Вы тут

Як завяршылася ў Гамбіі барацьба за ўладу?


Яйя Абдул-Азіз Джамус Джункунг Джамэ, які займаў пасаду прэзідэнта Гамбіі больш за 20 гадоў, заявіў аб тым, што ён адмаўляецца ад барацьбы за ўладу і саступае месца Адама Бэроу (у снежні ён перамог на выбарах). Рашэнне было прынята пасля працяглых перамоў Джамэ з прэзідэнтамі Ліберыі, Гвінеі і Маўрытаніі, якія выступілі ў якасці пасрэднікаў для вырашэння палітычнага крызісу. Экс-прэзідэнт заявіў па тэлебачанні, што ў Гамбіі не павінна праліцца ні кроплі крыві. А Адама Бэроу ў «Твітары» напісаў, што па выніках перамоў Джамэ пагадзіўся пакінуць Гамбію і саступіць пасаду. Краіна знаходзілася літаральна за паўкроку ад вайны — на яе тэрыторыю ўжо былі ўведзены войскі некалькіх афрыканскіх дзяржаў. Як удалося вырашыць канфлікт, што прыцягнуў увагу ўсяго свету?


Пятая рэспубліка

Гамбія — невялічкая дзяржава ў Заходняй Афрыцы (фактычна паўанклаў), адзіным суседам якой з'яўляецца Сенегал. Ён акружае яе з трох бакоў за выключэннем 80 кіламетраў ўзбярэжжа акіяна. Гамбія выцягнутая ўздоўж ракі, якая дала ёй назву, і ў самай вузкай частцы шырыня дзяржавы не перавышае 50 км. Гэта самая маленькая краіна кантынентальнай Афрыкі (тэрыторыя — 11,3 тыс. кв. км). Колькасць насельніцтва складае каля 2 млн чалавек. Сталіца — Банджул (35 тыс. жыхароў).

Гэта былая партугальская калонія, у ХVІ стагоддзі прададзеная брытанскай кароне. А дагэтуль уваходзіла ў імперыю Малі. Яе тэрыторыя для еўрапейскіх каланізатараў была крыніцай таннай працоўнай сілы — рабоў. За тры стагоддзі, што еўрапейцы дамінавалі ў Гамбіі, яны вывезлі 3 млн чалавек.

Краіна дэ-факта атрымала незалежнасць 18 лютага 1965 года як канстытуцыйная манархія ў рамках брытанскай Садружнасці нацый. Праз некаторы час урад правёў рэферэндум, якім меў намер ператварыць краіну ў рэспубліку. Дзве трэці галасоў, неабходныя для ўнясення змяненняў у канстытуцыю, сабраць не ўдалося. Але галасаванне стала прарывам: нядаўняя калонія змагла на належным узроўні забяспечыць тайнае волевыяўленне з выкананнем правоў і свабод чалавека. Таму быў праведзены другі рэферэндум, і ў 1970 годзе краіна стала рэспублікай.

Хоць незалежнасць Гамбія абвясціла яшчэ ў 1965-м, да нядаўняга часу тут было толькі два кіраўнікі. Спачатку — Дауда Джавара, прэм'ер-міністр краіны пры каралеве Лізавеце ІІ, а пасля і першы прэзідэнт, які кіраваў 24 гады. Джавара стаў прэзідэнтам у 1970-м. Ён пераабіраўся пяць разоў. Але гэта не значыць, што яго кіраванне было бясхмарным. Так, у 1980-х яго ўжо спрабавалі скінуць. Незадаволенасць кіраўніцтвам краіны сярод насельніцтва справакавалі падзенне эканомікі і карупцыя сярод высокапастаўленых чыноўнікаў. Пераварот спрабавалі арганізаваць мясцовыя левыя, пакуль сам Джавара знаходзіўся з візітам у Лондане. Тады на дапамогу прэзідэнту прыйшоў той жа Сенегал, які для падаўлення бунту накіраваў 2700 салдат. Пераварот не адбыўся, але каштаваў жыцця амаль 800 чалавекам. Верагодна, у якасці платы за дапамогу Сенегал запатрабаваў ад Джавары яшчэ большай інтэграцыі. І Гамбія ў 1982-м на сем гадоў стала членам канфедэрацыі Сенегамбія.

А ў 1994 годзе адбыўся яшчэ адзін пераварот, які завяршыўся поспехам. На яго чале стаяў камандуючы Узброенымі сіламі Часовага кіруючага савета лейтэнант Яйя Джамэ. 3 кастрычніка 2013 года краіна выйшла з Садружнасці нацый з фармулёўкай «Гамбія ніколі не будзе членам неакаланіяльнай установы». У 2015-м Джамэ абвясціў Гамбію ісламскай рэспублікай, на той час пятай у свеце (такі статус таксама ў Ірана, Пакістана, Афганістана і Маўрытаніі). Канстытуцыя ўтрымлівае норму аб свабодзе веравызнання, але галоўнай рэлігіяй стаў іслам (гэтую рэлігію вызнаюць каля 90 працэнтаў насельніцтва). У тым жа годзе краіна адмовілася ад англійскай мовы і перайшла на арабскую.

