Вы тут

Як маці дзвюх дачок змагаецца з анкалогіяй і неразуменнем чыноўнікаў


Для 34-гадовай Ніны Акуневіч шумныя бальнічныя калідоры і людзі ў белых халатах — звычайная справа: у медустановах жанчына праводзіць большую частку жыцця. Да сустрэчы яна падрыхтавалася грунтоўна, пра што сведчыла вялізная зялёная папка з дакументамі. На галаве Ніны цяжка не заўважыць парык — вынік дзясятка хіміятэрапій і дваццаці пяці апраменьванняў. Час ад часу на яе вочы наварочваюцца слёзы. Але Ніна не плача. Яна не мае права плакаць: наперадзе — нявызначанасць з лячэннем і зацяжныя перапіскі з дзяржструктурамі з патрабаваннем сацжылля і аліментаў ад бацькі дзяўчатак.


«Гэта мой варыянт — разведзены, дзяцей яму не трэба»

«Маладая змена, якая падае надзею», — так пісалі пра Ніну ў «Вячэрнім Мінску» за 2000 год. Тады яшчэ дзяўчына не ведала, што пра тэатр давядзецца забыцца, як і пра вучобу ва ўніверсітэце.

— Першы дыягназ мне паставілі ў 19 гадоў, — пачынае споведзь Ніна. — У адзін цудоўны дзень я не здолела ўстаць з ложка. Зрабілі КТ (камп'ютарную тамаграфію) і ў прадсценні сэрца выявілі злаякасную пухліну. Пасля — аперацыя, даўжэзны курс лячэння з васьмі хіміятэрапій і шасці апраменьванняў. Спачатку я паступіла ў камерцыйны інстытут, а потым на падрыхтоўчае аддзяленне ў Акадэмію мастацтваў. Пасля хваробы стала прафнепрыгоднай. З акадэміі адлічылі, з інстытута адправілі ў адпачынак.

Тады я была 90-60-90. Гэта цяпер распаўнела на гарманальных прэпаратах. Былі прыгожыя доўгія валасы. Не магла выйсці з пад'езда, каб нехта не звярнуў увагі. Маладога чалавека, якога сапраўды кахала, я пакінула. Мне сказалі, што жыць засталося тры месяцы. Не хацелася яму жыццё ламаць. Памятаю, сяброўка, якая выводзіла мяне з дэпрэсіі пасля хваробы, пацягнула на дыскатэку. Мы праходзілі міма кафэ, і я сустрэлася вачыма з будучым мужам. Ён быў старэйшы за мяне на 17 гадоў. Я падумала: гэта «мой варыянт» — разведзены, дзяцей яму не трэба.

Нараджаць мне не дазвалялі пяць гадоў пасля хіміятэрапіі, але я зацяжарыла ўжо праз 11 месяцаў. Першыя роды былі вельмі складаныя, сэрца не спраўлялася. Але ў выніку атрымалася мая першая лялька з блакітнымі вачыма. Калі даведалася, што будзе другое дзіця, то прыняла рашэнне разысціся з мужам. Справа ў тым, што ён ніколі не зарабляў грошы. Калі ў яго штосьці з'яўлялася, то ўсё ішло на асабістыя патрэбы. Ён з Каўказа. Ездзіў на радзіму па 2-3 разы на год, нас ніколі з сабой не браў.

— Я пачала сябе дрэнна адчуваць пасля другіх родаў. Проста рак грудзей доўга развіваецца. Усе перажыванні за апошнія гады нагадалі сябе. У мінулым годзе выявілі трэцюю стадыю хваробы, з метастазамі.

Пасля разладу з мужам Ніна засталася з малечай на руках. Маладая мама па стане здароўя не магла ўладкавацца на працу, але знайшла выйсце — зарэгістравалася як індывідуальны прадпрымальнік і рамеснік.

— Мне ў галаву прыйшла думка — зарабляць тым, што ёсць. Я самавучка ў творчасці. Мне трэба прыстасаваць усё, каб не выкідваць, — тлумачыць жанчына. — Напрыклад, вербачкі раблю да вербніцы. Адна каштуе 12—15 рублёў. Ёсць нават нязменныя кліенты, якія едуць з іншага канца горада на Нямігу за таварам. З лютага 2015 года штомесячна прыходзіць пенсія па інваліднасці на малодшую дачку (140 рублёў). Я атрымліваю пенсію з красавіка 2016 года (160 рублёў). Вельмі дапамагаюць матуля, родныя, сябры, аднакласнікі. Дзякуючы ім я яшчэ не ўпала на калені.

