Вы тут

Прэзідэнт: Трэба аб'ядноўвацца, каб выстаяць і развівацца


Такую думку выказаў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы са старшынёй урада Сербіі Аляксандрам Вучычам, паведаміў карэспандэнт БЕЛТА.


Беларусь ніколі не спыняла супрацоўніцтва з Сербіяй і не мае намеру гэтага рабіць у будучым, падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. «Мы бачым, у якім напрамку развіваецца сёння свет — ідуць вельмі небяспечныя працэсы, нечаканыя працэсы. Мы іх, вядома, не гіпербалізуем», — адзначыў Прэзідэнт.

Пры гэтым галоўная тэндэнцыя захоўваецца — свет становіцца больш глабальным, глабалізуюцца і працэсы ў эканоміцы. «Мы нікуды не дзенемся ад таго, каб выбудоўваць наша супрацоўніцтва, каб у гэтым бурным свеце выстаяць і развівацца на карысць нашых дзяржаў і нашых народаў», — перакананы Аляксандр Лукашэнка.

У Беларусі і Сербіі даўняя гісторыя развіцця адносін. Разам з тым Прэзідэнт адзначыў, што сёння Беларусь і Сербія знаходзяцца ў розных сітуацыях, нягледзячы на агульны трэнд. «Мы ні ў якім выпадку не будзем выстаўляць прэтэнзіі Сербіі, калі яна будзе развівацца сваім шляхам, таму што, напэўна, і мы вінаватыя ў тым, што Сербія апынулася ў такой сітуацыі. Усё ж такі пасля распаду Савецкага Саюза нам трэба было сур'ёзна падумаць, каб выбудоўваць больш цесныя адносіны», — сказаў кіраўнік дзяржавы. Ён падкрэсліў, што двухбаковыя адносіны трэба выбудоўваць, падтрымліваць.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што апошнім часам беларуска-сербскі тавараабарот знізіўся, а гэта аснова адносін. Паводле яго слоў, неабходна знайсці вострыя праблемы, якія трэба ўстараніць, і шляхі, якія прывядуць да аднаўлення тавараабароту. «Мы павінны прыкласці максімум намаганняў, каб дасягнуць хаця б ранейшага ўзроўню тавараабароту. Па выніках 2015 года ён складаў амаль $250 млн. На жаль, у 2016 годзе назіралася скарачэнне паказчыка амаль удвая», — канстатаваў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што няма забароненых тэм у беларуска-сербскім супрацоўніцтве. «Мы нават у самыя цяжкія часы заўсёды вас падтрымлівалі і будзем падтрымліваць. Нават калі часам нам нявыгадна было. Мы займалі прынцыповую пазіцыю, у тым ліку па пытаннях адзінства вашай дзяржавы. Таму вы можаце разлічваць на Беларусь і павінны ведаць: усё, што мы можам, мы заўсёды для Сербіі зробім», — запэўніў Прэзідэнт.

Загаловак у газеце: Максімум намаганняў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?