Вы тут

Андрэй Кабякоў: Па развіцці ІКТ Беларусь займае 31-е месца


Прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў падчас чарговага пасяджэння прэзідыума Савета Міністраў заклікаў выкарыстоўваць для развіцця электроннага ўрада ўжо створаную інфраструктуру. Па словах прэм'ера, лічбавая трансфармацыя — адзін з найважнейшых складнікаў у росце канкурэнтаздольнасці эканомікі нашай краіны.


«Прамежкавыя вынікі нашай работы ў сферы інфарматызацыі досыць высока ацэненыя сусветнай супольнасцю, — адзначыў кіраўнік урада. — Так, у рэйтынгу Міжнароднага саюза электрасувязі па развіцці інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, наша краіна займае досыць высокае 31-е месца сярод 175 краін, палепшыўшы сваю пазіцыю за год на 5 пунктаў. Асобна варта падкрэсліць, што сярод краін СНД мы першыя. Аднак, па ацэнцы ААН, па ўзроўні гатоўнасці электроннага ўрада Беларусь знаходзіцца на 49 месцы ў рэйтынгу са 193 краін, падняўшыся за два гады на 6 пазіцый і пры гэтым саступае і Расіі, і Казахстану. Гэта паказвае недастатковы ўзровень выкарыстання створанай інфраструктуры».

Па словах прэм'ера, гэта значыць, што механізм функцыянавання і прымянення электроннага ўрада яшчэ далёкі ад ідэалу. «Так, напрыклад, мы дагэтуль недастаткова выкарыстоўваем на практыцы электронны дакументазварот. Аб'ём карэспандэнцыі, што перадаецца ў электронным выглядзе, у большасці дзяржаўных органаў не дасягае і 50% ад агульнага аб'ёму. У рэгіёнах колькасць падключаных арганізацый складае менш за 30%, пры гэтым Мінсувязі практычна не прымяняе ніякіх кардынальных мер, — падкрэсліў Андрэй Кабякоў. — Электронныя паслугі ідэнтыфікацыі грамадзян у нас усё яшчэ ўспрымаюцца як планы на найбліжэйшую будучыню. Якіх-небудзь прарыўных зрухаў, вынікаў тут няма».

На пасяджэнні таксама ішла гаворка аб асваенні сродкаў, выдзеленых на мерапрыемствы па пераўтварэнні інфармацыі ў лічбавую форму. Для гэтых мэт быў створаны асобны пазабюджэтны фонд, аднак другі год запар назіраецца няпоўнае асваенне яго сродкаў. Так, у 2015 годзе асваенне склала менш за 50%, у 2016 годзе — 85%. «Ва ўмовах, калі на рахунку кожная капейка рэспубліканскага бюджэту, такія вынікі асваення сродкаў фонду недапушчальныя. Калі ў далейшым Мінсувязі і іншыя атрымальнікі сродкаў фонду не змогуць своечасова іх асвойваць, то я вымушаны буду падтрымаць прапановы аб пераліку неасвоеных па выніках года грошай у рэспубліканскі бюджэт», — дадаў прэм'ер-міністр.

Вераніка ПУСТАВІТ

рustаvіt@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Не будучыня, а рэальнасць

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.