Ала Дуброўская, кіраўнік аддзела матэрыяльна-бытавога забеспячэння ўпраўлення па працы, занятасці і сацабароне Мінскага райвыканкама: «Я памятаю гэтую дзяўчыну. У мінулым годзе мы ёй назначылі штомесячную і адначасную адрасную грашовую дапамогу. Адрасную дапамогу мы аказваем у выпадку, калі чалавек па аб'ектыўных прычынах не выходзіць на бюджэт пражытковага мінімуму на кожнага члена сям'і. Акрамя адраснай дапамогі, Ніне Акуневіч выплачвалі ў верасні мінулага года грашовую дапамогу з Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва. Яна аказваецца пры наяўнасці складанай жыццёвай сітуацыі інвалідам і беспрацоўным пенсіянерам».

Ні­на Аку­не­віч з дзець­мі.

«Надакучыла атрымліваць «адпіскі»

З 2012 года Ніна звяртаецца ў дзяржструктуры з просьбай пазбавіць бацьку яе дзяцей бацькоўскіх правоў. І на гэта ёсць цвёрдыя падставы — запазычанасць па аліментах і ўхіленне ад выхавання дзяцей. У жанчыны нічога не атрымліваецца і дагэтуль.

— Спачатку ў аліментах на дачок па рашэнні суда было адмоўлена. Адсудзіла іх толькі два гады таму. Запазычанасць расце, а грошай няма. Малыя нават не ведаюць, як бацьку завуць. Ён ні разу да нас не прыйшоў. Калі падала на пазбаўленне бацькоўскіх правоў, сацпедагогі, псіхолагі, настаўнікі і міліцыянеры пачалі правяраць умовы пражывання дзетак. Адыходзяць усе са словамі «ў вас такія выдатныя ўмовы».

Першапачаткова пракуратура не падтрымала жанчыну ў справе пазбаўлення былога мужа бацькоўскіх правоў з той прычыны, што ён «хоча мець зносіны з дзецьмі і аказваць дапамогу ў іх выхаванні і ўтрыманні» (з заключэння пракуратуры Мінскага раёна ад 26.02.2014). Другі раз Ніна звярнулася ў пракуратуру з той жа просьбай у сакавіку 2016 года, калі пайшла запазычанасць па аліментах.

— Справа ў тым, што адбылася тэлефонная размова са спецыялістам з аддзела адукацыі райвыканкама, пасля якой прыйшоў недарэчны адказ. Тады ў мяне апусціліся рукі. Мне надакучыла марнаваць час на заявы і атрымліваць іх «адпіскі».

У адказе з райвыканкама (ад 05.04.2016), які атрымала Ніна пасля той тэлефоннай размовы, сказана: «Вам была прапанавана дапамога ў складанні іскавай заявы аб пазбаўленні бацькоўскіх правоў, ад якой вы адмовіліся».

Сёння сітуацыя выглядае наступным чынам. Бацька дзяўчатак на працягу сямі гадоў не ўдзельнічаў у выхаванні і матэрыяльным забеспячэнні дзяцей. Згодна з арт. 80 Кодэкса РБ «Аб шлюбе і сям'і» бацькі «могуць быць пазбаўлены бацькоўскіх правоў у адносінах да непаўналетняга дзіцяці, калі будзе ўстаноўлена, што яны ўхіляюцца ад выхавання і ўтрымання дзіцяці». Чамусьці столькі гадоў намаганняў хворай жанчыны так і не прывялі да рашэння праблемы.

Таццяна Беланог, афіцыйны прадстаўнік УСК па Мінскай вобласці: «Крупскім раённым аддзелам Следчага камітэта расследуецца крымінальная справа па факце ўхілення ад утрымання дзяцей (ч. 1 ст. 174) у адносінах да грамадзяніна Расійскай Федэрацыі 1966 года нараджэння, які на момант узбуджэння крымінальнай справы меў від на жыхарства ў Крупскім раёне. У ходзе расследавання ўстаноўлена месцазнаходжанне фігуранта ў Расійскай Федэрацыі. Цяпер следствам накіравана міжнароднае даручэнне ў РФ для правядзення неабходных следчых дзеянняў з удзелам абвінавачанага, у тым ліку допыту».

Нягледзячы на афіцыйныя даныя, якія прыведзены абзацам вышэй, на наступны дзень жанчына атрымала апавяшчэнне пра прыпыненне папярэдняга расследавання (ад 22.12.2016) у сувязі з тым, што «абвінавачаны схаваўся ад органаў крымінальнага пераследавання і яго месцазнаходжанне не выяўлена».

