Вы тут

Лічыльнік «Звязды»


Адразу заўважым, што ўсе кошты на мяса, так бы мовіць, — стартавыя. Гандляркі на рынку ахвотна таргуюцца і гатовы саступіць у сярэднім 2—3 рублі. Пачынаем з прывычнай свініны: філей аддаюць па 7,50, шыю — па 10, грудзінку — па 7, а бужаніну — па 8 рублёў за кілаграм. За свежае сала просяць ад 6,50 да 8,50 рубля.


Даражэй абыдзецца ялавічына: філей за 15, шыя — за 11. Рэбры на суп аблегчаць кашалёк на 7,80, пячонка — на 12 рублёў. Самая дарагая частка — далікатэсны язык, за яго просяць ажно 16 рублёў. Можна спыніць свой выбар на бараніне: філей каштуе 12 рублёў, шыя — 10, рэбры — 6,50. Для катлет добра падыдзе фарш са свініны і цяляціны, яго аддаюць па 6,70 за кіло. Самае хадавое мяса птушкі: філе бройлераў каштуе 6 рублёў. Яшчэ адзін варыянт — мяса труса па 13 рублёў за кіло.

З марской рыбы на прылаўках пераважае селядзец, несалёны каштуе 6,50 за кілаграм. Можна спыніцца на скумбрыі халоднага вэнджання — 16 рублёў за кіло. Аматарам фарэлі прыйдзецца выкласці 50 рублёў за кілаграм, не нашмат танней каштуе палтус — 49 рублёў. Бюджэтны варыянт — жывая рыба з айчынных гаспадарак. Самы эканомны выбар — карась за 3,50. Але большасць аддае перавагу карпу, кошт на яго вагаецца ад 3,90 да 4,70 рубля. 4,75 просяць за амура, а самы дарагі варыянт — шчупак па 5,70 за кіло.

Асабліва шмат цяпер на рынку рознага кшталту нарыхтовак. Па словах прадаўцоў, найбольш хутка разыходзіцца квашаная капуста. За кілаграм просяць у сярэднім 4 рублі. Агуркі «з бочкі» аддаюць па 5, столькі ж каштуюць морква па-карэйску і капуста «Правансаль». Значна даражэй абыдуцца марынаваныя шампіньёны ці грыбы шыітаке — 25 рублёў за кіло. Яшчэ адзін неад'емны атрыбут зімы — сухафрукты, з якіх можна і смачны кампот зварыць. Так, за кілаграм сушаных фінікаў просяць 5 рублёў, за разынкі — 9,5, чарнасліў без костак абыдзецца ў 13 рублёў, а вось на курагу кошты, што называецца, «разлятаюцца»: ад 8 да 20 рублёў за кіло.

Ну і куды ж зімой без свежай садавіны і агародніны? За смалявіцкі памідор сорту «Малінавы» просяць 2,29 рубля, а вось кошт на яго іспанскага «брата» даходзіць да 9 рублёў за кіло. Агурок «Крынічка» абыдзецца ў 3 рублі за кіло. Белакачанная капуста — 0,59 рубля за кілаграм, каляровая — 4 рублі, брокалі — ажно 18. За бульбу сорту «Уладар» просяць 50 капеек, трохі даражэй каштуюць буракі — 0,69. Правераны спосаб прафілактыкі грыпу — часнок. Кілаграм абыдзецца ў 9,50 рубля. Морква прадаецца за 0,79 рубля, кабачок — 10, салодкія перцы аддаюць па 8. Салат-латук каштуе 1,50 рубля за пучок.

Самая хадавая садавіна, вядома, — яблык. За сорт «Лігол» просяць ад 1,40 да 1,70 рубля, танней абыдзецца багатая на вітамін С антонаўка — 1,20. Кілаграм грушы аблегчыць кашалёк на 2,90 рубля. Для аматараў хурмы — іспанская прыгажуня па 4 рублі. Яе «зямляк» апельсін каштуе 4,50. Пасля свят крыху патаннелі мандарыны — аддаюць іх па 3 рублі, можна знайсці і больш эканомныя варыянты. Узімку нядрэнна будзе падсілкавацца гранатам, які каштуе 5 рублёў за кіло. Бананы аддаюць па 2,50, вінаград кішміш — па 8 рублёў, ківі з Італіі — па 3 рублі за кіло. Калі карціць паласавацца ягадамі, прыйдзецца патраціцца: на рынку ўжо з'явіліся клубніцы з Егіпта па 30 рублёў за кілаграм.

Лічыльнік «Звязды»

(кошты за кілаграм, калі не пазначана іншае, у рублях):

Сыр «Галандскі» — 10

Масла «Сялянскае» — 2,25 (пачак 200 г)

Паляндвіца «Вясковая» — 20

Каўбаса «Кракаўская» — 12

Сала салёнае «Хатняе» — 12

Рулет «Курыны» — 10

Яйка Д-0 — 1,90 (дзясятак)

Хлеб «Нарачанскі» — 1,95 (бохан)

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ

lуskаvеts@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Агурочкі «з бочкі» і «залатыя» клубніцы

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.