Вы тут

Гомельскія таты праводзяць вечары ў спартзалах разам з дзеткамі


Год таму ў гомельскай школе №45 запусцілі ўнікальны праект — «ТатаЗала». Два разы на тыдзень, у аўторак і суботу, бацькі з маленькімі дзецьмі могуць бясплатна наведваць увечары спартыўную залу і праводзіць час за сумеснымі гульнямі. Жанчынам уваход строга забаронены. Кажуць, спрабавалі іх запрашаць, але дзеці, як толькі бачаць мам, пачынаюць капрызіць. Дый атмасфера ўжо не тая. Таму, пакуль таты вучацца заплятаць коскі і гуляюць у даганялкі, мамы могуць дазволіць сабе гадзіну шопінгу, басейна ці проста цішыні.


Баць­кі сва­ім пры­кла­дам па­каз­ва­юць, што та­кое зда­ро­вы лад жыц­ця.

Адаптацыя да садка

Школьныя мячы хутка разбіраюцца. З лавак і мяккіх матаў бацькі будуюць міні-пляцоўку, на якую тут жа выстройваецца чарга з маленькіх непасед. Усе дзеці пры справе: хтосьці вісіць на «шведскай сценцы», хтосьці бегае па зале за вялікім абручом.

— Ці не перажываю я за школьную маёмасць? Тут разносіць асабліва няма чаго! — усміхаецца дырэктар школы №45 Канстанцін Кіржанаў, які сёння таксама ў зале разам з двухгадовай дачушкай Дарынай.

Па словах Канстанціна Кіржанава, гэты праект не толькі нагадвае татам пра іх сацыяльную ролю, але і дапамагае дзецям (секцыя разлічана на ўзрост ад 1 да 5 гадоў) адаптавацца да садка і школы. Малеча прывыкае быць у калектыве, вучыцца мірыцца і дзяліцца цацкамі.

— А жонка мая ў гэты час, напэўна, адпачывае. Хаця, я думаю, у жанчыны дома заўсёды знойдзецца работа, — кажа дырэктар.

Любімая гульня дашкольнікаў — «Гусі-лебедзі». Эстафеты ў такім узросце ім яшчэ не надта цікавыя, затое забегі хлопчыкі і дзяўчаткі любяць. Самыя хітрыя стартуюць яшчэ на слове «ўвага», каб першымі аказацца ля процілеглай сцяны.

Для шмат­дзет­на­га та­ты Ге­на­дзя Му­раў­ё­ва прычэсваць да­чок — звы­чай­ная спра­ва.

Сяргей Жакун і яго сын Ратмір на секцыі ўсяго другі раз. Малы ў захапленні! Яшчэ б: у свае пяць Ратмір — бадай, самы старэйшы з дзяцей — бясспрэчны пераможца на забегах. Тата, відаць, таксама задаволены:

— Сын пасля першага разу так салодка спаў... Галаву задурыў, усё пытаў, калі наступны раз у залу пойдзем. Ён у нас вельмі актыўны, канструктар па ўсёй кватэры раскідвае.

«Жонка ў гэты час прымае ванну»

На лаўцы Генадзь Мураўёў, узброіўшыся расчоскай і рызінкамі, заплятае дачку.

— Ды вось жонка не паспявала, сказала, каб я Лізе хвосцікі зрабіў, — апраўдваецца.

Для Генадзя гэтыя дзявочыя прычоскі — як раз плюнуць. Ён тата пяці дачок. «А некалькі тыдняў таму яшчэ і сын нарадзіўся», — не хавае радасці шматдзетны бацька.

Генадзь увогуле мужчына ўнікальны: ён уваходзіць у той адзін працэнт татаў, якія пагадзіліся выйсці ў водпуск па доглядзе дзіцяці. «Я працую інжынерам у адной з фермерскіх гаспадарак Гомеля, а жонка — педыятр, загадчыца аддзялення ў паліклініцы. Яна ў два разы больш за мяне атрымлівае, таму з Лізай у дэкрэце быў я. З сынам таксама пайду ў водпуск».

Да праекта «ТатаЗала» Генадзь далучыўся з самага адкрыцця. Як і Максім Данішэўскі.