У кастрычніку 2016 года краіна абвясціла і пра выхад з членства ў Міжнародным крымінальным судзе. «Гэтае рашэнне тлумачыцца тым, замест таго каб быць Міжнародным крымінальным судом, гэта насамрэч Міжнародны еўрапейскі суд, які пераследуе і прыніжае каляровых людзей, асабліва афрыканцаў», — заявіў тагачасны міністр інфармацыі краіны Шэрыф Боджанг.

Зёлкі ад СНІДу

Гамбія застаецца слабаразвітой аграрнай дзяржавай — 3/4 працаздольнага насельніцтва краіны занята ў сельскай гаспадарцы. Паводле звестак ААН, каля паловы жыхароў жывуць за мяжой беднасці. ВУП Гамбіі за мінулы год самы нізкі ў Афрыцы — $886 млн. Па гэтым паказчыку краіна знаходзіцца на 179-м месцы ў свеце, тады як суседні Сенегал — на 116-м. ВУП на душу насельніцтва — $1,7 тыс. (40-е месца з 54 краін Афрыкі). Мінімальная заработная плата складае 1,25 долара ў дзень, што ніжэй усталяванай мяжы беднасці ($1,9).

Гамбія гандлюе арахісам — гэта аснова яе экспарту і наогул эканомікі. Пастаўляе за мяжу таксама рыбу, ядры пальмавых арэхаў. Для ўнутранага спажывання тут вырошчваюць рыс, кукурузу, маніёк. Турызм прыносіў каля 20% ВУП, але паток прыезджых скараціўся з 2014 года ў сувязі з распаўсюджваннем віруса Эбола ў суседніх краінах Заходняй Афрыкі.

Калі Яйя Джамэ прыйшоў да ўлады, яму было ўсяго 29 гадоў. Тады, а пасля яшчэ ў 2001-м і 2006-м ён трапляў у Кнігу рэкордаў Гінеса як самы малады з дзеючых кіраўнікоў дзяржаў. Дарэчы, лейтэнант Джамэ праходзіў ваенную падрыхтоўку ў ЗША, вучыўся ў Mіlіtаrу Роlісе Оffісеrs Bаsіс Соursе ў Форт-Маклелане ў штаце Алабама і якраз у 1994 годзе атрымаў дыплом па ваеннай справе.

Стаўшы прэзідэнтам і хутка «прайшоўшы» шлях да палкоўніка, Джамэ ўвёў для сябе дадатковыя рэгаліі. Цалкам яго тытул гучаў наступным чынам: «Яго правасхадзіцельства прэзідэнт шэйх прафесар Аль-хаджы доктар Яйя Джамэ». Дарэчы, за прыхільнасць да квяцістых тытулаў яго неаднаразова параўноўвалі з іншымі экстравагантнымі афрыканскімі лідарамі, такімі, напрыклад, як кіраўнік Заіра (цяпер Дэмакратычная Рэспубліка Конга) Мабуту Сесе Сека, а таксама «Уладар усіх звяроў на зямлі і рыб у моры, Заваёўнік Брытанскай імперыі» Ідзі Амін з Уганды.

У 2010-м нязменны прэзідэнт (усенародна абіраўся ў 1996, 2001 і 2006 гадах) выказаў жаданне стаць каралём Гамбіі, але, зрэшты, сам жа і адмовіўся ад гэтай ідэі. Замест каранацыі Джамэ зноў заняў пасаду прэзідэнта — у 2011-м. Імкненне стаць абсалютным манархам зусім не перашкодзіла Джамэ ў пачатку 2000-х паўдзельнічаць у сустрэчы тагачаснага прэзідэнта ЗША Джорджа Буша-малодшага з лідарамі заходнеафрыканскіх дзяржаў з дэмакратычнай формай праўлення.

На пасадзе прэзідэнта Джамэ, сярод іншага, праславіўся заявай, што знайшоў лекі ад СНІДу і астмы. Гэтыя цяжкія захворванні ён прапаноўваў лячыць адварамі з зёлак. У 2009 годзе яго адміністрацыя абвясціла кампанію па збавенні краіны ад ведзьмакоў, пасля таго як Джамэ абвясціў, што менавіта тыя вінаватыя ў смерці яго цёткі. Прэзідэнт Гамбіі сцвярджаў, што і сам валодае звышнатуральнымі здольнасцямі. Джамэ таксама вызначыўся барацьбой за дысцыпліну. «Моладзь, якая гуляе ў футбол у сезон дажджоў і адмаўляецца працаваць на краіну, будзе сядзець у турме», — заявіў лідар на сустрэчы з грамадзянамі ў 2003 годзе. Зрэшты, нязменны прэзідэнт выкарыстоўваў не толькі пугу, але і пернік. У 2013-м Джамэ прыняў рашэнне аб усталяванні чатырохдзённага працоўнага тыдня, прыплюсаваўшы да ўік-энду яшчэ і пятніцу.

