Вы тут

Аляксандра Наркевіч: Усе свае перамогі я бачыла ў снах


Як даставаліся медалі сярэбранаму прызёру Алімпіяды-2012.

На заранку сваёй кар'еры Аляксандры Наркевіч удалося зрабіць немагчымае — выйграць чэмпіянат Еўропы не ў каго-небудзь, а ў саміх расіянак, што ў мастацкай гімнастыцы здараецца вельмі рэдка. Крыху пазней з'явілася ашаламляльная навіна: Саша за паўгода да Алімпійскіх гульняў у Лондане пераходзіць у групавое практыкаванне. І, як ні дзіўна, выдатна ўліваецца ў калектыў, больш таго, выйграе разам з дзяўчатамі сярэбраную ўзнагароду Алімпіяды.


Пасля Аляксандра атрымала цяжкую траўму ступні, але праз два гады складанага лячэння і аперацый усё ж вярнулася ў вялікі спорт, аднак на Гульні ў Бразілію не паехала. Замест гэтага ў дзяўчыны з'явілася свая школа мастацкай гімнастыкі і больш вольнага часу, які яна ўжо прывыкла праводзіць выключна прадуктыўна. У размове з карэспандэнтам «Звязды» Аляксандра Наркевіч успамінае Алімпіяду ў Лондане і расказвае, чым жывуць гімнасткі пасля спорту.

— Саша, у адным з інтэрв'ю ты сказала, што стаць чэмпіёнкай табе было наканавана.

— У 18 гадоў маю маму збіла машына, спінай яна прабіла лабавое шкло, з прычыны чаго два гады ляжала, лячылася, аперыравалася. Бабуля, занепакоеная лёсам дачкі, будучы ў камандзіроўцы ў Балгарыі, пайшла да нейкага празорцы, і той сказаў, што з мамай усё будзе добра, яна народзіць дзве дачкі і адна з іх стане алімпійскай чэмпіёнкай.

— Сама ты адчувала ў сабе такі патэнцыял?

— Не, я была самай звычайнай дзяўчынкай з пухлымі шчочкамі. Ніхто ніколі не ўскладаў на мяне асаблівых надзей. Але характар у мяне вельмі ўпарты, ён дапамог.

— Твая кар'ера ў асабовых практыкаваннях складвалася паспяхова?

— Цалкам. На маладзёжны чэмпіянат Еўропы ў 2008 годзе ў Турын мы ехалі, каб хоць у фінал трапіць, а атрымалася перамагчы Расію. Гэта тады, як і сёння, было нерэальна. Як цяпер, памятаю: ні я, ні Ірына Юр'еўна Ляпарская, гледзячы на табло з ацэнкамі, не верылі сваім вачам.

— Тады навошта было пераходзіць у групавое практыкаванне?

— Якраз пасля гэтага чэмпіянату Еўропы і паступіла такая прапанова, але я заўсёды казала, што ніколі ў жыцці не буду «групавічкай». Плакала ў падушку, сцвярджала, што наогул не буду хадзіць у залу і скончу, калі перайду туды. Жудасна баялася, таму што адна справа, калі ты нясеш адказнасць толькі за сябе, а іншая, калі ад цябе залежыць уся каманда.

У 2011 годзе на чэмпіянаце свету Люба Чаркашына падчас выступлення нашых «групавічак» кажа: «Цябе забяруць да іх у снежні». Паспрачаліся. 26 снежня мне патэлефанавалі, маўляў, прыходзь.

Першы час на трэніроўкі прыходзіла ў паніцы. Там усё па-іншаму: шмат тэхнічных адрозненняў, па часе тут праграма доўжыцца больш — дзве з паловай хвіліны. Калі-нікалі здавалася, да канца не дажыву, усё цела зводзіла сутарга.

— Сёння часта ўспамінаеш Лондан?

— Не, толькі калі дзецям на трэніроўках нешта расказваю.

— Памятаеш адчуванне, калі зразумела, што ў цябе ёсць алімпійскае серабро?

— Калі ў мяне пачаліся моцныя мігрэні, сталі сніцца прарочыя сны. Напярэдадні чэмпіянату Еўропы, які быў перад Алімпіядай, прыснілася наша адзнака, як мы выступілі, эмоцыі трэнера, наогул усё да дробязяў. І гэта спраўдзілася.

Калі з камандай з'язджалі ў Лондан, наша піяністка падарыла ўсім імянныя абразы. І вось у ноч перад фіналам на Гульнях я зноў не магла заснуць, хадзіла нават да доктара па таблеткі. Тут бачу ў сне, што нам заніжаюць першую адзнаку за выступленне, падыходзіць піяністка і кажа: «Вазьмі тое, што я вам дала». Раніцай усіх дзяўчат прымусіла ўзяць абразы з сабой на спаборніцтвы.

Пасля першага віду праграмы мы былі толькі чацвёртымі, але пра гэта не ведалі, а ў выніку аказаліся другімі. І ўсё гэта, было дакладна, як у маім сне. Тыя ж эмоцыі, нашы слёзы, слёзы трэнера.

