можна казаць пра комплексны падыход. Ёсць чаму вучыцца, што запазычыць і трансфармаваць на ўсю тэрыторыю.

Пасля наведвання пяці прадпрыемстваў настрой удзельнікаў быў узняты.

Вырашаць разам

Вынікі ўбачанага ў раёне прадстаўнікі Савета па ўзаемадзеянні абмеркавалі на пасяджэнні. Старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні, намеснік старшыні Савета па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання пры Савеце Рэспублікі Аляксандр Папкоў адзначыў, што «гэта тое кола зносін, калі мы можам высветліць пэўныя пытанні, праблемы, якія ўзнікаюць у нашым паўсядзённым жыцці».

На пасяджэнні выступілі і прадстаўнікі кіраўніцтва Лідскага раёна і Гродзенскай вобласці. Старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Ігар Жук адзначыў, што ў вобласці стала добрай практыкай сумесна планаваць і праводзіць розныя мерапрыемствы — прэзідыумы абласнога Савета і выканкама, пасяджэнні прэзідыума, пастаянных і міжведамасных камісій, якія створаны пры абласным выканаўчым камітэце. «Старшыня Гродзенскага аблвыканкама часта ўдзельнічае ў сесіях, кантактуе з дэпутатамі, — і мы тут цесна супрацоўнічаем. Сумесна распрацоўваем і зацвярджаем дакументы, якія ўплываюць на сацыяльна-эканамічнае жыццё. Каля 30% дэпутатаў абласнога Савета ўключаны ў склад міжведамасных камітэтаў і камісій». Дарэчы, пры абласным Савеце ў 2015 годзе быў створаны маладзёжны парламент.

Гродзенская вобласць як прыгранічная актыўна ўдзельнічае ў трасгранічных праграмах супрацоўніцтва. Дзве найбуйнейшыя: Латвія—Літва—Беларусь і Польшча—Беларусь—Украіна. Старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Краўцоў расказаў, што «цяпер падрыхтаваны 200 праектаў па гэтых дзвюх праграмах на суму больш за 50 млн еўра. З 2017 года пачнём працаваць над імі». Вядома, першапачаткова яны пройдуць пэўны адбор, і толькі лепшыя ідэі будуць рэалізаваны. Старшыня Лідскага райвыканкама Міхаіл Карповіч звярнуў увагу на тое, што летась дзякуючы экспарту тавараў у раён паступіла каля $270 млн — на душу насельніцтва прыпадае каля $2000 экспартнай выручкі. А гэта другое месца ў вобласці.

Ведаць адзін аднаго

Нацыянальная акадэмія навук правяла сацыялагічнае даследаванне і высветліла, ці ведаюць выбаршчыкі сваіх дэпутатаў. Лічбы не радуюць. На пярвічным узроўні сваіх дэпутатаў ведаюць 53% грамадзян, на ўзроўні раёна — 41%, вобласці — 20%, членаў Палаты прадстаўнікоў — 15%, Савета Рэспублікі — 12%. Міхаіл Мясніковіч параіў «сустракацца з людзьмі, вырашаць пытанні, а лепш не дапускаць ніякіх праблем, працаваць на апярэджанне».

Адно з галоўных дасягненняў Лідчыны, якое адзначылі ўсе ўдзельнікі выязнога пасяджэння, — прыцягненне інвестыцый. Наконт гэтага выказаўся і старшыня Савета Рэспублікі: «Давайце паглядзім на міжнародныя трэнды. Ужо другі год запар ідзе вялікі адток капіталу з краін Паўднёва-Усходняй Азіі. Па розных ацэнках, ад $500 млрд у год вяртаецца ў краіны ЕС і ЗША. Працэс набірае абароты. Толькі за 11 дзён студзеня 2017 года фонды, якія інвестуюць у Кітай, страцілі $650 млн. Адток сродкаў фіксуюць і індыйскія фонды. У той жа час, нягледзячы на санкцыі, аб'ём замежных інвестыцый у расійскія фонды склаў па другім паўгоддзі 2016-га каля $200 млн у тыдзень. А колькі замежных інвестыцый прыйшло ў Беларусь? За 9 месяцаў мінулага года — каля $1 млрд. Ці можна ў гэтай сітуацыі, калі ў нас крэдытныя рэсурсы вельмі дарагія, калі бюджэтных сродкаў і прыбытку прадпрыемстваў недастаткова, забяспечыць прыстойную мадэрнізацыю для таго, каб наша прадукцыя была канкурэнтаздольнай? Вядома, не. Таму мы вельмі зацікаўленыя ў прыцягненні прамых замежных інвестыцый.

Вядома, лепш, калі айчыннага капіталу будзе больш, але трэба зыходзіць з жорсткага прагматызму, што гэта прадпрыемства працуе на нашай тэрыторыі, з'яўляецца рэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, плаціць падаткі ў бюджэт, там працуюць нашы людзі. На беларуска-польскім прадпрыемстве («Бел-Пласт Інтэрнэшнл». — Аўт.) за 17 гадоў польскі заснавальнік ні аднаго долара яшчэ адсюль не вывеў. Усе дывідэнды ён рэінвестуе ў развіццё вытворчасці. Таму трэба досыць сур'ёзна гэтым займацца і ствараць умовы для інвестараў».

Надзея АНІСОВІЧ

аnіsоvісh@zvіаzdа.bу

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Загаловак у газеце: Пацяпленне інвестыцыйнага клімату

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.