«Ніхто, апроч Алаха»

Джамэ спачатку прызнаў паражэнне, аднак пасля адмовіўся перадаваць паўнамоцтвы абранаму новаму кіраўніку дзяржавы. Хоць Адама Бэроу атрымаў бясспрэчную перамогу: вядомага ў краіне бізнесмена, які займаецца нерухомасцю, падтрымалі 45,5% выбаршчыкаў, тады як дзеючы кіраўнік набраў толькі 36,7% галасоў. Бэроу вывучаў асновы бізнесу ў Вялікабрытаніі, а з 2013 года займаў пасаду скарбніка кіруючай партыі.

Джамэ заявіў, што ніхто не можа пазбавіць яго перамогі, апроч Алаха, і ўвёў на 90 дзён ваеннае становішча ў краіне. Напярэдадні нацыянальная асамблея Гамбіі падоўжыла яго паўнамоцтвы. У Банжуле пачаліся акцыі пратэсту. Пасля гэтага ўлады Сенегала вырашылі ўвесці ў Гамбію войскі, каб «стабілізаваць напружаную сітуацыю ў краіне». Да іх падключыўся ваенны кантынгент Эканамічнай супольнасці заходнеафрыканскіх дзяржаў (ЭКОВАС), які задзейнічаў сухапутныя, паветраныя і марскія рэсурсы армій 15 краін. Дзеянні Сенегала падтрымалі ваенна-паветраныя сілы Нігерыі. Кантынгент арміі ўключыў «значныя сухапутныя, паветраныя і марскія сілы», адзначыў палкоўнік сенегальскай арміі Абду Ндзіайе. У інтэрвенцыі ў Гамбію ў рамках аперацыі «Аднаўленне дэмакратыі» ўдзельнічалі каля 7 тысяч вайскоўцаў кааліцыі і тэхніка, уключаючы знішчальнікі, сродкі транспартнай авіяцыі, лёгкія шматмэтавыя верталёты, а таксама паветраныя судны. У выпадку паўнавартаснай інтэрвенцыі стрымаць нападнікаў арміі Гамбіі было б цяжка, нягледзячы на рэгулярны ўдзел вайскоўцаў краіны ў міратворчых аперацыях у краінах Афрыкі, Афганістане, Косаве іншых гарачых кропках — колькасць жывой сілы складае ўсяго каля тысячы чалавек (два пяхотныя батальёны, рэспубліканская гвардыя і ахова прэзідэнта). Таксама на ўзбраенні арміі краіны адзін франтавы штурмавік Су-25.

Вайсковую аперацыю падтрымаў Дзярждэп ЗША. Аналагічную пазіцыю занялі ў ААН — генеральны сакратар Антоніу Гутэрыш павіншаваў Бэроу з яго «інаўгурацыяй», якая прайшла 19 снежня ў сталіцы Сенегала Дакары, і выказаў занепакоенасць дзеяннямі Джамэ. Прэзідэнт Францыі Аланд таксама выказаў гатоўнасць сустрэцца з Бэроу як з новым прэзідэнтам краіны. Між тым жыхары масава ўцякалі з краіны: з моманту пачатку баявых дзеянняў Гамбію пакінулі ўжо больш за 50 тысяч чалавек.

На шчасце, вайны ўдалося пазбегнуць. Як заўважыў загадчык Цэнтра даследавання расійска-афрыканскіх адносін і знешняй палітыкі краін Афрыкі Інстытута Афрыкі РАН Яўген Карэндзясаў, умяшанне Сенегала абумоўлена яшчэ і іншымі прычынамі. «Тэрыторыя Гамбіі не толькі пранізвае сенегальскую ад Атлантыкі да Сахары, але мяжа яшчэ і ідзе ўздоўж раёнаў Сенегала, дзе актыўныя сепаратысты. Яму не патрэбна лішняя нестабільнасць у рэгіёне, — растлумачыў афрыканіст. — Будуць зроблены ў першую чаргу дыпламатычныя намаганні, каб вярнуць падзеі ў легітымнае рэчышча». Так яно, дарэчы, і атрымалася. Джамэ атрымаў прытулак у Экватарыяльнай Гвінеі, а Бэроу рыхтуецца да сапраўднай інаўгурацыі. Магчыма, краіна здольная будзе зноў стаць «берагам усмешак».

Захар БУРАК

burаk@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Афрыканскі «гамбіт»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пераможца «Жанчыны года-2018»: З трыма дзецьмі можа справіцца кожная пара

Пераможца «Жанчыны года-2018»: З трыма дзецьмі можа справіцца кожная пара

Тры гады таму прозвішча Трыкоза ўжо было на слыху.

Грамадства

Мэр Брэста Аляксандр Рагачук: Дзеці ў пясочніцах на касцях гуляць не будуць

Мэр Брэста Аляксандр Рагачук: Дзеці ў пясочніцах на касцях гуляць не будуць

Кіраўнік Брэсцкага гарвыканкама адмеркаваў рэзанансную тэму раскопак на тэрыторыі гета.

Культура

Як  мастак Май Данцыг ствараў свае карціны

Як мастак Май Данцыг ствараў свае карціны

Наватар, «шасцідзясятнік», ваяўнічы аптыміст — гэта ўсё пра яго.