Вы тут

Не будзем пра каханне гаварыць...


— Форэст, ты ўжо выбраў, кім станеш, калі вырасцеш?

— А хіба я не буду самім сабой?

к/ф «Форэст Гамп».

Днямі я вырашыла прагуляцца перад сном. Іду, любуюся на заснежаныя дрэвы, што зіхацяць пад святлом ліхтароў. Раптам цішыню парушыў гучны крык: «Та-а-аня, я цябе каха-а-а-ю!» Калі падышла бліжэй, убачыла хлопца з вялізным букетам руж у руках. Я пастаралася прайсці міма Танінага акна як мага хутчэй. Але тое напорыстае прызнанне ў каханні даносілася да маіх вушэй яшчэ некалькі хвілін.

Раніцай па дарозе на працу ўбачыла чырвоныя ружы... у сметніцы, непадалёк ад Танінага дома.

Сем гадоў таму пад маім акном таксама крычалі пра каханне. Але я, наіўная, верыла тым словам. І зноў і зноў разам з апраўданнямі прымала дзяжурныя ружы (якія ніколі не любіла) як выкуп за чарговае прабачэнне.

Толькі потым зразумела, што каханне не церпіць тлумачэнняў. Яму патрэбныя ўчынкі.

На людзях ён — узорны муж. Мала таго, што высокі, прыгожы, з машынай, дык яшчэ і клапатлівы: і ручку падасць сваёй Светачцы, і дзверы прытрымае... Усе сяброўкі як адна ёй зайздросцілі. Зайздросцілі, бо не ведалі, што дома, калі ніхто не бачыць, яго быццам падмяняюць. Варта Светачцы затрымацца з працы на 5 хвілін ці загаварыць на вуліцы з суседкай, то месца ў доме не знойдзеш. Прычым узорны муж крыкамі не абмяжоўваецца, можа і руку падняць... Што б яна ні рабіла — усё яго раздражняе. Даходзіць нават да камічнага: забараніў ёй правяраць нажом, ці зварылася бульба (лічыць, што трэба рабіць гэта відэльцам). Потым, вядома, каецца, тысячны раз кажа: «Як жа я цябе кахаю!» Але неўзабаве зноў паўтараецца тое ж самае.

Заўважыла, што ў многіх сем'ях людзі ўспрымаюць сваіх блізкіх як уласнасць, прагнуць «перакроіць» партнёра пад сябе (але той, хто хоча змяніць іншага, як правіла, сам нават і не думае мяняцца). Тым самым падмяняюць каханне эгаізмам.

Неяк мне адна «мудрая» знаёмая сказала: «Колькі ты будзеш перабіраць жаніхоў?! Выберы кагосьці больш-менш прыдатнага, а потым зменіш яго пад сябе». Я не хацела нікога змяняць, таму, напэўна, і выйшла замуж адносна позна па сучасных мерках.

Сёння я ўдзячна свайму мужу, што дазваляе мне заставацца сабой. Паважае мае жаданні і свабоду выбару. Гэта для мяне асноўная прыкмета сапраўднага кахання.

А змяняць іншага чалавека, як паказвае жыццё, няўдзячная справа. Адзіны правільны шлях — мяняцца самой. І тады, магчыма, і чалавек, з якім звязалі свой лёс, таксама захоча стаць крыху лепшым.

— Марта, скажы мне што-небудзь на развітанне, — папрасіў той самы Мюнхгаўзен, узбіраючыся па лесвіцы ў неба. — Заўсёды знойдзецца што-небудзь важнае для такой хвіліны!

— Я буду чакаць цябе.

— Не тое!

— Я вельмі кахаю цябе.

— Не тое!

— Я буду верная табе.

— Не трэба!

— Яны паклалі сыры порах, Карл! Яны хочуць перашкодзіць табе!

— Вось. Дзякуй, дзякуй, Марта. Хай зайздросцяць. У каго яшчэ ёсць такая жанчына?

Марта ведае, што факел, які яна трымае ў руках, заб'е Мюнхгаўзена. Але калі порах не выбухне, гэта будзе для яго страшней за смерць. Марце нічога не застаецца, як прыняць 32 мая і адпусціць Карла. І яна адпускае. Бо кахае...

Але... Не будзем пра каханне гаварыць. Паслухаем, што скажа нам каханне...

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

nadzіeja@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.