Вы тут

Прэзідэнт лічыць неабходным узмацніць уладу кіраўнікоў на месцах


Аб гэтым Аляксандр Лукашэнка заявіў учора, прымаючы рашэнне аб кадравых назначэннях сярод кіраўнікоў мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, паведаміў карэспандэнт БЕЛТА.


Размаўляючы з кіраўнікамі выканаўчых камітэтаў рознага ўзроўню і кіраўнікамі раённых адміністрацый гарадоў, Прэзідэнт звярнуў іх увагу на шэраг важных аспектаў.

«Сёння няпроста ўсім, але вам перш за ўсё, таму што вы працуеце непасрэдна з людзьмі, і я вам вельмі ўдзячны. Я разумею, што людзі на вашых пасадах не самыя багатыя ў нашай краіне. Таму мы сёння праводзім мерапрыемствы па аптымізацыі структур, у тым ліку скарачэнні. Гэтага вам баяцца не трэба. Паралельна мы павінны, вы перш за ўсё, узмацніць выканаўчую дысцыпліну. Нават у рамках цяперашніх заканадаўчых актаў вы маеце вялікія правы і паўнамоцтвы», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Разам з тым Прэзідэнт лічыць, што ўладу кіраўнікоў мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў можна ўзмацніць. «Любы член выканкама, любая службовая асоба, якая пражывае на тэрыторыі раёна, калі не напрамую дае справаздачу, то павінна прыйсці ў выканкам і расказаць аб праведзенай рабоце. Не трэба дзяліць уладу. Вы — галоўныя прадстаўнікі Прэзідэнта ў пэўным раёне на канкрэтнай пасадзе. Прыняў рашэнне выканкам — абавязкова для выканання ўсім у рамках закона. Не падабаецца начальніку раённага аддзела ўнутраных спраў, пракурору або начальніку ўпраўлення Камітэта дзяржбяспекі — яго права абскардзіць па інстанцыі, але, калі гэта справядлівае і сумленнае рашэнне, ніхто яго не адменіць, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Іх уладу (мясцовых органаў улады. — Рэд.) трэба ўзмацняць. У сувязі з тым, што мы скарачаем дзяржаўны апарат, прытым значна будзем скарачаць».

Важным напрамкам у рабоце мясцовай улады павінна стаць узаемадзеянне з людзьмі. «Запушчана да немагчымасці. Мы вярнуліся да практыкі ўгавораў насельніцтва, што трэба прысядзібныя ўчасткі ў парадку ўтрымліваць, платы рамантаваць, дом пафарбаваць. Людзям трэба аддаваць распараджэнні, патрабаваць ад іх выканання. Калі яны вас не чуюць, вы павінны прымаць радыкальныя меры. Мы можам так захламіць краіну, што потым ніколі не адчысцім, — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. — Давайце больш улады старшыням сельскіх Саветаў і пытайцеся з іх».

Прэзідэнт прывёў у прыклад асобныя пункты дэкрэта аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства. Адно з палажэнняў дакумента, у прыватнасці, дае права старшыням сельскага Савета вызваляць грамадзяніна ад выплаты падатку, калі чалавек трапіў у цяжкую жыццёвую сітуацыю. «Нават калі старшыня ў адным-двух выпадках памыліцца, краіна ад гэтага не збяднее. Вы паправіце, — заўважыў кіраўнік дзяржавы. — Давайце больш магчымасцяў (і адказнасці будзе больш) на месцах людзям — кіраўнікам прадпрыемстваў, старшыням сельскіх Саветаў».

З асаблівай адказнасцю выканаўчыя органы ўлады павінны падысці да надыходзячай пасяўной кампаніі. «Ужо сёння трэба думаць пра тое, як гэта рабіць. У кожным раёне дзве-тры цяжкія гаспадаркі. І вы ведаеце маё патрабаванне: гэта вашы гаспадаркі. Вы павінны бачыць гэтыя прадпрыемствы. Аж да таго, каб перавесці на ручное кіраванне, але вы павінны ўсім паказаць, што і там можна працаваць, — даручыў Аляксандр Лукашэнка. — Мы вельмі шмат грошай укладвалі і ўкладваем у развіццё інфраструктуры сельгаспрадпрыемстваў, асабліва ў закупку тэхнікі, машынныя двары, комплексныя зернесушылкі, збожжатакі, фермы. Вы ведаеце, што я гэтую тэму ўзяў на асабісты кантроль і даручыў міністру ўнутраных спраў і генеральнаму пракурору — аж да распачынання крымінальных спраў за безгаспадарчасць, якая часам бытуе на прадпрыемствах».

Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што, прывёўшы ў парадак тэрыторыі прадпрыемстваў і правільна арганізаваўшы там работу, можна скараціць выдаткі на 30%. «Вазьміце гэта на кантроль. Не возьмеце — адказваць будзеце вы. Сёння ідзе аналіз гэтай работы па ўсёй краіне, і ніхто вас не абароніць, ніякі губернатар. Бярыце ўсё ў свае рукі і кіруйце», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Яшчэ адной важнай задачай, якая стаіць перад органамі мясцовай улады, павінна стаць аднаўленне работы раённых прадпрыемстваў. «Вы не гаспадары, калі ў вас няма будаўнічай арганізацыі, калі ў вас няма сельгастэхнікі», — адзначыў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў асаблівую ўвагу службовых асоб на недапушчальнасць здзяйснення злачынстваў і правапарушэнняў. «Вы тварам да твару з народам. Наш народ самы справядлівы. Нашы людзі ўбачаць усё, таму не падстаўляйцеся. Калі вы нават падумалі нешта — гэта з часам будзе вядома — такое ў нас грамадства, з абвостраным пачуццём справядлівасці. Таму я вас прашу: не чапайце чужое, асабліва дзяржаўнае, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Гэта сур'ёзнае пытанне. Тут я ніколі не адступлю».

Кіраўніку Адміністрацыі Прэзідэнта Наталлі Качанавай было даручана ўстанавіць прамыя кантакты з кіраўнікамі мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, каб у выпадку неабходнасці абмеркаваць праблемы або назапашаныя пытанні. «Трэба, каб яны са мной перагаварылі, вы мне скажыце — я ім патэлефаную, — сказаў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да Наталлі Качанавай. — Яны павінны мець пэўны доступ да Прэзідэнта: праз кіраўніка адміністрацыі, прэм'ер-міністра гэта трэба зрабіць».

Асобную ўвагу кіраўнік дзяржавы надаў падтрымцы кіраўнікоў, якія праявілі сябе. «Іх трэба шанаваць і падтрымліваць, асабліва нашых аксакалаў, якія працуюць на такіх пасадах, непасрэдна перад людзьмі, па 7—10 гадоў», — перакананы Аляксандр Лукашэнка.

Загаловак у газеце: Праца з людзьмі — самая адказная

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?