— Навошта я хачу пазбавіць яго бацькоўскіх правоў? Каб абараніць дзяцей. Ніхто не паглядзіць, што чалавек ні разу не павіншаваў малых з днём нараджэння, што ні капейкі не даў на харчаванне, адзенне і абутак для дзяўчатак. Калі са мною што-небудзь здарыцца, менавіта гэты грамадзянін будзе першасным апекуном.

Столь  у пад'­ез­дзе  па­кры­ла­ся  іржой.

«Ніхто не ўцяпліў і па сёння...»

Аграгарадок Сеніца, дзе жыве Ніна з мамай і дзвюма дочкамі, знаходзіцца за два кіламетры ад кальцавой. 4-пакаёвую кватэру Ніна з маці набылі 13 гадоў таму. Трохпавярховы дом разлічаны на пяць сем'яў і пабудаваны ў 1974 годзе. Падысці да пад'езда, не прамачыўшы ногі, не атрымліваецца.

— Наш дом не першы год стаіць у вадзе: цякуць падземныя камунікацыі, каналізацыя, дах, — такімі словамі сустракае нас Ніна.

У кватэры да карэспандэнтаў падляцелі дзве дзяўчынкі ў валёнках і пачалі знаёміцца. «Ведаеце, я мару пра пернікавы домік! — дзеліцца малодшая. — А сястрычка хоча папугайчыка». Пакуль не ўбачыш на ўласныя вочы таўшчэзныя бальнічныя карткі дзяўчатак, не паверыш, што ў малечы сур'ёзныя праблемы са здароўем.

Праз дваццаць хвілін у мяне пачынаюць мерзнуць ногі. «Абагравальнік мы не выключаем, — расказвае Ніна пра ўмовы ў кватэры. — Акрамя холаду, заўсёды вільготнасць. Сцены прамярзаюць да такой ступені, што лёд відаць каля балконных дзвярэй. Вада можа гарачая ісці, а праз хвіліну зрабіцца халоднай. Увесь час змагаемся з цвіллю. За крэдытныя сродкі мы робім рамонт, але ўсё безвынікова. Мы нават не можам прадаць кватэру з-за такіх умоў».

Перапіску з ЖКГ Ніна вядзе з 2005 года. У самых першых актах спецыялісты заключаюць: «тэмпературны рэжым у памяшканні адпавядае санітарным нормам, сцены сухія, вільготнасці няма». Толькі ў 2012 годзе прадстаўнікі ЖКГ заўважаюць замаканне шпалер і вільготнасць сцен. У акце за 2015 год гаворыцца пра сляды цвілі на кухні і ў жылых памяшканнях.

— Я неаднаразова звярталася ў раённы камітэт, да пракурора, тэлефанавала на абласную гарачую лінію. Усе ведаюць, у якім стане знаходзіцца наш дом, але ніхто нічога не робіць. У 2009 годзе абяцалі нас уцяпліць, потым перанеслі на 2010. У выніку — ніхто не ўцяпліў па сёння!

Гэ­та ле­кі, якія Ні­на з дочкамі  прымаюць што­дзён­на.

«Не памру, пакуль малечу не пастаўлю на ногі»

— Мы заўсёды хварэем, а чаму — не ведаю, — уздыхае старэйшая дзяўчынка. — Можа, таму што мы такія маленькія.

Прычына частых хвароб у дзяўчатак была афіцыйна пацверджана заключэннем навуковай экспертызы інстытута эксперыментальнай батанікі ад 18 лістапада 2016 года. Спецыялісты выявілі пяць відаў мікраскапічных грыбоў. «Наяўнасць вільгаці на столі і сценах стварае спрыяльныя ўмовы для развіцця цвілі, — так гаворыцца ў заключэнні. — Доўгае знаходжанне людзей у памяшканнях, якія змяшчаюць плесневыя грыбы, небяспечнае для здароўя, з'яўляецца фактарам рызыкі і можа суправаджацца ўзнікненнем алергіі, дэрматытаў, астмы, абвастрэннем хранічных захворванняў».

— Мы пераехалі ў гэтую кватэру, калі я была цяжарная старэйшай. Малодшую выношвала тут. Ёй астму паставілі, увесь час сядзім на прэпаратах. Бываюць перыяды, калі прыступы нават два разы на суткі. Малую накіравалі на кансультацыю ў дзіцячую анкалогію. У старэйшай дзяўчынкі алергія.

