Вы тут

Навучанне Беларуссю


Тэатр, што натхняецца краінай


Таццяна Мархель у спектаклі «Беларусь. Дыдактыка»

...Люблю, калі спявае Таццяна Мархель. У яе так атрымліваецца, што заплюшчваеш вочы і нібыта ў вёсцы сябе адчуваеш. Асабліва калі пры гэтым артыстка яшчэ распавядае пра тое, як падчас святаў на стале шкварчэла свежаніна — тады ўвесь смак беларускай культуры пранікае ў свядомасць праз сакавітую мову актрысы. Верыш у яе песні: яны натуральныя. Матуліны. І сама яна — народная артыстка Беларусі — свая для ўсіх. Не таму, што ўмее быць сваёй. Таму што гэта для яе натуральна: Беларусь унутры яе жыве і пачуваецца вельмі ўтульна. Адчуваеш гэта — і зразумела, што краіны не толькі ў межах заключаныя, яны ў розуме, у сэрцы, у слове і нават ва ўсмешцы. Што і імкнуліся паказаць стваральнікі спектакля «Беларусь. Дыдактыка», які з’явіўся ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі да яго 25-годдзя.

Фактычна гэты тэатр і з’явіўся, і развіваўся разам з краінай. Вучыўся яе разумець і адлюстроўваць. І вучыў разуменню іншых. Вучыць — у тым ліку праз праект «Беларусь. Дыдактыка». Але дыдактычная назва — хутчэй даніна чвэрцьстагоддзеваму існаванню калектыву, які насамрэч малады, хоць і ёсць у трупе свае карыфеі. Асобы, у якіх сапраўды можна павучыцца разуменню Беларусі.

Нездарма малады рэжысёр Аляксандр Марчанка звярнуўся да асобы народнай артысткі Беларусі Таццяны Мархель. Ён шукаў сябе: задаваў пытанні сабе самому пра разуменне краіны, пра адчуванне яе адметнасцей (шчыра прызнаўся, што для яго як для чалавека, які выхоўваўся паміж рускай і беларускай культурамі, шлях гэты быў няпросты). Пачула яго пытанні яна — і адказвае. Літаральна, рыхтуючыся за сцэнай да з’яўлення перад гледачом, ідзе па калідоры, у яе пра нешта пытаюцца, яна між спраў адказвае, нібыта на пытанні інтэрв’ю, якое ідзе ў прамым эфіры і відэа адразу выводзіцца на экран. Сітуацыя максімальнай гатоўнасці, восьвось трэба выйсці на сцэну. На адказы часу мала. У такіх умовах яны звычайна атрымліваюцца сутнаснымі, сканцэнтраванымі. Пра радасць ад жыцця. Пра боль, калі ў ім бываюць страты. Пра тое, з чаго пачалося разуменне сябе ў дзяўчынкі, якая вырасла ў вёсцы, у простай сям’і. Яна прызнаецца шчыра пра ўсё: «Мама, памятаю, калі бацька не вярнуўся з фронту, шмат плакала, пакутавала. А потым усё роўна спявала, бо душа прасіла. Ідзе са жніва — пяе, гатуе — пяе, вяселле на вёсцы — пяе, пад усё, што б ні рабіла, спявала». Інтэрв’ю, што пачалося за сцэнай, працягнецца потым перад гледачом. Толькі без інтэрв’юера, бо пытанні ўжо зададзеныя, яны існуюць паміж словаў, вісяць у паветры. А яна проста крыху больш за гадзіну будзе трымаць увагу сваімі адказамі: прамоўленымі і прапетымі.

Фактычна гэта можна было б назваць монаспектаклем: адна артыстка распавядае пра сваё адчуванне свету, пра роднае, пра зварот да традыцый, да народнай песні як да крыніцы сілы. Хоць некаторыя з іх яна праспявае ціха-ціха. І не толькі яна. Бо гучыць два галасы, яшчэ і мужчынскі. У нас так: два пачаткі суіснуюць у спалучэнні, сплятаюцца ў сугуччы ці ўдакладняюць адзін аднаго, дапаўняюць, бо абодва аднолькава патрэбны для працягу. І хоць гавораць пра Беларусь як пра краіну з жаночым тварам, і называем мы яе мацірадзіма, але ж яна для нас яшчэ і Бацькаўшчына, зямля бацькоў, якія баранілі, гінулі, і нават калі не вярталіся, усё адно прысутнічалі ў памяці, існавалі ў свядомасці, рассоўваючы вымярэнні, каб мінулае, цяперашняе і будучыня маглі наладзіць стасункі і замацаваць культуру ў вечнасці.

...Люблю, калі спявае Дзмітрый Лук’янчык. Музыка-фалькларыст бярэ ўдзел ужо не ў першым спектаклі Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі. Тут ён стварае гукавы фон: ці то голасам, ці праз інструменты, нават ударную ўстаноўку, але гэта гукі, якія дапамагаюць расстаўляць акцэнты ў тым, што сказала актрыса. У гэтай дзеі ўсё надзвычай проста. Нават тэхналагічна проста. Фактычна ніякіх дэкарацый, іх замяняе экран, на які выводзяцца выявы, што змяняюць адна адну. Але тэхналогіі дапамагаюць адчуць Беларусь праз вобразы, узятыя з рэчаіснасці, а словы і спевы павінны адкрываць іх метафізічны сэнс. Дух, душа, нешта нябачнае, але адчувальнае дагэтуль прысутнічае ў даўняй беларускай традыцыі, якая захоўваецца сёння ў фальклоры, мове, слове. Можна, зразумела, яе не заўважаць, але ад гэтага каштоўнасць душы ніколькі не губляецца, і яна ўсё адно робіць сваю справу для нас — асабліва плённа, калі мы гэта асэнсоўваем.

Але калі нават пакуль не ўсе і не цалкам часціну гэтай беларускай душыіскрынкі адчулі, то не ўсё страчана: гэтаму можна навучыцца. Як можна навучыцца разумець сваю мову, сваю любімую актрысу, якая на ёй спявае і размаўляе незалежна ад таго, дзе б ёй ні даводзілася жыць і працаваць: у роднай вёсцы, у абласным тэатры ці ў сталіцы. Але ўсё ж нельга чакаць, што тут вас будуць вучыць як на паўнавартасным уроку — такога не адбываецца. Гэта хутчэй сяброўская сустрэча з людзьмі, якім не ўсё роўна. І калі яны дапамаглі ўпэўніцца ў любові да Беларусі Аляксандру Марчанку асабіста, то такі фармат сустрэчы можа быць карысны іншым, тым, хто шукае абрысы гэтай краіны не толькі на карце.

Ларыса ЦІМОШЫК.

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.