Вы тут

Рыцары без страху і дакору


або Людзі, якія імкнуцца распавесці беларусам пра іх Краіну замкаў.


Яшчэ колькі стагоддзяў таму нашы землі называлі ў Еўропе краінай замкаў. Велічныя фартыфікацыйныя збудаванні сустракаліся на шляху падарожнікаў, уражваючы адметнасцю і прыгажосцю. Шмат падзей адбылося з таго часу. Замкаў паменшала. Але ХХI стагоддзе вызначаецца тым, што яго новыя тэхналогіі, якія раней здаваліся фантастыкай, здольныя вярнуць былыя пабудовы і нават гарады з нябыту. З’явіліся людзі, якія бачаць сваю місію ў адраджэнні помнікаў гісторыі і культуры ці захаванні памяці пра іх. Адзін з іх — заснавальнік Фонду «Краіна Замкаў» Аляксандр Варыкіш — распавядае:

— Фонд быў створаны ў 2006 годзе з мэтай дапамагчы дзяржаве ў адраджэнні помнікаў гісторыі і культуры ды іх захаванні. Таксама мы бралі ўдзел у распрацоўцы турыстычных маршрутаў па Беларусі. І з тае пары мэтанакіравана рухаемся ў вызначаных кірунках. Пры дапамозе фонду з’явіліся ўласнікі ў шляхецкім маёнтку ў вёсцы Бянюны Ашмянскага раёна. Раней там знаходзілася школа. Магчыма, будынак увогуле разабралі б. А цяпер у пабудовы 1828 года ёсць гаспадары, зацікаўленыя ў яе адраджэнні. Будзе новае жыццё і ў шляхецкага фальварка з цудоўным паркам у вёсцы Каралінава, што на Валожыншчыне. У Ашмянскім раёне, у вёсцы Родзевічы, атрымлівае другое жыццё шляхецкая ваколіца, дом 1918 года, які належаў шляхціцам Ракіцкім. Мы адрамантавалі дом, гаспадарчыя пабудовы. Фактычна ў Родзевічах з’явіўся найцікавейшы музейны экспанат — шляхецкі фальварак пачатку ХХ стагоддзя. Сюды ж перавезлі стары свіран. На базе комплексу ўтворыцца міні-скансэн. Узгаданае — толькі невялікая частка таго, што робіцца і што запланавана.

Так рэалізавалася маё дзіцячае захапленне гісторыяй, старажытнай архітэктурай, што нават змусіла змяніць прафесію. Пэўны час працаваў экскурсаводам, аб’ездзіў усю Беларусь. Гаварыў турыстам: «Мы маем тысячу гадоў цывілізацыі, культуры на нашых землях, і адначасова маем сёння як ілюстрацыю шматлікія руіны…» Вось тады, на пачатку сваёй працы экскурсаводам, і ўзнікла вялікае жаданне аднавіць хаця б адзін шляхецкі фальварак.

Паралельна з аднаўленнем старажытных будынкаў фонд распрацоўвае экскурсіі. Ды не стандартныя, а з анімацыяй. Людзі з задавальненнем выпраўляюцца ў такія вандроўкі. Падчас нашых падарожжаў адкрываецца іншы свет і, адпаведна, нараджаецца велізарная цікавасць да нацыянальнай спадчыны. Людзі хочуць зразумець, чым жылі іх продкі, якім было Вялікае Княства Літоўскае, Жамойцкае і Рускае.

— Над анімацыйнымі праграмамі працуе асобная каманда?

