Вы тут

Чым прываблівае інвестараў Лідчына?


Летась некаторыя з прадпрыемстваў Лідскага раёна выйшлі на рынкі новых краін, такіх, як Бангладэш, М'янма, Балгарыя, Гвінея і іншыя... Пра тое, з якімі вынікамі Лідчына падышла да новага года, мы пагаварылі са старшынёй раённага Савета дэпутатаў, членам Пастаяннай камісіі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Інэсай БЕЛУШ.


Што прываблівае?

У 2016-м Ліда супрацоўнічала з 70 суб'ектамі Расійскай Федэрацыі, што на дзесяць больш, чым у 2015-м. Адкуль столькі новых сувязяў? У раёне сістэмна з 2005 года праводзяцца мерапрыемствы па прыцягненні інвестараў. Спачатку гэта былі выставы «Ліда — рэгіён», дзе дэманстраваліся магчымасці эканомікі раёна. Запрашаліся прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса, акрэдытаванага ў краіне, дэлегацыі гарадоў-пабрацімаў...

— Калі першапачаткова колькасць гасцей і ўдзельнікаў налічвалася каля сотні, то потым кола ўдзельнікаў вырасла да трохсот прадстаўнікоў з 16 розных краін, — расказвае Інэса Белуш. — У выніку такіх візітаў напрацаваны кантакты і вялікі вопыт. Інвестыцыі ідуць туды, дзе ёсць давер. Пабудаваны прадпрыемствы з замежным капіталам: з амерыканскім — «БЕЛТЭКС-ОПТЫК», з нямецкім — «ХАВЕР BY металатканы завод» і іншыя. Практычна штогод у рамках мерапрыемстваў падпісваліся новыя дамовы і пагадненні.

З цягам часу прыйшлі новыя формы пазіцыянавання свайго рэгіёна — форумы. Толькі летась адбыліся два такія мерапрыемствы. Вядзецца работа па арганізацыі аналагічных сустрэч у 2017 годзе — такое даручэнне даў старшыня райвыканкама Міхаіл КАРПОВІЧ.

У Лідзе развіваюцца каля дзесяці галін прамысловасці. Арганізацыі раёна заўсёды арыентаваліся на экспарт. Дарэчы, апошняе дзесяцігоддзе ў Лідчыны стабільнае дадатнае сальда знешнеэканамічнага абароту. Прывабным для інвестараў становіцца і тое, што тэрыторыя раёна часткова ўваходзіць у СЭЗ «Гроднаінвест» — гэта дае падатковыя бонусы для вытворчасці. Ліда актыўна прыцягвае турыстаў. Летась у сямі крамах раёна была ўведзена сістэма вяртання падатку на дабаўленую вартасць TАХ FRЕЕ. А яшчэ былі распрацаваны новыя турыстычныя маршруты, якія прадставілі на ХІІ Міжнародным беларуска-літоўскім эканамічным форуме і Рэспубліканскай універсальнай выставе-кірмашы «Еўрарэгіён «Нёман» —2016».

Капейка беражэ бюджэт

Кожны год раённы бюджэт удакладняецца ў бок павелічэння. «Мы адзін з некалькіх раёнаў Гродзенскай вобласці, хто выканаў летась бюджэт без усялякіх карэкціровак», — дадае начальнік інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах па Лідскім раёне Віктар СЫЧЭЎНІК. Больш як палова грошай у бюджэт паступае ад прадпрыемстваў недзяржаўнай формы ўласнасці і індывідуальных прадпрымальнікаў. У раёне працуюць каля 4 тысяч ІП.

Лідзія ТАНАНУШКА, начальнік фінансавага аддзела Лідскага райвыканкама, расказала пра пілотны праект, які фінансуецца з мінулага года. Ён аб'яднаў 16 гарадскіх школ, адзін ліцэй, дзве гімназіі і восем сельскіх школ. Ідэя ў тым, каб разлічваць заработную плату і ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы не па штатным раскладзе, а згодна з колькасцю вучняў. У цэлым на сацыяльную сферу летась было выдзелена 74% расходаў. Дадатковыя грошы былі накіраваны на ахову здароўя. У цэнтральнай раённай бальніцы адрамантавалі малую аперацыйную і набылі машыну хуткай дапамогі.

Як праводзіць сесію?

Актыўна ідзе работа і са старшынямі сельскіх Саветаў. «Мы іх збіраем досыць часта, — гаворыць Інэса Белуш. — Перыядычна ў нас праходзіць вучоба. Каб павысіць якасць і ўзровень правядзення сесій і выканкамаў, арганізоўвалі іх паказальныя пасяджэнні. Рабілі іх і выязнымі. Напрыклад, у Дзітвянскім сельсавете абмяркоўвалі, як выконваецца Указ аб зносе незаселеных дамоў. У Дварышчанскім — разглядалі пытанне выканання сацыяльных стандартаў. У нас абавязкова на сесіях выканкамаў пярвічнага ўзроўню прысутнічае хтосьці з адказных работнікаў раёна, каб дэпутаты, члены сельвыканкамаў маглі задаць пытанне, якое хвалюе, усебакова разгледзець праблему і прыняць канкрэтнае рашэнне».

Не ўкладзеш — не атрымаеш

Прыём грамадзян працуе адладжана. Летась шмат зваротаў было звязана з закрыццём смеццеправодаў. «У нас гэты загад выкананы на сто працэнтаў — закрылі ўсе, але пераконваць і тлумачыць, дзеля чаго гэта зроблена, даводзілася. Яшчэ ў горадзе ў сектары індывідуальнай жылой забудовы патрэбна належным чынам зрабіць дарогі. Трэба новую гарадскую звалку ўладкаваць, пашырыць могілкі з улікам пажаданняў людзей. Па аграпрамысловым комплексе былі звароты супрацоўнікаў, звязаныя з выплатамі зарплаты і дзіцячай дапамогі. У нас ёсць свой футбольны клуб. І нашы балельшчыкі чакаюць ад гульцоў лепшых вынікаў. Знізілася колькасць зваротаў па рабоце транспарту, спажывецкім рынку і сацыяльных пытаннях».

Адзін з кірункаў дзейнасці — работа з аграгарадкамі. Іх у раёне 16.

— У нас, калі пачалася праграма адраджэння вёскі ў 2005 годзе, было 15 цэнтраў гаспадарак. Першы аграгарадок зрабілі ў Мажэйкаве. Прэзідэнцкая праграма своечасова падтрымала вёску. Калі б тады не звярнулі ўвагу, не накіравалі сродкі, там нічога не было б. Дзяржава гарантавала сельскаму жыхару ўвесь набор сацыяльных стандартаў. Іншая справа, што не спрагназавалі развіццё на 15—20 гадоў. Сёння ў нас ёсць тры аграгарадкі, дзе няма школ. Для вёскі школа — гэта будучыня. А калі дзецям трэба ехаць у суседнюю вёску вучыцца, то не факт, што яны вернуцца назад. Ды і маладыя спецыялісты, сем'і з дзецьмі хутчэй абяруць іншае месца жыхарства.

Надзея АНІСОВІЧ

аnіsоvісh@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Партнёраў шмат не бывае

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.