Вы тут

Ці магчымы канструктыўны дыялог сям'і са школай?


«Чаму ён не слухаецца?», «Чаму не хоча нічога рабіць?», «Чаму маўчыць, грубіяніць, дрэнна вучыцца?», «Чаму настаўніца не растлумачыла гэта на ўроку?», «Чаму мяне бясконца выклікаюць у школу?» — гэтыя пытанні штодня задаюць многія бацькі. Дзеці растуць, і праблемы толькі ўскладняюцца. Хтосьці ад безнадзейнасці апускае рукі і больш не шукае адказы на свае шматлікія «чаму?», пусціўшы выхаванне дзяцей на самацёк. Пра тое, ці можна дапамагчы бацькам і як наладзіць канструктыўны дыялог паміж сям'ёй і школай, мы гутарым з метадыстам Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, заслужаным работнікам адукацыі Рэспублікі Беларусь Ганнай ДАБРЫНЕЎСКАЙ:


Дзе шукаць дапамогу?

— Ганна Іванаўна, апошнім часам усё часцей мы назіраем узаемную незадаволенасць: бацькоў — педагогамі і работай школы, а педагогаў — бацькамі, перакладанне віны з хворай галавы на здаровую, маўляў, бацькі не даглядзелі, не пракантралявалі, школа не вучыць, а толькі патрабуе... Усе тыцкаюць пальцам на школу. І што ў гэтай сітуацыі рабіць?

— Прынята лічыць, што дзеці — гэта шчасце. Аднак чаму мы так часта бачым незадаволеных жыццём стомленых мам і татаў, любімыя дзеці якіх сталі для іх галаўным болем? Пры набыцці любой тэхнікі, любога прыбора, нам, як карыстальнікам, выдаюць інструкцыю, а пры нараджэнні дзіцяці інструкцыю, як выхаваць з яго паважанага і паспяховага чалавека, бацькі, на жаль, не атрымліваюць. Таму для большасці пытанне «як?» востра паўстае кожны дзень.

Разумеючы ўсю складанасць сітуацыі, Міністэрства адукацыі і Акадэмія паслядыпломнай адукацыі прынялі рашэнне распачаць з 2016 года на базе 11 устаноў адукацыі рэалізацыю інавацыйнага праекта па ўкараненні мадэлі развіцця псіхолага-педагагічнай кампетэнтнасці бацькоў. Гэта, вядома, не курсы павышэння кваліфікацыі для бацькоў і не ліквідацыя іх поўнай неадукаванасці, а менавіта інавацыйная дзейнасць па засваенні новых, больш эфектыўных, мадэляў супрацоўніцтва сям'і і школы.

— А як узаемадзеянне школы і бацькоў было арганізавана да апошняга часу?

— Як правіла, гэта традыцыйныя бацькоўскія сходы інфармацыйнага характару, бацькоўскія ўніверсітэты, сустрэчы, лекцыі, сумесныя святы, паходы, экскурсіі... Дзе-нідзе арганізуюцца бацькоўскія клубы, школы для маладых бацькоў. Калі навучальныя заняткі або пазнавальныя сустрэчы і адбываюцца, то толькі па «сцэнарыях» настаўнікаў, без уліку запытаў бацькоў. Найбольш актыўныя ўдзельнікі такіх мерапрыемстваў — паспяховыя бацькі. А не вельмі паспяховыя рэдка і неахвотна наведваюць бацькоўскія сходы, дзе промахі і няўдачы дзяцей абмяркоўваюцца публічна. Там яны адчуваюць сябе няўтульна і з нецярплівасцю чакаюць іх заканчэння. У большасці выпадкаў такія бацькі проста адмоўчваюцца, саромеюцца задаваць пытанні і не ведаюць, дзе шукаць дапамогі.

Індывідуальныя праблемы і патрэбы бацькоў не вывучаюцца і не ўлічваюцца. У кожнага яны свае. У адных праблема, як заахвоціць дзяцей да чытання без пакаранняў і строгіх загадаў, у другіх — колькі грошай даваць падлетку і ці кантраляваць іх траты. Ці рабіць грошы інструментам падтрымкі і пакарання? У трэціх пытанні больш складаныя: як перамагчы або прадухіліць шкодныя звычкі, агрэсіўнасць (асабліва аўтаагрэсію), нежаданне вучыцца і прагулы заняткаў... Бацькі часта не разумеюць сваіх дзяцей, бо не ведаюць іх узроставыя і індывідуальныя асаблівасці, здольнасці, інтарэсы і патрэбы, асабліва ў перыяд сталення. Сядзіць дзіця за камп'ютарам — бацькі і рады. Добра, што па дварах не сноўдаецца, не курыць і не колецца. Дзеці прадастаўлены самі сабе. Некаторыя занадта песцяць дзяцей (у матэрыяльным плане). Не цікавяцца паводзінамі і настроем дзяцей у школе, а толькі адзнакамі. Гэта таксама дрэнна.

