Вы тут

Экслібрыс «Звязды». Авантуры Пранціша Вырвіча, здрадніка і канфедэрата


Людміла Рублеўская. Авантуры Пранціша Вырвіча, здрадніка і канфедэрата. — Мінск: Звязда, 2017. — 368 с.


Новая кніга серыі — як новы сезон любімага серыяла: героі ўсе знаёмыя, іх характары вядомыя, чытаеш — нібы плывеш на хвалях павольнай ракі. Але кепска тое, што, як у серыяле бывае апошні сезон, так у кніжнай серыі — апошні том. Сумна ўсведамляць, што гісторыя смелага Пранціша Вырвіча і мудрага Баўтрамея Лёдніка заканчваецца. Але гэта не азначае, што новы раман Людмілы Рублеўскай наводзіць нуду і выклікае сон. Зусім наадварот: чацвёртая кніга прыгод нашых любімых герояў хавае шмат вострых момантаў, выпрабаванняў, вынаходніцтваў.

Раман «Авантуры Пранціша Вырвіча, здрадніка і канфедэрата» прыйшоў да чытача спачатку на старонках часопіса «Полымя», затым у фармаце электроннай кнігі і толькі цяпер — у класічным папяровым варыянце. Твор зноў пераносіць нас у эпоху Асветніцтва, вірлівае XVІІІ стагоддзе, дзе герояў літаральна на кожным шляху чакаюць і прыемныя сюрпрызы, і смяротная небяспека. Як ужо бачна па назве, Пранціш і Баўтрамей становяцца канфедэратамі, змагаюцца за незалежнасць краю, супрацьдзейнічаюць старым і новым ворагам, здабываюць саюзнікаў.

Гэтым раманам Людміла Рублеўская нібыта закрывае кола расповеду пра сваіх герояў: як і ў першай кнізе, яны працуюць з вялікім і значным ваенным вынаходніцтвам (ужо падводным), гэтым разам выпраўляюцца ў старажытны Тураў, дзе разгадваюць загадкі падводнага возера, зноў дзейнічаюць у Полацку. Цікава, што тут мы сустракаем старых знаёмых, яны абсалютна пазнавальныя, хоць змянілі імя, а некаторыя — нават знешнасць. Падаецца, што ў кнізе яшчэ большы акцэнт робіцца на медыцыне, рабоце з мозгам, смелых эксперыментах са свядомасцю і характарамі пацыентаў.

Мы знаёмімся з вынаходніцтвамі, што дазваляюць даследаваць мозг, апынаемся на небяспечных аперацыях і нават разам з Вырвічам выпрабоўваем лекі, якія спачатку сціраюць, а потым (ужо змяшаныя ў новых прапорцыях) аднаўляюць памяць. Але, як кажа Лёднік, «усё — лекі, і ўсё — атрута», таму без гэтай навуковасці, расказваючы пра той час, аўтару немагчыма абысціся. Сама эпоха вымагала адвагі, мужнасці і цвёрдасці, адкрытасці новым тэорыям і поглядам. І доктар Баўтрамей Лёднік становіцца тым самым універсальным асветнікам, каму не чужыя філасофія, медыцына, хімія і фізіка. А расповеды пра эксперыменты не ўскладняюць сюжэт твора, а зусім наадварот — робяць яго яшчэ больш захапляльным.

Ярка вымалёўвае пісьменніца і лінію пачуццяў галоўных герояў. І калі ў жыцці доктара Лёдніка ў гэтай сферы ўсё застаецца па-ранейшаму: ён шчаслівы з жонкай Саламеяй, гадуе дваіх дзетак і жыве клопатамі пра іх, то ў Пранціша зноў разгараецца і згасае старое каханне, а таксама ўзнікае новае. Хай гэта будзе спойлерам, але скажу, што Вырвіч тут нарэшце ажэніцца, але яго шлюб стане, як вядзецца, новай авантурай са шчаслівым канцом. Шкада толькі, што ў гэтай кнізе Людміла Рублеўская заб'е адну з самых яскравых гераінь усяго цыкла раманаў...

Развітвацца заўсёды сумна, але мы пакідаем Беларусь XVІІІ стагоддзя з упэўненасцю, што край застаецца ў добрых руках. Падрастаюць дзеці Лёдніка, Алесік стаў сапраўдным мужным рыцарам, а маленькая Сафійка ўжо ў дзяцінстве пачынае выяўляць прагу да навукі і доследаў. Таму можна быць упэўненымі, што ў рэальнасці раманаў Людмілы Рублеўскай пра адважнага Вырвіча і дапытлівага Лёдніка ўсё будзе добра, хоць і не заўсёды спакойна.

Марына ВЕСЯЛУХА

vesіaluha@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Жыццё або гонар?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».