Вы тут

10 парад бацьку дзяўчынкі


«У мяне чатыры дачушкі, і мы штодзень кажам адно аднаму: «Я люблю цябе мацней, чым учора», — так пачынае сваю «шпаргалку» для бацькоў шматдзетны тата Джасцін Рыклефс. За гады свайго бацькоўства мужчына зразумеў: каб пабудаваць цёплыя адносіны з дачкой, трэба яе зразумець. Спіс парад, які ён склаў, спадзяёмся, дапаможа ў гэтым і іншым татам.


1. Не саромейцеся казаць «Я цябе люблю» шмат разоў

Навучыцеся паказваць дачцэ сваю любоў. Яна мае патрэбу ў ёй больш, чым у грашах або падарунках. Ніхто на свеце не дасць дзяўчынцы такое пачуццё ўпэўненасці і абароненасці, як клапатлівы тата.

2. Навучыцеся заплятаць коскі

Лічыцца, што заплятаць коскі і завязваць хвосцікі — выключна жаночая справа, але тата павінен умець і гэта, на ўсялякі выпадак. Раптам вы з дачкой паедзеце ўдваіх у адпачынак? Больш таго, псіхолагі лічаць, што тата павінен умець не толькі рабіць прычоскі, але і, калі спатрэбіцца, пафарбаваць дачцэ пазногці. Гэта пакажа ёй, што мужчына можа быць не толькі моцным, але і пяшчотным.

3. Займайцеся з ёй спортам, гэта ўмацоўвае характар

Рабіце з дачкой зарадку, бярыце з сабой на ранішнія прабежкі або на веласіпедныя прагулкі, навучыце адціскацца, гуляйце разам у спартыўныя гульні на паветры. Дзяўчынкі не павінны расці слабы. Спартыўная моц дапаможа прывіць моц душэўную і цвёрдасць характару.

4. Калі вы дома, адключыце свой мабільны

Вялікая памылка многіх бацькоў у тым, што, прыйшоўшы дадому, яны фактычна працягваюць адсутнічаць. Не адрываючыся ад мабільніка, адказваюць на лісты, пішуць у Твітары, чытаюць старонкі ў Фэйсбуку. А ў гэты час ваша маленькая дачка чакае, калі вы звернеце на яе ўвагу. Выключайце тэлефон адразу, пераступаючы парог дома. Удзяліце трохі часу той, якая чакала вас увесь дзень, пагуляйце з ёй, пачытайце кніжку ці проста пасядзіце ўабдымку і падурэйце. Памятайце пра тое, што вельмі хутка дачка вырасце. І тады тым больш наўрад ці захоча бавіць час дома, дзе на яе не звяртаюць увагі.

5. Хадзіце куды-небудзь удваіх

Хоць бы некалькі разоў на год запрашайце дачку на «спатканне» без мамы. Схадзіце разам у кіно, тэатр ці кнігарню. Такія сустрэчы пакажуць ёй, як мужчына павінен абыходзіцца з жанчынай. Адкрывайце перад дачушкай дзверы машыны, дапамагайце зняць і апрануць паліто, кажыце кампліменты, жартуйце. У канцы кожнага тыдня глядзіце разам цікавыя фільмы, а потым дзяліцеся сваімі ўражаннямі. Ці завядзіце традыцыю на нядзелі піць гарачы шакалад ва ўтульным кафэ. У выхадныя таксама можна адправіцца ў кароткі паход па цікавых месцах вашага горада. Не лянуйцеся прыдумляць такія падзеі, фатаграфуйце іх. Запаўняйце эмацыйную памяць вашай дачкі падзеямі, момантамі, праведзенымі разам з вамі.

6. Будзьце побач на самых важных падзеях у яе жыцці

Зразумела, што большасць татаў працуюць, занятыя сваёй кар'ерай і ў іх не так шмат вольнага часу. Але ўсё ж — старайцеся не прапускаць важныя падзеі ў жыцці дачкі, ці гэта будзе канцэрт у музычнай школе, спартыўныя спаборніцтвы або выстава яе малюнкаў. І не стамляйцеся хваліць яе незалежна ад вынікаў. Нават калі ў гэты дзень вас запрашаюць на футбольны матч, вызначыце свае прыярытэты: матчы яшчэ паўторацца, а дзяцінства вашай дачкі — не.

7. Растлумачце ёй, што прывабная знешнасць — гэта яшчэ не ўсё

Псіхолагі лічаць, што менавіта тата павінен растлумачыць дачцэ, што ўнутраная прыгажосць значна важнейшая за знешнюю, што менавіта ўнутраны змест дзяўчыны — яе характар, сардэчнасць — тое ядро, якое дазволіць знайсці ў жыцці правільны шлях. Гадаваць дачку ў сучасным свеце гламурных стандартаў вельмі нялёгка. Але менавіта вы можаце ёй растлумачыць, што, каб спадабацца хлопцу, не трэба агаляць сваё цела.

8. Не аддаляйцеся ад дачкі, калі яна становіцца падлеткам

З 11 да 15 гадоў пачынаецца цяжкі ўзрост, калі ваша дачка зменіцца і знешне (стане менш прывабнай), і ўнутрана, стане непаслухмянай і грубаватай. Не аддаляйцеся ад яе ў гэты складаны перыяд, захоўвайце эмацыйную сувязь. Будзьце ў курсе яе праблем, інтарэсаў, заняткаў, бойфрэндаў і ўсяго іншага, каб яна магла звярнуцца да вас па любую дапамогу. Не смейцеся з яе, калі яна ўзяла вашу брытву, каб пагаліць ногі. Заўсёды стаўцеся да дачкі з любоўю і разуменнем, усё роўна, колькі ёй — 5 ці 15 гадоў.

9. Ад вас залежыць, якога партнёра ў жыцці яна абярэ

Ад вашых адносін да дачкі ў многім залежыць, якога мужа яна абярэ сабе ў будучыні. Калі вы добры бацька, яна будзе шукаць хлопца, падобнага на вас. У шчаслівых сем'ях маленькія дзяўчаткі часта кажуць: «Я вырасту і выйду замуж за тату». Гэта добры знак. Значыць, вы паводзіце сябе правільна.

10. Яна бачыць, як вы ставіцеся да яе маці

Гэта самая важная парада ў маім спісе. Вы можаце прытрымлівацца толькі яе, і поспех вашых адносін з дачкой забяспечаны. Яна простая: не стамляйцеся паказваць дзецям, што вы кахаеце іх маці і даражыце вашым шлюбам. Удзельнічаючы ў дзіцячым жыцці, не забывайцеся пра ваша асабістае. Знаходзьце час, каб схадзіць удваіх з жонкай у тэатр, рэстаран, заплануйце сумеснае кароткае падарожжа. Дзеці павінны разумець, што іх мама з'яўляецца для вас большым прыярытэтам, чым яны. Гэта карысна не толькі для ўмацавання адносін з жонкай, але і для фарміравання стаўлення да шлюбу вашых дзяцей.

Наталля МАЎЧАНАВА

Загаловак у газеце: З дачкой... на спатканне

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».