Нават тыя бацькі, якія трацяць на выхаванне сваіх дзяцей велізарную колькасць энергіі (наведваюць разам з імі раннія школы развіцця, разнастайныя гурткі, секцыі) і выконваюць свае бацькоўскія функцыі з вялікім захапленнем, маюць шмат пытанняў без адказаў. Напрыклад, ці трэба да школы вучыцца чытаць, у колькі гадоў пачынаць вучыць музыцы, замежнай мове, гуляць у бадмінтон і гэтак далей? Дарэчы, пры такім раскладзе сіл і спраў часу і ў дзяцей, і ў бацькоў на асабістыя зносіны, простую гутарку пра кветкі, птушак, дрэвы або пра што-небудзь вельмі патаемнае не застаецца зусім. Адсюль — каманды, патрабаванні, вокрыкі, абрыванні, пагрозы, пакаранні... Доктар медыцыны і псіхалогіі Уладзімір Леві пісаў: «Вялікі сакрэт выхавання: хочаце выхаваць дзіця, пачынайце выхоўваць яго бацькоў».

Сямейныя «ўніверсітэты»

— Але як прыцягнуць іх у школу і стварыць умовы, каб бацькам захацелася з настаўнікам супрацоўнічаць?

— Будзе цяжка, але ж нішто добрае не дасягаецца без намаганняў. Наш праект па ўкараненні мадэлі развіцця псіхолага-педагагічнай кампетэнтнасці бацькоў — гэта запрашэнне да двухбаковага супрацоўніцтва, да сумеснага пошуку шляхоў і сродкаў эфектыўнага выхавання дзяцей у сям'і, у школе і ў грамадстве.

Праца па новай мадэлі ўзаемадзеяння школы з бацькамі абапіраецца на дыягностыку і прадугледжвае навучанне перш за ўсё менш актыўнай, не вельмі паспяховай групы бацькоў і паралельна навучанне саміх настаўнікаў спосабам выяўлення адукацыйных запытаў бацькоў, метадам іх задавальнення і павышэння матывацыі да далейшай бесперапыннай самаадукацыі.

— Патлумачце, калі ласка, што хаваецца за тэрмінам «бацькоўская кампетэнтнасць»?

— Гэта гатоўнасць і здольнасць на аснове ведаў, уменняў, навыкаў і вопыту ў галіне выхавання дзіцяці мэтанакіравана ствараць эмацыянальна камфортнае, развіваючае асяроддзе і дапамагаць дзецям расці і сталець. Бацькоўская кампетэнтнасць — вельмі важны складнік самарэалізацыі дарослага чалавека.

Бацькі павінны зразумець і прыняць, што зносіны на роўных, дыялог з дзіцем, давер і шчырасць у сям'і намнога важнейшыя за любыя матэрыяльныя даброты. Мы паспрабуем навучыць бацькоў тэхнікам сямейнага дыялогу, дастукацца да іх і растлумачыць, што менавіта яны з'яўляюцца першай і галоўнай апорай для сваіх дзяцей... Вядучы прынцып, на якім грунтуецца сямейнае выхаванне, — гэта любоў, разумная, дзейсная любоў да дзяцей. Не аўтарытарная, не патуральніцкая, не сляпая або абыякавая, а менавіта разумная. Гэтаму можна навучыцца, навучыцца з дапамогай педагогаў, псіхолагаў, іншых спецыялістаў...

Некаторыя з бацькоў могуць сказаць: «Навошта мне вучыцца? Для чаго ў такім выпадку настаўнікі заканчвалі ўніверсітэты?!» А галоўным аргументам некаторых педагогаў, напэўна, будзе: «Вучыць бацькоў? А дзе ўзяць час?» Не выключана, што знойдзецца і дырэктар, які скажа: «Мне яшчэ і бацькоў вучыць? Хопіць з мяне вучняў!» І кожны па-свойму будзе мець рацыю. Так, сапраўды, перагрузкі зашкальваюць. Але мы ўсе любім дзяцей, любім сваю працу, сваю краіну, усе хочам вырасціць выхаваных і дастойных людзей. А для тых, каго любіш, каму жадаеш шчасця і поспеху, час знойдзецца заўсёды.

