Вы тут

Нястрашная помста


Саша заўсёды любіў Свету. А Света ніколі не любіла Сашу. Так здараецца часта, нешчаслівых гісторый у жыцці насамрэч нашмат больш, чым шчаслівых... Яшчэ ў старшай групе дзіцячага садка, куды іх вадзілі разам, ён заляцаўся да яе амаль што «па-даросламу», імкнучыся пацалаваць заўсёды, калі выпадаў зручны момант... Непрыступная Светка кожны раз крывіла свой лялечны тварык і адпіхвала яго — часам так моцна, што Саша літаральна адлятаў ад яе і няўклюдна плюхаўся ў гару цацак. Было балюча. І не толькі ад няўдалага прызямлення. Ён моцна пакутаваў ад нераздзеленага кахання. Адмаўляўся ад ежы і нават ад кампота. А вечарам, калі бацькі прыходзілі на «разбор» дзяцей, на поўным сур'ёзе скардзіўся Светкінай маме, што ўсе астатнія дзяўчаткі з групы з ім цалуюцца, а Светка — не. Мама смяялася і раіла яму «знайсці іншую». Але ён не збіраўся здавацца.


Потым, як гэта часта бывае, яны пайшлі ў адну школу і нават у адзін клас. Саша не стамляўся дэманстраваць Светцы свае пачуцці — аддаваў ёй прынесеныя з дому бутэрброды і цукеркі, купляў у сталоўцы булачкі і пірожныя і, натуральна, дазваляў спісваць.

Светка вучылася так сабе, у залежнасці ад настрою. Яна ніколі не вызначалася ўседлівасцю, да таго ж рана зведала, што такое спапяляючая моц прыгажосці. Ад аднаго толькі яе магнетычнага позірку аднагодкі ўкладваліся штабялямі — цотныя направа, няцотныя налева. Старшакласнікі хадзілі за ёю гуртам, і ўсе старанні Сашы вылучыцца, быць заўважаным у гэтым гурце не прыводзілі да жаданага выніку — яна па-ранейшаму ігнаравала яго.

Аднойчы іх клас павезлі «на прыроду», і ён паспрачаўся з іншымі хлопцамі, што пераплыве возера і вернецца назад за дваццаць хвілін... На той бераг яшчэ так-сяк дабраўся, а вярнуцца назад духу не хапіла. Так і сядзеў на беразе, пакуль ратавальнікі не падплылі на сваім катары... Пасля заканчэння дзявятага класа яны пайшлі ў паход, і Саша зноў вырашыў вылучыцца. Калі групай вярталіся з лесу да месца, дзе стаялі палаткі, ён нырнуў у кустоўе і там затаіўся. Думаў, праз дзесяць хвілін яго адсутнасць заўважаць, пачнуць хвалявацца, шукаць... Класны кіраўнік спахапілася толькі ў электрычцы. А Саша, прасядзеўшы паўгадзіны ў кустах і не дачакаўшыся маштабных пошукаў, вырашыў нарэшце вылезці і дагнаць клас. Але пераблытаў сцежкі, пайшоў углыб лесу і канчаткова заблукаў... Выйшаў з лесу гадзіны праз дзве — з супрацьлеглага боку, калі сонца ўжо садзілася. Дайшоў да самай бліжняй вёскі і ў першага чалавека, які сустрэўся, папрасіў патэлефанаваць дадому... Класнай тады ўляпілі строгую вымову, бацькоў выклікалі ў школу. Светка ж, калі ўбачыла яго, толькі пакруціла пальчыкам ля скроні: маўляў, з-за цябе, дурня, такі перапалох нарабіўся...

У дзясятым класе ён цвёрда вырашыў, што жыць без яе не варта. Пакінуў на стале развітальную запіску, падняўся на пяты паверх, вылез на дах, падышоў да краю, глянуў уніз... Дзень быў сонечны, у двары гулялі дзеці, на лавачках сядзелі бабулі... Саша яскрава ўявіў сабе, як стукаецца аб зямлю і ўсе яны збягаюцца паглядзець на распластанае цела. І падумаў: навошта псаваць людзям такі цудоўны дзень? Адрываць ад спраў, прымушаць хвалявацца?.. У прынцыпе, ён быў добры хлопчык. Таму пастаяў на даху яшчэ крыху, палюбаваўся дваром і вярнуўся назад.

З таго часу ён перамяніўся. Дакладней, яго нібыта падмянілі. Ён адасобіўся ад класа, паглыбіўся ў вучобу, запісаўся ў спартыўную секцыю. Пачаў удзельнічаць у алімпіядах, канферэнцыях, спаборніцтвах... А вечарамі падпрацоўваў рознарабочым у суседнім гастраноме.

Калі ў апошнім, адзінаццатым, класе ён з'явіўся 1 верасня на лінейку — высокі, загарэлы, у белай кашулі і чорнай камізэльцы — аднакласніцы ледзьве не страцілі прытомнасць. Нават Светка, не пазнаўшы яго, здзіўлена выгнула свае тонкія броўкі... Трыумф доўжыўся роўна пяць секунд. «А, Саша, гэта ты, — ветлівая ўсмешка, раўнадушны позірк пранізалі яго наскрозь. — Кажуць, да нас новенькага перавялі. Не бачыў выпадкам?»

Пасля школы ён вырашыў не шкадаваць сябе — падаў дакументы ў ваеннае вучылішча. Скончыў яго з адзнакай, служыў спачатку пад Пецярбургам, потым быў накіраваны ў адну з «гарачых кропак», у разведроту...