— Калі на першы занятак прыйшлі, Ваня ўсю гадзіну на руках прасядзеў, — згадвае ён. — А ўжо на другі раз асвоіўся, з дзецьмі бегаў. Думаю, з садком у нас праблем не будзе. Дома чуе слова «ТатаЗала» — адразу збірае мячы, кеды. Ваню тут вельмі падабаецца. Хаця мульцікі, вядома, ні на што не гатовы прамяняць.

Максім заўважае, што для яго важна фізічнае развіццё дзіцяці. Дома, натуральна, такія ўмовы, як у спартыўнай зале, не створыш. Мама ж Вані вольнаму часу ў сваім раскладзе толькі рада.

— Жонка ведае, што вечар аўторка і суботы — яе час. Можа з бацькамі сустрэцца, з сяброўкамі. Але звычайна яна ванну прымае.

«ТатаЗалу» — у кожны горад

Цяпер у зале рэгулярна збіраецца 10—15 татаў з дзецьмі. А пачыналася ўсё з аднаго. Шматдзетны тата, настаўнік фізкультуры па першай адукацыі і старшыня савета бацькоў горада Гомеля Сяргей Бычкоў шукаў, куды б падацца з малодшым сынам.

— Кубікі і машынкі кожны дзень надакучылі. Пахадзілі з Міронам па розных гуртках: усё нязручна, далёка і дорага. А школьная зала звычайна працуе да васьмі. Пачалі хадзіць сюды. Потым паразмаўлялі з дырэктарам, каб арганізаваць такую секцыю. Школа і бацькі павінны ўзаемадзейнічаць, — расказвае Сяргей Бычкоў.

Знайсці татаў, гатовых наведваць новую секцыю, аказалася не праблемай. Наадварот: ажыятаж быў такі, што часам у зале збіралася па 80—90 чалавек. Бацькі з'язджаліся з усяго горада.

— Некаторыя прапаноўвалі: а давайце мы вам дзяцей пакінем, а потым праз паўтары гадзіны забяром? Вядома, ім адмаўлялі. Задума ж у тым, каб тата разам з малым больш часу праводзіў, сваім прыкладам паказваў здаровы лад жыцця. Для дзіцяці такія актыўныя заняткі, дарэчы, вельмі карысныя: чым большы ў яго арсенал рухаў, тым лепш ён развіваецца.

Пазней, каб месца хапіла ўсім, у Гомелі адкрылі яшчэ адну «ТатаЗалу» — у 29-й школе. Цяпер вядуць перамовы з дзвюма навучальнымі ўстановамі ў мікрараёне Фестывальны.

— Я не сустракаў ніводнага дырэктара, які б сказаў «не», — прызнаецца Сяргей. — Праблема можа быць толькі ў тым, што зала распісана па гадзінах: танцы, трэніроўкі. Але можна ж штосьці пасунуць, ці на выхадных секцыю праводзіць.

Бацькі ў сваю чаргу стараюцца нешта зрабіць для школы: акно памяняць, купіць фарбу для падлогі ці дадатковы інвентар.

Ідэяй ужо зацікавіліся ў іншых рэгіёнах (Сяргею пісалі з Магілёва, Віцебска, Мінска) і нават у Расіі (у кастрычніку зала адкрылася ў горадзе Зарэчнае Пензенскай вобласці). А на мінулым конкурсе сацыяльных праектаў Socіal Weekend ініцыятыва гомельскіх бацькоў і школы была прызнана найлепшай і атрымала гран-пры.

Су­мес­ныя за­бе­гі ма­ле­чы вель­мі па­да­ба­юц­ца.

— Шукаем татаў-мадэратараў, якія б хацелі, каб такія залы былі побач з імі, і дырэктараў школ, адкрытых для гэтага. Мы можам дапамагчы і з аднаго, і з другога боку, — кажа Сяргей і дадае, што ў сакавіку яны плануюць правесці семінар для мадэратараў падобных груп.

На яго думку, мужчынам варта памятаць, што на іх ляжыць не толькі функцыя здабытчыка. «Тата — гэта галава сям'і, які адказвае за ўсё, што ў ёй адбываецца. І выхаванне дзяцей — яго неад'емная задача. Гэта бацька павінен прывесці дзіця ў грамадства».

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

lubneuskaya@zvіazda.by

Мінск — Гомель — Мінск

Фота Надзеі БУЖАН

Загаловак у газеце: Жанчынам уваход забаронены!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».