Вы тут

Археолагі разлічваюць нарэшце знайсці брытанскі транспарт «Прынц»


Гэтым летам археолагі разлічваюць нарэшце знайсці брытанскі транспарт «Прынц», які патануў у моцны шторм у лістападзе 1854 года. Мяркуецца, што разам з суднам пад ваду пайшло 200 тысяч фунтаў стэрлінгаў золатам, а некаторыя крыніцы называюць нават лічбу ў 500 тысяч.


Легендарны брытанскі парусна-вінтавы транспарт «Прынц», больш вядомы як «Чорны прынц», які восенню 1854 года перавозіў цёплыя рэчы і золата і затануў пад Севастопалем, можа быць знойдзены гэтым летам у ходзе сумеснай экспедыцыі Інстытута ўсходазнаўства РАН і Севастопальскага дзяржуніверсітэта, заявіў журналістам старшы навуковы супрацоўнік Інстытута ўсходазнаўства Віктар Лебядзінскі.

«Мы яшчэ ў мінулыя гады зафіксавалі некалькі судоў, якія адносяцца да гэтага знакамітага шторму перыяду Крымскай вайны. Пакуль дакладна сказаць, што гэта за судны, мы не можам. Яны ляжаць на глыбіні каля 80 метраў. Іх абследаванне і ідэнтыфікацыя выклікаюць цяжкасці. Яны пацярпелі падчас шторму і разбураны за час знаходжання ў вадзе. Сёлета мы будзем абследаваць гэтыя аб'екты», — паведаміў Лебядзінскі. «Прынц» 14 лістапада 1854 года патрапіў у моцны шторм. З 1870-х гадоў яго абломкі імкнуліся падняць розныя экспедыцыі, у тым ліку і італьянскага інжынера Джузэпэ Рэстучы. Спробы дастаць карабель рабіліся і ў савецкія гады, аднак поспеху не прынеслі.

Экспедыцыя 2017 года стане другім сумесным праектам Інстытута ўсходазнаўства і СевДУ ў рамках гадавой школы «Марская спадчына Расіі». У 2016 годзе археолагам і студэнтам удалося даследаваць месца караблекрушэння рускага судна ХVІІІ стагоддзя ў раёне мыса Тарханкут, месца гібелі лінкара «Наварасійск» у Севастопальскай бухце. Падводныя археолагі летам вывучалі выяўленыя на дне Севастопальскай бухты два караблі — драўляны часоў першай абароны горада ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя і кляпаны металічны пабудовы пачатку ХХ стагоддзя, які браў удзел у абароне горада ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Гістарычная даведка

У ліпені 1854 года брытанскае Адміралцейства набыло парусна-вінтавы транспарт, які потым атрымаў назву «Прынц», заплаціўшы за яго 105 тысяч фунтаў. Транспарт прыняў на борт 150 чалавек і груз цёплага адзення, у якім мелі вострую патрэбу брытанскія войскі на Крымскім паўвостраве. 14 лістапада 1854 года «Прынц», які стаяў на глыбакаводнай якарнай стаянцы каля Балаклавы, трапіў у моцны шторм. Стыхія сарвала транспарт з якараў і кінула на скалы: судна неўзабаве развалілася на часткі. Са 150 чалавек, якія знаходзіліся на борце, выратаваліся толькі шасцёра. Гібель судна выклікала ў Вялікабрытаніі шырокі грамадскі рэзананс. Віной таму была не толькі гібель людзей, але і страта грузу цёплых рэчаў, у якім вельмі мелі патрэбу брытанскія салдаты, якія пакутавалі ад рускіх халадоў. Па некаторых падліках золата, якое знаходзілася на борце «Прынца», раўнялася суме каля 200 тысяч фунтаў стэрлінгаў. У свеце вядома аб 15 буйных замежных экспедыцыях, але яны былі безвыніковымі. Пошукамі скарбаў транспарту, які з падачы шукальнікаў атрымаў назву «Чорны прынц» і па якой больш вядомы ў свеце, займаліся скарбашукальнікі ЗША, Нарвегіі, Францыі, Германіі, Іспаніі. Усе, акрамя англічан. Брытанцы выдатна ўмеюць захоўваць уласныя сакрэты — ваенныя архівы часоў Крымскай вайны засакрэчаныя да гэтага часу.

Іван КУПАРВАС

hvir@zviazda.by

Загаловак у газеце: Па брытанскае золата

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».