Інфраструктура праекта ўключае творчыя міні-групы педагогаў: дзеці і школа, дзеці і здароўе, дзеці і праца, дзеці і соцыум, сям'я і дзеці, дзеці і вольны час, дзеці і прафесія, дзеці і камп'ютары. У назве кожнай міні-групы закладзена стратэгічная мэта: як бацькі могуць дапамагчы дзецям паспяхова вучыцца, як выбраць прафесію і г.д. Педагогі займаюцца распрацоўкай праграм і сцэнарыяў навучальных заняткаў для бацькоў, праводзяць для іх майстар-класы, выяўляюць паспяховы вопыт сямейнага выхавання і арганізуюць навучанне бацькоў па нейкім кірунку сіламі калег-бацькоў, распрацоўваюць памяткі і метадычныя рэкамендацыі для іх і г.д. Арганізаваны таксама групы інфармавання і псіхолага-педагагічнага суправаджэння інавацыйнай дзейнасці. Уся работа плануецца і арганізуецца сумесна з бацькоўскімі камітэтамі класаў. Прадугледжана таксама супрацоўніцтва па асобных пытаннях з профільнымі ўстановамі (медыцынскімі, праваахоўнымі і іншымі).

Я ўпэўнена, што ўсе бацькі могуць зрабіць для сваіх дзяцей намнога больш, чым яны робяць сёння. Але для гэтага трэба працаваць. Пытанняў шмат, і нават настаўнік не заўсёды ведае на іх адказы. Таму вельмі важна не замоўчваць праблемы і разам шукаць рашэнні.

Чаму дзеці становяцца «глухімі»?

10 правілаў выхавання ад настаўнікаў — інструктараў Міжнароднай арганізацыі, якая працуе з цяжкімі падлеткамі і сем'ямі ў Амерыцы:

1. Стаўцеся да выхавання нефармальна. Звяртайце ўвагу на якасць праведзенага з дзіцем часу, а не на яго колькасць. Сучаснае жыццё навучыла нас міжволі эканоміць на ўсім, у тым ліку на эмоцыях, размовах, стасунках. Разам з тым навукова даказана, што нават адмоўная ўвага (незадавальненне, асуджэнне) лепшая, чым халоднасць і абыякавасць.

2. Менш кажыце — болей рабіце. Статыстыка сцвярджае: мы даем сваім дзецям да 2000 (!) парад і заўваг штодня. Таму не дзіўна, што яны становяцца «глухімі». Калі дзіця, нягледзячы на вашы просьбы, з зайздроснай абыякавасцю кідае ў пральную машыну шкарпэткі, вывернутыя навыварат, аднойчы памыйце іх так. Хай само пераканаецца, што ў такім выглядзе іх немагчыма прамыць і высушыць. Справы больш пераканальныя за словы.

3. Дайце дзецям адчуць, што яны моцныя, легальнымі спосабамі, інакш яны самі знойдуць нелегальныя. А для гэтага з дзецьмі трэба раіцца, даваць ім права выбіраць, купляць, лічыць грошы, рыхтаваць нескладаныя стравы. Двухгадоваму дзіцяці па сілах вымыць пластыкавы посуд, садавіну, прыбраць сталовыя прыборы ў скрыню. Калі вы будзеце абыходзіцца без дапамогі дзяцей, то пазбавіце іх магчымасці адчуваць сябе патрэбнымі і моцнымі.

4. Не забывайце думаць пра тое, да чаго могуць прывесці вашы словы і ўчынкі. Калі мы ўмешваемся без вострай неабходнасці, мы пазбаўляем дзяцей магчымасці бачыць наступствы і вучыцца на ўласных памылках, тым самым падмяняем атрыманне ўласнага досведу бурклівымі натацыямі. Калі ваша дзіця забывае ўзяць з сабой сняданак, не кладзіце яго кожны дзень у партфель. Дайце яму забыць і прагаладацца...

5. Усе вашы правілы і патрабаванні павінны быць лагічна абгрунтаваныя і зразумелыя дзіцяці.

6. Пазбягайце канфліктаў. Калі дзіця правярае вас істэрыкай, крыўдай, злосцю або гаворыць з вамі непаважліва, лепш сысці і сказаць, што вы яго чакаеце ў суседнім пакоі, каб спакойна пагаварыць. Не паддавайцеся на правакацыі і захоўваеце спакой з усіх сіл. Калі вы пакрыўдзіліся або раззлаваліся — вы прайгралі.