Аднойчы атрымаў пісьмо ад сябра, у якім той падрабязна расказваў, як склаўся лёс былых аднакласнікаў, у тым ліку і Святланы: маўляў, вывучылася на цырульніцу, выйшла замуж за ўладальніка той самай цырульні, у якой працавала, нарадзіла хлопчыка. Цяпер сядзіць дома, нічым не займаецца і, каб не звар'яцець ад нуды, час ад часу стрыжэ суседскіх сабачак...

Да ліста быў прыкладзены фотаздымак з сустрэчы аднакласнікаў. Светка сядзела, як заўсёды, у цэнтры, прыгожая і далёкая, як зорка Сірыус, у доўгай белай напаўпразрыстай сукенцы... Дэкальтэ, аголеныя плечы, смуглыя калені... Саша да раніцы не мог заснуць, згадваючы радзімкі і драпінкі на гэтых плячах і каленях. Потым паклаў здымак у нагрудную кішэню і доўга насіў з сабой, разглядваючы ў рэдкія хвіліны адпачынку... З «гарачай кропкі» Сашу перавялі служыць на радзіму, павысілі ў званні, далі пасаду, выдзелілі службовае жыллё, а разам з ім і службовы аўтамабіль з персанальным кіроўцам...

Ён рэдка бываў дома, таму што больш любіў камандзіроўкі. А вяртаючыся, з галавой акунаўся ў бытавыя праблемы — скрупулёзна і старанна выбіраў мэблю, пераклейваў шпалеры, перасцілаў падлогу... Сябры пыталіся: чаму ты не ажэнішся? Маўляў, такі «генафонд» прападае. Ён ухіляўся ад адказу або празрыста намякаў на заблытаныя адносіны з замужняй жанчынай. Быццам бы неаднойчы прапаноўваў ёй развесціся і жыць з ім, але яна ніяк не можа рашыцца. Для большай перакананасці ён нават набыў жаночыя пакаёвыя тапачкі і паставіў іх у прыхожай, а ў ванны пакой павесіў жаночы халацік, сіненькі, у «рамонкі». Але жанчыну тую ніхто не бачыў — ні ў Сашавай кватэры, ні дзе б там ні было. Затое ўсе бачылі фотаздымак яго аднакласнікаў у прыгожай рамачцы на сцяне. Кожны дзень Саша акуратненька здымаў яго, выціраў мяккай анучкай пыл і вешаў на месца. Адыходзіў і любаваўся здалёк — жанчынай у белай сукенцы, жаданай і недаступнай.

Мінула яшчэ некалькі гадоў. У сяброў падрасталі дзеці — яны заканчвалі школы, паступалі ў навучальныя ўстановы, нараджалі сваіх дзяцей. Саша даўно звыкся з адзінотай і жыццём па распарадку. Распарадак быў даволі жорсткім, патрэбы — амаль што аскетычнымі. Толькі ў марах ён мог дазволіць сабе расслабіцца і прытуліць да сябе сваю ікону, свайго ідала... Толькі ў снах, салодкіх і трывожных.

Вяртаючыся аднойчы з працы на гадзіну раней, чым звычайна, ён падумаў, што можна заскочыць у новую цырульню, якая адкрылася непадалёк, і паспець дадому якраз да пачатку футбольнага матча. У цырульні было халаднавата і нешматлюдна. «Мне толькі крыху падраўняць...», — пачаў ён і асекся. Каля крэсла стаяла Света, мара ўсяго яго жыцця. Той адрэзак часу, на працягу якога яны не бачыліся, не пайшоў ёй на карысць. Твар крыху аб'ехаў, формы расплыліся. Света весела ўзмахнула чыстым ручніком — на белым фоне ён выразна ўбачыў яе доўгія фіялетавыя пазногці — і прызыўна ўсміхнулася: чырвоныя вусны запоўнілі ўсю прастору...

Праз пяць хвілін Саша сядзеў у крэсле, расслаблены і абсалютна шчаслівы. А яна варажыла над яго валасамі і шчабятала, шчабятала... Пра ранейшае — лёгкае і прыемнае — жыццё. Пра мужа, які прамяняў яе на маладзейшую і прыгажэйшую, і тое, што цяпер для «падтрымкі бюджэту» яна вымушана працаваць. Пра дзяцей, якія раз'ехаліся хто куды і нават тэлефануюць рэдка, не тое што прыязджаюць.

Саша слухаў і млеў... Яго даўняя патаемная мара пачынала набываць цалкам рэальныя абрысы. Ён маляваў сабе ўсе магчымыя наступствы гэтай цудоўнай сустрэчы з усёй страсцю, на якую быў здольны і якая назапасілася за столькі гадоў чакання. Ён ужо ведаў (адчуваў), што яна запросіць яго да сябе, і літаральна патанаў у хвалях, якія зыходзілі ад яе...

— На сёння ты мой апошні кліент, — сказала яна і клацнула нажніцамі. — Праз паўгадзіны я буду вольная, як вецер.

Ён палез у партфель, дастаў нататнік і акуратна — як рабіў усё і заўсёды — запісаў нумар яе тэлефона.

— Я абавязкова патэлефаную, — сказаў, паклаўшы нататнік на месца і пстрыкнуўшы замочкам. — Сёння... Не, лепш заўтра... Карацей, на гэтым тыдні дакладна.

Усміхнуўся свайму адлюстраванню. Разлічыўся з ёю па прэйскуранце, хоць яна і не хацела браць грошы. Выйшаў на вуліцу, расправіў плечы...

Машына чакала за рагом.

— Куды едзем, Аляксандр Іванавіч? — спытаў вадзіцель.

— Натуральна дадому, Паша! Сёння нашы з французамі гуляюць, праз пяць хвілін пачатак матча, а мне яшчэ трэба рыбкам корм купіць.

Машына кранулася з месца...

Ала Бывалава

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.