Усведамленне гэтага поспеху з'явілася нашмат пазней, месяцы праз 3-4. Калі прыехала дадому пасля Алімпіяды, была такая псіхалагічная стомленасць, што я не магла адказваць на званкі, не магла глядзець на людзей.

— Многія пасля Гульняў завяршаюць кар'еру, ты пайшла па іншым шляху.

— Наогул, я збіралася зноў пераходзіць у асабовае практыкаванне, але потым аказалася, што мне так спадабалася ў групавым, што і сыходзіць ужо не хацелася. Гімнастыка прыносіла мне задавальненне, таму не было прычыны заканчваць. Пасля Алімпіяды ў 2013 годзе быў яшчэ чэмпіянат свету, які мы выйгралі ўпершыню за 15 гадоў. А за два тыдні да гэтага я атрымала траўму ступні.

— Якая «выбіла» цябе надоўга...

— Два гады. Мы рабілі ўсё — аперацыі, лячэнне, аднаўленне, але нічога не прыносіла вынікаў. Пласціна, якую паставілі мне ў нагу, праз некаторы час зламалася, і прыйшлося зноў рабіць аперацыю.

Першая доўжылася 8 гадзін, калі я адыходзіла ад наркозу, прыснілася, што адкрываю сваю школу мастацкай гімнастыкі. Расказала пра гэта італьянскаму прафесару, а ён мне кажа: «Я тваю нагу для Рыа рабіў, якая школа? На Алімпіяду з'ездзіш, тады і адкрывай!» Другая аперацыя доўжылася гадзін шэсць, і сніўся той жа сон.

За гэты час здараліся жудасныя нервовыя зрывы, але чым больш было праблем, тым мацней хацелася вярнуцца. Калі б я тады гэтага не зрабіла, дакарала б сябе ўсё жыццё. Шлях, які я прайшла, — гэта толькі на карысць, як кажуць, Бог не па сілах не дае.

— Усе гэтыя пакуты былі дзеля Алімпіяды-2016?

— Пасля вяртання з'ездзіла яшчэ на тры этапы Кубка свету і на Еўрапейскія гульні, дзе мы выступілі паспяхова. Трэніравалася, думала, што змагу падрыхтавацца да чэмпіянату свету, але здароўе пачало даваць збоі, турбавала ўжо не толькі ступня. За дзень магла некалькі разоў страціць прытомнасць. І нават пасля гэтага ўсё роўна думала ехаць на Алімпіяду ў Бразілію. Але потым пагаварылі з трэнерамі і вырашылі, што ўсё ж такі не варта ісці на такую рызыку і працягваць. За паўгода да Гульняў зразумела, што гэтай мары не наканавана спраўдзіцца, і пачала ствараць сваю школу мастацкай гімнастыкі.

— Якую бачыла ў сне пасля аперацыі?

— Так, усё атрымалася неяк само сабой, лёгка. Школа адкрылася за тры тыдні. Я практычна нічога не рабіла, проста зняла памяшканне, купіла дзве дарожкі, завяла старонку ў Інстаграме, і так усё паляцела.

— Гімнастыка за столькі гадоў не надакучыла, што вырашыла працягваць працаваць у гэтым напрамку і далей?

— Я заўсёды ведала, што нічым іншым займацца не змагу. Мне падабаецца і трэніраваць, і арганізоўваць сам працэс работы маёй школы. Мы там толькі шукаем таленты, трэніруем дзяцей,  каб яны любілі гэты від спорту, каб у зале не было крыкаў, слёз. Таму што ў гэтым узросце яны ўсё ўспрымаюць, як губка. Вось мне, напрыклад, у дзяцінстве сказалі, што рукі і ногі кароткія, я і сёння пра гэта думаю.

— Ёсць мара выхаваць чэмпіёна?

— Пакуль не ведаю. Можа, мне і хацелася б весці дзіця самой ад пачатку да п'едэстала, але на цяперашні момант не магу сказаць, што валодаю неабходным для гэтага вопытам. Я ведаю шмат добрых трэнераў, якім магу з задавальненнем аддаць таленавітую дзяўчынку, і буду ўпэўнена, яны давядуць яе да перамог.

— Ірына Юр'еўна Ляпарская неяк казала, што гімнасткі ў нас заўсёды знаходзяць сябе пасля спорту, ты адна з іх. Як думаеш, з чым гэта звязана?

— Спорт выхоўвае, гэта дысцыпліна, адказнасць. З такімі якасцямі лягчэй дамагацца поспехаў у жыцці. Вядома, ёсць і адваротны бок медаля, вельмі жорсткі. Можа, хтосьці думае, што ў нас у зале ўсіх хваляць, любяць і песцяць... Старонняму чалавеку дастаткова адзін раз прыйсці, паглядзець, колькі мы працуем, колькі сіл аддаём, каб спыніць развагі на тэму памеру зарплаты спартсменаў. Некаторым у нас на фітнес схадзіць складана, а гэта толькі адна тысячная таго, што робіць спартсмен кожны дзень.

— Кім бачыш сябе праз 10 гадоў?

— Мамай як мінімум дваіх дзяцей. Гэта галоўнае.

Дар'я Лабажэвіч

lobazhevich@zviazda.by

Фота Надзеі БУЖАН

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».