Сёння мацярынскае сэрца не на месцы: кватэра, дзе яна жыве з двума малалетнімі дзецьмі і мамай-пенсіянеркай, уяўляе пагрозу іх жыццю і здароўю. Магчымасці з'ехаць у іншае месца ў сям'і няма. З 2012 года Ніна стаіць на чарзе на атрыманне жылога памяшкання сацыяльнага карыстання. Сёння яна пад 32 нумарам.

У снежні 2016 года Ніна трапіла на прыём да намесніка міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі з просьбай аб дапамозе.

— Калі ласка, зразумейце маё становішча. Я не ўвайшла ў стан рэмісіі пасля захворвання. Я не ведаю, што будзе заўтра. Я адказная за дзетак. Надакучыла больш за дзесяць гадоў стукацца ва ўсе дзверы. Я проста хачу, каб мяне пачулі.

Генадзь Трубіла, намеснік міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі Беларусі: «Гэтыя пытанні ў кампетэнцыі мясцовых выканаўчых органаў улады, над якімі стаіць Мінаблвыканкам. У сувязі з тым, што там пытанні не вырашаюцца, мы падключымся да справы са спецыялістамі, якія могуць правесці дасканалае абследаванне і даць заключэнне аб тэхнічным стане жылога памяшкання. Па выніках заключэння будуць прынятыя меры аб ліквідацыі прычын, якія перашкаджаюць пражыванню грамадзян. Мы давядзём справу да лагічнага завяршэння».

Пасля навагодніх свят Ніну папярэдзілі: едзе праверка ў складзе прадстаўнікоў райвыканкама, аблвыканкама і міністэрства. У выніку дабраліся да Сеніцы толькі спецыялісты з «ЖЭУ №7» і «Жилищника Минщины». Але з такімі праверкамі жыхары кватэры ўжо звыкліся. Тэмпературу падлогі правяраючыя не памералі, на балкон, які знаходзіцца ў аварыйным стане, ніхто не зазірнуў, акт на месцы складзены не быў. Галоўны інжынер «Жилищника Минщины» адмовіўся даваць журналісту каментарыі наконт 10-гадовых безвыніковых зваротаў жанчыны.

— Ведаеце, у 19 гадоў я магла скласці рукі і сказаць: шкадуйце мяне! Але я дала сабе такую ўстаноўку: не памру, пакуль малечу не пастаўлю на ногі, — тлумачыць Ніна.

Сёння жанчына бачыць адзінае выйсце — падаць заяву ў суд на ўстанаўленне прычын страты здароўя. Гэта справа не аднаго дня. А час ідзе... Дый ці ёсць сэнс варушыць справу, якая за дзесяць гадоў не скранулася з месца? Ці знойдзецца адказны за хваробы дзвюх малалетніх дзяўчатак? Хто зверне ўвагу на складаную жыццёвую сітуацыю звычайнага чалавека? ...Хворая матуля дваіх дзяцей спадзяецца толькі на цуд.

P.S. Дабрачынны рахунак Ніны Акуневіч у банку (беларускія рублі): транзітны рахунак 3819382106084, нумар дагавора 000008 у філіяле 614 — г. Мінск, вул. Карбышава, 13, к. 2; УНП: 600052608; МФА: 153001520.

Вераніка Уласевіч

veronіka.ulasevіch@maіl.ru

Фота Антаніны Хатэнкі

Загаловак у газеце: «Я чалавек. Звярніце на мяне ўвагу!»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Жыхар Жодзіна Генадзь Пузанкевіч даехаў на веласіпедзе з Беларусі да Уладзівастока

Жыхар Жодзіна Генадзь Пузанкевіч даехаў на веласіпедзе з Беларусі да Уладзівастока

Ён кожны дзень імкнуўся пераадольваць не менш за сто кіламетраў.

Грамадства

Як «Звязда» парушальнікаў адпачынку з міліцыяй шукала

Як «Звязда» парушальнікаў адпачынку з міліцыяй шукала

Апошнімі цёплымі дзянькамі многія мінчане стараюцца скарыстацца напоўніцу і па магчымасці адпачыць на прыродзе, хай сабе і ў межах горада.

Культура

Спявак Аляксандр Гелах: Як толькі паступіў, пачаў шукаць работу

Спявак Аляксандр Гелах: Як толькі паступіў, пачаў шукаць работу

Малады тэнар, які прыйшоў у Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр Беларусі ў 2015-м, звярнуў на сябе ўвагу аматараў оперы адразу.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Танцуй... Пакуль не замужам?