Вы тут

10 гадоў таму на тэлеэкраны выйшла першае беларускае рэаліці-шоу


У студзені 2007 года тэлеканал АНТ прадставіў сваім гледачам гучную прэм'еру — рэаліці-шоу «Зорны цырк», у якім людзі рознага ўзросту і прафесіі асвойвалі майстэрства цыркавых артыстаў. Ліцэнзійнае шоу стала не толькі першым падобным вопытам для айчыннага тэлебачання, але і першым праектам, які беларусы рэалізавалі раней за суседзяў-расіян.


Са­ка­вік 2007 го­да. Пе­ра­мож­ца рэ­алі­ці-шоу «Зор­ны цырк» Па­вел Ке­жа.

Нагадаем, у лік 12 удзельнікаў, для якіх на 100 дзён цырк стаў і асноўным месцам працы, і другім домам, увайшлі не толькі папулярныя артысты і тэлевядучыя, але і зусім непублічныя людзі — хатняя гаспадыня, банкір, індывідуальны прадпрымальнік, менеджар і нават настаўнік беларускай мовы і літаратуры. Уласна, апошні — віцяблянін Павел Кежа — і стаў пераможцам тэлепраекта, уладальнікам галоўнага прыза — аўтамабіля.

...Калі большасць медыйных удзельнікаў першага беларускага рэаліці-шоу і сёння, што называецца, «у абойме», то пра іншых мала што вядома — хіба толькі Павел Кежа расказваў гадоў пяць таму айчынным СМІ, што з фінансавых меркаванняў вымушаны быў змяніць школу на сферу гандлю...

— Ці плануеце вы нейкім чынам адзначыць 10-годдзе «Зорнага цырка» — можа, зладзіць «вечар сустрэчы выпускнікоў» і расказаць гледачам, як склаліся лёсы ўдзельнікаў? — пацікавілася «Звязда» ў дырэктара дырэкцыі спецпраектаў АНТ Анжаліны Мікульскай.

— Жыць мінулым, напэўна, не зусім правільна, таму мы вырашылі не вяртацца да гэтага праекта, хоць яго і ўспамінаем з вялікай цеплынёй. За лёсамі многіх удзельнікаў «Зорнага цырку» мы так ці інакш сочым, тым больш некаторыя з іх — Люцыя Герашчанка, Наталля Радзіна — працуюць на АНТ; а вось наконт «сустрэчы выпускнікоў» ідэя цікавая, трэба падумаць. Прыадкрыю сакрэт, што тэма цырка будзе выкарыстана намі яшчэ раз, літаральна гэтым летам, у новым праекце — але падрабязнасцяў заўчасна, самі разумееце, раскрываць не будзем. Магу толькі запэўніць гледачоў, што ва ўсіх тэлепраектах, незалежна ад іх кірунку, улічваецца менталітэт беларусаў і таму ніколі не запусцім у эфір праграм з жорсткімі іспытамі, здзекамі і зневажаннем удзельнікаў, якімі б рэйтынгавымі гэтыя ідэі не былі.

Між іншым

Усяго за мінулыя гады АНТ выпусціла ў эфір больш за дзясятак рэаліці-шоу і практычна столькі ж — музычных і забаўляльных тэлепраектаў. Самым вялікім прызам стала кватэра, якую атрымала пераможца конкурсу прыгажосці «Міс Беларусь — 2008» Вольга Хіжынкова.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Цырк, ды не толькі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?