Вы тут

У Мінску прэзентуюць адрэстаўраваны арнат


Сёння ў Нацыянальным гістарычным музеі адбудзецца прэзентацыя вынікаў рэстаўрацыі рэдкага музейнага прадмета ХVІІІ — пачатку ХІХ стагоддзя — арната, які служыў адзеннем каталіцкаму святару. Гэта стала магчымым дзякуючы гранту Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у навуцы, адукацыі, ахове здароўя, культуры.


Унікальнасць арната ў тым, што ён дэкараваны шматлікімі ўстаўкамі з некалькіх відаў слуцкіх паясоў. Але яго стан выклікаў нямала пытанняў у музейных спецыялістаў: шматлікія пашкоджанні і страты тканіны, забруджанні... Напачатку здавалася, вярнуць жыццё гэтаму каштоўнаму помніку ўжо не ўдасца.

Атрымальнік гранта, які дазволіў правесці гэтую карпатлівую работу, рэстаўратар Нацыянальнага гістарычнага музея Вольга Канаплёва расказала:

— Вопыт рэстаўрацыі гэтых помнікаў беларускага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ХVІІІ — ХІХ стагоддзяў сведчыць пра тое, што ў кожным асобным выпадку яна ажыццяўляецца па індывідуальнай тэхналогіі. У айчыннай музейнай практыцы апісанні альбо абагульненні працэсаў рэстаўрацыі слуцкіх паясоў і арнатаў з іх фрагментамі не праводзіліся. Таму я прыняла рашэнне пайсці па шляху мінімальнага ўмяшання ў матэрыяльную структуру музейнага прадмета.

Да працы рэстаўратар прыступіла толькі пасля праходжання стажыроўкі ў Цэнтры рэстаўрацыі імя Пранаса Гудзінаса Мастацкага музея Літвы.

З-за вялікай колькасці страт і пашкоджанняў быў праведзены амаль поўны дэмантаж арната, прадубляваны ўсе фрагменты з паясоў на шоўк, арнат набыў экспазіцыйны выгляд і з цягам часу знойдзе сваё месца на выставе «Беларусь: адраджэнне духоўнасці», а пазней — у экспазіцыі «Старажытная Беларусь».

Удзельнікі прэзентацыі змогуць не толькі ўбачыць рарытэт, якому вярнулі новае музейнае жыццё, ацаніць узровень і якасць працы, але і з дапамогай фотаздымкаў прасачыць асноўныя этапы яго аднаўлення, пачуць аповед пра праблемы і поспехі ў гэтай галіне.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

nina@zviazda.by

Загаловак у газеце: Убачыць працу рэстаўратараў

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.