Вы тут

Настрой на нулі? Змяніце імідж!


Застой у справах, спрэчкі з блізкімі, няздзейсненыя планы — не дзіва, што дрэнны настрой становіцца нашым пастаянным спадарожнікам. Але, як вядома, свет такі, якім бачым яго мы.


1. Перш за ўсё — выспіцеся. Часта свет бачыцца ў шэрых адценнях толькі з-за хранічнага недасыпання і назапашанай стомленасці. Наладзьце сабе «сонны» выхадны, папесціцеся ў ложку сярод свежых, абавязкова прыгожых прасцін. Не паскупіцеся набыць новы камплект спецыяльна для гэтага выпадку. Чорны шаўковы, белы з карункамі або «дзіцячы» з вясёлымі мішкамі — выбірайце на свой густ, а не з меркаванняў практычнасці.

2. Стапрацэнтна бяспройгрышны спосаб — заняцца сваёй знешнасцю. Трохі абнавіць вобраз або кардынальна змяніць імідж? Схадзіць на масаж або ў салярый? А можа, вам проста хочацца парадаваць сябе паходам у салон прыгажосці? Спецыфічны пах, стракатанне нажніц, стосы часопісаў, зручныя крэслы і вялікія люстэркі — усё гэта ўжо само па сабе нядрэнная «тэрапія».

3. Наведайцеся ў фотасалон. Напэўна, у вас на камп'ютары назбіралася нямала выдатных фотаздымкаў, якія нядрэнна было б надрукаваць, ды ўсё рукі не даходзяць. Няхай дойдуць! Зрабіце здымкі вялікага фармату, аформіце ў прыгожыя рамкі, «навядзіце дызайн» на пустой сцяне ў гасцёўні.

4. Купіце новую кнігу з кулінарнымі рэцэптамі — абавязкова з глянцавымі старонкамі і апетытнымі карцінкамі. Вось убачыце: як толькі дом напоўніцца смачнымі водарамі прыгатаваных вамі страў, спрэчкі з блізкімі адразу ж сыдуць на нішто.

5. Як даўно вы былі ў парку? Ці хаця б проста гулялі па ціхіх вулачках роднага горада? А на прыроду калі апошні раз выязджалі? І зусім не мае значэнне, якая цяпер пара года. Паспрабуйце адарвацца ад інтэрнэту, адкладзіце ўсе справы, адыдзіце далей ад гарадской мітусні і шуму, падарыце сабе крышачку спакою, цішыні і яднання з прыродай і адчуеце, як жыццёвая энергія зноў вяртаецца да вас.

6. Запішыцеся, нарэшце, на фітнес або танцы! Даўно ж купілі касцюм для заняткаў, але ён усё так і ляжыць без справы? Сумняваецеся, наколькі хопіць вашага спартыўна-танцавальнага запалу? Схітруйце: знайдзіце ўстановы, дзе першыя (азнаямленчыя) заняткі праходзяць бясплатна. Схадзіце туды, сюды... І, як кажуць псіхолагі, дамінанту разрадзіце, і з трэнерамі «за так» пакантактуеце.

7. Перагледзьце любімыя фільмы. Толькі абавязкова жыццесцвярджальныя і з хэпі-эндам. «Красуня» або «У джазе толькі дзяўчаты» — тое, што доктар прапісаў.

8. Паслухайце музыку. Так ужо ўстроены чалавек: калі яму дрэнна, яго так і падмывае паслухаць што-небудзь тужлівае, каб зашчаміла і без таго змучанае сэрца. Пад такую мелодыю пачынаеш шкадаваць сябе яшчэ больш — які ўжо тут добры настрой. Таму — на злосць свайму цяперашняму стану —
зарадзіце сабе цэлы кактэйль мажорных акордаў, падбадзёрлівых, энергічных. Вось пад такую музыку сядзець і журыцца неяк... няёмка нават.

9. Прайдзіцеся па крамах. А каб не захапіцца і не кусаць потым локці, абмяжуйце сябе ў фінансах, паклаўшы ў кашалёк сціплую суму. Прагуляйцеся, азнаёмцеся з тэндэнцыямі, прымерайце тое, што спадабаецца. Памятайце, ваша задача — падняць сабе настрой, а зрабіць гэта дапаможа нават невялікая пакупка: пара супермодных калготак ці пальчатак.

10. А гэты пункт — цалкам на ваша меркаванне. Пафантазіруйце, зрабіўшы стаўку на свежасць і вастрыню пачуццяў.

Вера ФЕМІНА

femina@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».