7. Дзіця павінна заўсёды быць упэўнена, што яго любяць незалежна ад таго, што яно зрабіла. Калі сумняваецеся ў правільнасці сваіх патрабаванняў, спытайце сябе шчыра: «Ці будзе дзіця ад гэтага больш упэўненым у сваіх сілах?»

8. Трэба ўмець быць добрым і цвёрдым адначасова. Вы сказалі дачцэ, што трэба апрануцца за пяць хвілін, інакш пасадзіце яе ў машыну ў начной кашулі. Па заканчэнні пазначанага тэрміну маеце поўнае права спакойна і беражліва аднесці яе ў машыну. Наступны раз у вас не будзе праблем раніцай з апрананнем.

9. Трэба заўсёды памятаць пра вечнасць і пра тое, што наша слова адгукнецца праз гады, калі нашы дзеці будуць выхоўваць нашых унукаў. Зыходзячы з гэтых меркаванняў, часам даводзіцца адмаўляцца ад простых і хуткіх рашэнняў. Калі мы дазваляем сабе ўдарыць дзіця, то, спрабуючы вырашыць праблему імгненна, мы прывучаем яго да агрэсіўных дзеянняў у сітуацыях, калі чагосьці хочаш дамагчыся ад іншага чалавека або дзіцяці.

10. Будзьце паслядоўныя. Калі вы дамовіліся, што не будзеце купляць у краме цукеркі, трымайце сваё слова, нягледзячы на капрызы, угаворы і слёзы, як бы ні было шкада дзіця і як бы ні хацелася адступіць. Дзіця будзе больш вас паважаць, калі ўбачыць, што вы трымаеце абяцанні.

Падрыхтавала Надзея НІКАЛАЕВА

nіkalaeva@zvіazda.by

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

(«Звязда» плануе сачыць за інавацыйным праектам і дзяліцца з чытачамі назіраннямі і парадамі яго непасрэдных удзельнікаў.)

Загаловак у газеце: Хочаце выхаваць дзіця? Пачынайце з яго бацькоў

Каментары

Абсурд сучасных узаемаадносін сям'і і школы ў тым, што і адзін, і другі бок імкнуцца быццам бы дf аднаго: добрай адукацыі і добрага выхавання дзяцей. Праўда, паняцце "добрая адукацыя" за перыяд навучання вельмі часта трансфармуецца з "добрай адзнакі" ў "добры вынік на ЦТ", а "добрае выхаванне" -- з "маё дзіця добрае, а вы проста не знайшлі да яго падыходу" ў "я не магу нічога з ім зрабіць ". Асабіста я не магу зразумець прычыну варожага стаўлення да настаўнікаў хоць бы таму, што ніхто ў здаровым розуме самае дарагое (а хочацца верыць, што для большасці бацькоў дзеці такімі з'яўляюцца) ворагу не аддасць. Як можна зневажаць настаўніка, выціраць аб яго ногі і пры гэтым давяраць яму выхоўваць сваё дзіця? Можна па-рознаму ставіцца да савецкай школы, але яе не вярнуць ужо ніколі, бо не вярнуць ніколі тых адносін да настаўніка і таго разумення важнасці і значнасці адукацыі, што былі раней. А агульныя падыходы трэба шукаць. Бо нічога іншага нам не застаецца. Таму што нельга выхаваць добрага і спагадлівага і чалавека ў атмасферы варожасці і неразумення.

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Перадабортнае кансультаванне — гэта перш за ўсё клопат пра жанчыну

Перадабортнае кансультаванне — гэта перш за ўсё клопат пра жанчыну

У ліпені ў Мінску ў трох паліклініках — 10-й, 23-й і 37-й — былі адкрыты кабінеты «За жыццё», дзе праводзяць перадабортнае кансультаванне.

Грамадства

Наколькі складана ў нашай краіне стаць кандыдатам і доктарам навук?

Наколькі складана ў нашай краіне стаць кандыдатам і доктарам навук?

Ці лічыце вы мэтазгодным устанаўленне адзіных патрабаванняў да саіскальнікаў вучоных ступеняў па колькасці апублікаваных навуковых работ незалежна ад галіны навукі?

Культура

«Не выбірай жонку ў агародзе, а шукай у карагодзе»

«Не выбірай жонку ў агародзе, а шукай у карагодзе»

Фалькларыст і этнахарэограф Сяргей Выскварка ведае, што кажа. 

Грамадства

Ці ўсім быць вундэркіндамі?

Ці ўсім быць вундэркіндамі?

Сучасныя малыя ведаюць алфавіт, але не ўмеюць гуляць.