 — Так. Некалькі дзясяткаў чалавек з гістарычных факультэтаў ВНУ і клубаў ваеннай рэканструкцыі задзейнічаны ў правядзенні анімацыйных дзеяў. Адна з найпапулярнейшых праграм — «Шляхецкая гісторыя». Перад гасцямі з’яўляецца герой у шляхецкім строі і прадстаўляецца: «Мяне завуць пан Невяроўскі. У мяне ёсць стрыечны брат пан Грабоўскі, якому ўжо за трыццаць, а ён усё ажанніца не хоча!..» Турыстычная група выпраўляецца ў госці, каб угаварыць пана Грабоўскага ажаніцца. Вандроўка ідзе на фоне падзей 1812 года. Госці едуць па шляхецкіх фальварках, наведваюць іншыя архітэктурныя і музейныя аб’екты. І ўсюды штосьці адбываецца. У Плябані, пад Маладзечнам, знаёмяцца з панам Грабоўскім, у Залессі ў Агінскіх ладзяць агледзіны дзяўчыны. Сюжэтная лінія далей яшчэ больш закручваецца…

 — А ці надараюцца адкрыцці падчас падрыхтоўкі экскурсій?

— Вядома ж! І чым больш вывучаеш гісторыю, тым больш цікавага адкры- ваецца. Напрыклад, я ведаў, што ў Шчорсах, пад Навагрудкам, жыў граф Яўхім Храптовіч, які сабраў вялікую і багатую бібліятэку. Але, аказваецца, у яго быў сын Ірэнэуш, з якім звязана неверагодная гісторыя. Ён паехаў у Пецярбург, дзе закахаўся ў фрэйліну імператрыцы. А тая ўжо была заручаная з расійскім палкоўнікам. Але Ірэнэуш усе адно «пайшоў у атаку» па сэрца панны! Дзяўчына адрынула прапанову вайскоўца і згадзілася на прапанову графа. Палкоўнік у гневе выклікаў саперніка на дуэль і загінуў.

Альбо калі чытаеш пра Заслаўе, пра Яна Глябовіча… У яго таксама неверагодны лёс. Ян абараняў Полацк падчас Лівонскай вайны, трапіў у палон. Івану Грознаму данеслі, што Ян Глябовіч — пратэстант, добра ведае Біблію. Цар наблізіў Яна да сябе, размаўляў з ім наконт біблейскіх тэкстаў. Але мужны ліцвін у царскай сталіцы таемна збіраў звесткі для караля Рэчы Паспалітай. Гэтую дзейнасць заўважылі, і Глябовіча пасадзілі за краты. Ён ужо і не спадзяваўся на вызваленне, але яго абмянялі на палонных маскавітаў…

У нашай гісторыі такія сюжэты, што кінабаевікі, як кажуць, адпачываюць. Увогуле, вельмі багата гістарычных пластоў, якія не раскрытыя. Калі распрацоўваў вандроўку пад назвай «Шлях Міндаўга», доўга сядзеў над мапай, вышукваў варыянты, як усё ў адну экскурсію пакласці. У адзін момант убачыў як азарэнне канкрэтны маршрут, канкрэтны сюжэт: тут вандроўнікі сустракаюць Міндаўга, тут адбываецца каранацыя, тут, на возеры Свіцязь, забойства… У гэтым маляўнічым месцы, паводле плана падарожжа, прызначаны адпачынак. Зрэшты, экскурсія атрымалася вельмі прыгожая: цудоўныя пейзажы, казачныя замкі ў Міры, Любчы, Навагрудку.

Адна з задач фонду — выратаванне помнікаў драўлянай архітэктуры. Калі ў Родзевічах захаваецца хаця б некалькі помнікаў драўлянай архітэктуры, то яны дапамогуць ажывіць тутэйшы турыстычны маршрут.

 — Што залежыць ад прыватных асоб (не толькі ад дзяржавы), каб Беларусь зноў стала звацца Краінай замкаў?

— Шчыра скажу, часам гляджу на сябе як на Дон Кіхота. Я ўсведамляю, што праз 20 — 30 гадоў шматлікія нашы помнікі без рэстаўрацыі могуць знікнуць. Але я раблю сваю справу. Ёсць разуменне: было б горш, калі б у Родзевічах разабралі старую пабудову. Калі б не было іншых цудоўных будынкаў, якія нам удалося ўратаваць… Такім чынам я і мае паплечнікі імкнёмся адрадзіць старажытную архітэктуру дзеля яе цяперашняга і будучыні.

Наталія АЛЕСЯЕЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.