Вы тут

Спектакль «Беларусь. Дыдактыка» перадае аўтэнтычную прыгажосць


Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі, што 1 лютага святкуе юбілей, прадставіў новы спектакль. Прэм'ера пастаноўкі «Беларусь. Дыдактыка» рэжысёра і кіраўніка Цэнтра беларускай драматургіі Аляксандра Марчанкі адбылася 20 студзеня. Прыгожы жанр «дарога да сябе», два акцёры на сцэне — народная артыстка Беларусі Таццяна Мархель і музыкант Дзмітрый Лук'янчык, беларускія краявіды на экране, фальклор, беларуская літаратура, чырвоныя пацеркі. Бессюжэтны спектакль дзейнічае на органы пачуццяў і, нягледзячы на тое, што ад назвы павявае дакладнымі катэгорыямі, прымушае беларускую прыгажосць не вывучыць, а адчуць.


Музыка сядзіць за барабаннай устаноўкай, вялікі экран, бліжэй да гледача ўверсе яшчэ чатыры маленькія, табурэт, паўзмрок. Усё пачынаецца з успамінаў: Таццяна Мархель на экране расказвае пра свайго бацьку, ідзе па тэатральных лабірынтах, часам прыпыняецца, падымаецца па лесвіцы, стамляецца і ўсё ўспамінае, успамінае, успамінае. Каментуючы спектакль, народная артыстка прызнаецца, што раней быць адкрытым і шчырым на сцэне ёй здавалася няёмкім і нязручным. Але ж калі браць прыклад з класікаў — Быкава, Барадуліна, Бураўкіна, то чаму б, маўляў, і не раскрыцца.

Песні, што гучаць у «Дыдактыцы», — гэта тое асабістае і ёсць. Асабістае Таццяны Мархель. Гэтыя песні артыстка пераняла ад маці, якая спявала, калі ішла са жніва, калі гатавала, калі святкавалі вяселлі. Іх Таццяна Мархель спявала разам з Дзмітрыем Лук'янчыкам. Імі яны падзяліліся з Аляксандрам Марчанкам. Працуючы над спектаклем, усе разам слухалі песні і падбіралі ўрыўкі з літаратурных твораў, якія б склалі ў выніку арганічную сувязь.

«Калі я пачуў, як Таццяна Рыгораўна і Дзіма Лук'янчык спяваюць песні, што ў выніку выконваюцца ў спектаклі, і ўвогуле, як яны спяваюць, я падумаў: як гэта прыгожа. І мне захацелася гэтым падзяліцца. Тут хаваецца асноўная ідэя, якой я кіраваўся на працягу перыяду падрыхтоўкі. Больш глабальныя рэчы (адказваючы на пытанне пра пацвярджэнне пастаноўкай беларускасці, самастойнасці мовы і нацыі. — Аўт.) могуць узнікаць у свядомасці гледача, але насамрэч тое, што робяць акцёры, — не глабальнае, а лакальнае. Мне падаецца, менавіта ў гэтым уся асалода, таму што разважанні вакол існавання ці адсутнасці беларускасці — гэта ўсё канструкты ад галавы. Так, вядома, на «Дыдактыку» можна глядзець праз гэту прызму, але згодна з маёй ідэяй спектакль на эмацыйным узроўні ўспрымаецца як беларуская аўтэнтычная прыгажосць. Усё астатняе хай прыдумляе глядач», — каментуе рэжысёр.

І вось калі з экрана народная артыстка, ужо праслязіўшыся ад успамінаў, знікае — яна, быццам на бенефіс, выходзіць на сцэну. Так яно і атрымліваецца: «Беларусь. Дыдактыка» — амаль монаспектакль, ён і грунтуецца на прыватным жыцці сваёй гераіні і нават на яе болю прыватным.

Знаёмыя напевы. «А што ж мой міленькі не начуе дома» — здаецца, нічога звышнатуральнага, затое ў гэтай простасці ёсць адсылка да глыбокай даўнасці. Такі падмурак трэба адчуць кожнаму. Пастаноўка ў пэўным сэнсе калі не адшуквае і не імкнецца пацвердзіць, то нагадвае, што ў нашай нацыі, краіны, людзей падмурак ёсць — пяшчотны, журботны, гаротны, але наш.

Гэта так своечасова. «Апошнім часам, — чытаю каментарый рэжысёра на сайце тэатра, — ужо ў гэтым усплёску беларускасці, які пачаўся не так даўно, былі размовы накшталт «ды што гэта за краіна Беларусь?», што «яна існуе толькі 90 гадоў» і «мова беларуская — гэта дыялект рускай». У гэтым кантэксце, калі глядач чуе беларускі фальклор, бачыць беларуску Таццяну Мархель з вёскі Шпакоўшчына, бацька якой не вярнуўся з фронту, слухае класікаў і бачыць дарогу ў беларускую далячынь (усё на адной сцэне), напэўна, скурай адчувае, што «гэтыя канструкты» — сапраўды ад галавы.

Так аскетычна гэта ўсё глядзіцца на драўлянай падлозе РТБД. Простасць увогуле нам уласціва. «Беларусь. Дыдактыка» ўздзейнічае таксама проста, дазваляючы ўбачыць гэту прыгажосць і на падсвядомым узроўні дабудаваць усё астатняе, свой падмурак.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

katsyalovich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Адчуць беларускасць

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.