Вы тут

За мінулы год у краіне зарэгістравана 9581 назва кніг


Нацыянальная кніжная палата агучыла колькасць выданняў, што пабачылі свет у 2016 годзе.

Як расказала карэспандэнту «Звязды» дырэктар кніжнай палаты Алена ІВАНОВА, за мінулы год у краіне зарэгістравана 9581 назва кніг (што на 6,7% менш, чым у 2015 годзе), якія былі выдадзены агульным тыражом 23,1 млн асобнікаў (што на 7% больш, чым у 2015 годзе). Сярэдні тыраж адной кнігі летась склаў 2,5 тыс. экзэмпляраў, а на аднаго жыхара нашай краіны выдадзена каля 2,4 кнігі.


Па даных Міністэрства інфармацыі, на працягу 2016 года колькасць выдаўцоў вырасла да 510, а гэта на 5,1% больш, чым было ў 2015 годзе. Цікава, што толькі 17% з іх выпускаюць на год больш як паўсотні кніг і 23% — рыхтуюць да 50 выданняў.

Разам з невялікімі выдаўцамі, якія выпускаюць 1-2 кнігі на год, у Беларусі, як і ў любой краіне, дзейнічаюць выдаўцы-лідары, на іх прыпадае значная доля кніжнай прадукцыі. Так, выдавецтва «Харвест», якое ў ранейшыя гады забяспечвала каля 25% выпуску кніг па назвах і больш за 40% па тыражы, другі год запар не трапляе ў рэйтынг першай дзясяткі па тыражы, а сярод лідараў па колькасці назваў займае 5-ю пазіцыю (як і ў 2015-м).

Дзясятка выдавецтваў-лідараў па тыражы забяспечвае каля 64% выпуску кніг, спецыялісты сцвярджаюць, што гэта сведчыць аб дастаткова высокай канцэнтрацыі бізнесу. Узначальвае дзясятку мінскае выдавецтва «Аверсэв», якое выпускае пераважна навучальную літаратуру для школы.

Па колькасці назваў выдавецкія магутнасці размеркаваны больш раўнамерна. Лідары забяспечваюць толькі 24,7% выпуску, а ўзначальвае іх зноў жа «Аверсэв». Асноўная колькасць кніг — больш за 70% — па-ранейшаму выпускаецца ў сталіцы. Значным выдавецкім цэнтрам летась быў і Мазыр. Мясцовае выдавецтва «Белы вецер» вывела Гомельскую вобласць у безумоўныя лідары сярод абласцей і па тыражы, і па колькасці назваў.

Якія ж кнігі выдаваліся летась у Беларусі? Па-ранейшаму актуальная тэндэнцыя пераважнага выпуску сацыяльна значнай літаратуры адукацыйнага і навуковага характару: 51% кніг займаюць навучальныя выданні, 17% — навуковыя і навукова-папулярныя, па 6,6% і 7,2% у даведачных і вытворчых.

Але калі казаць пра дынаміку выпуску асноўных відаў літаратуры, то падзенне працягваецца ў такім значным сегменце, як мастацкая літаратура, — мінус 9,7% па колькасці назваў і мінус 35% па тыражы. На думку дырэктара кніжнай палаты, тут усё больш адбіваецца ўплыў інтэрнэту, электронных кніг і замяшчэнне імі выданняў у папяровай форме. Гэтыя ж фактары маглі паўплываць і на змяншэнне паказчыкаў у галіне навуковай літаратуры. Такіх выданняў летась выпушчана на 11,3% менш па назвах і на 22,5% — па тыражы. Аднак усе страхі, што інтэрнэт канчаткова загубіць папяровую кнігу, не апраўдаліся. Як дыск ніколі не заменіць жывога канцэрта, так і электронная кніга не заменіць папяровую. Трэба проста чытаць. Чытанне — гэта адзіная падстава выкарыстоўваць кнігі друкаваныя і электронныя.

Што да кніг на беларускай мове, іх у 2016 годзе выпушчана 1122 накладам больш за 3,7 млн асобнікаў. Ад агульнай колькасці гэта 11,7% па назвах і 16,2% па тыражах. Гэта практычна паўтарае вынікі 2015-га.

Найбольш тыражнай у сегменце кніг на беларускай мове з'яўляецца вучэбная літаратура, сукупны тыраж якой у 2016 годзе склаў 3,2 млн асобнікаў, або 84,8% усіх беларускамоўных кніг.

Так, на беларускай мове тыражом звыш 100 тысяч экзэмпляраў выпушчаны навучальныя выданні «Падарожжа ў свет музыкі» (114 тысяч), «Беларусь — наша Радзіма: Падарунак Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнкі першакласніку» (118,4 тысячы), падручнікі па беларускай мове і літаратуры.

Сярэдні тыраж мастацкай літаратуры на беларускай мове склаў 800 асобнікаў. Сярод выданняў найбольшым тыражом — 30,4 тысячы ў выдавецтве «Мастацкая літаратура» выйшаў зборнік паэзіі «Сэрцам народжаны спеў». Гэтае ж выдавецтва выпусціла яшчэ дзве тыражныя кнігі: зборнік апавяданняў і казак «Голас душы і сэрца» (22,6 тысячы), выданне Міколы Чарняўскага «Страла Расамахі» (22,6 тысячы).

Таксама значнымі тыражамі выдаваліся творы беларускіх класікаў — Івана Мележа, Янкі Купалы, Уладзіміра Караткевіча, Івана Шамякіна, Янкі Маўра. Яны выходзілі ў дзяржаўных выдавецтвах і ў выдавецтве «Папуры».

Марына ВЕСЯЛУХА

vеsіаluhа@zvіаzdа.bу

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Загаловак у газеце: Будзем з кнігай!

Каментары

"Страла Расамахі", па-мойму, кніга МІХАСЯ Чарняўскага))::
Не, мы не памыліліся, гаворка менавіта пра Міколу Чарняўскага, аўтара, які піша для дзяцей і падлеткаў.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».