Вы тут

Пра няпросты лёс Браніслава Тарашкевіча


125 гадоў таму нарадзіўся выдатны дзеяч нашай зямлі, чалавек, чыя праца стала падмуркам для развіцця сучаснай беларускай мовы. Пра асобу Браніслава Тарашкевіча, яго ролю ў нацыянальным станаўленні разважалі на Міжнароднай навуковай канферэнцыі ў Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі. Там абмяркоўвалі таксама «вечна актуальныя» праблемы беларускага правапісу, граматыкі і наогул стану беларускай мовы ў двухмоўным грамадстве.


Узор для розных пакаленняў

— Калі глядзіш на беларускую рэчаіснасць і гісторыю праз прызму асоб, якія ў ёй былі, бачыш, колькі выдатных дзеячаў прысвяцілі сябе іншай зямлі. І такіх прыкладаў шмат, — адзначыла дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Алена АНІСІМ. — Што датычыцца Браніслава Тарашкевіча, ён усім сваім жыццём служыў Беларусі. Натуральна, шлях у яго быў няпросты, як і тыя часы, у якія жыў. Але, таленавіты ад нараджэння, дзякуючы спрыянню добрых людзей ён раскрыў у сабе не толькі таленавітага мовазнаўцу, але і ўвасобіў выдатнага грамадскага дзеяча, які служыў менавіта свайму народу і культуры. Яго жыццёвы шлях — гэта ўзор і прыклад для розных пакаленняў беларусаў.

З той думкай, што Браніслаў Тарашкевіч, як і многія іншыя дзеячы, шмат зрабіў для беларушчыны, згодны і першы намеснік дырэктара Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі Аляксандр Лукашанец. Ён адзначыў, звяртаючыся да ўдзельнікаў канферэнцыі:

— Дзякуючы Тарашкевічу беларуская мова жыла, жыве і, я ўпэўнены, будзе жыць далей, якія б ні былі праблемы і складанасці. Найперш таму, што ёсць мы з вамі. Як казаў у канцы XX стагоддзя народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч, усе плачуць, што беларуская мова памірае. Але, можа, таму і плачуць, што яна ніяк не памрэ?..

Прадстаўнік «залатой моладзі»

Па драбніцах аднавіць карціну жыцця Тарашкевіча, уявіць, як складваўся лёс гэтага чалавека, дапамог кандыдат філалагічных навук, прафесар Арсень Ліс:

«Браніслаў Тарашкевіч — прадстаўнік нашай «залатой моладзі» пачатку XX стагоддзя. Нарадзіўся ён у засценку Мацюлішкі, што на Віленшчыне, побач са старажытным трактам, які вёў з Вільні на Полацк. Першую адукацыю атрымаў у мястэчку Лаварышкі. Яго падрыхтавала інтэлігентная жанчына з ваколіцы, якая ўбачыла ў гэтым хлопчыку здольнасці і моцную цягу да вучобы. Бацькі, як і ўсе сяляне ў той час, разважалі: «Можа, варта пакінуць сына на гаспадарцы як спадчынніка?» Затое дзед казаў: «Хлапец у вас расце здольны, пускайце яго ў навуку, дайце яму адукацыю».

Пачатковую грамату ён засвоіў у суседкі, трошкі падвучыўся ў мястэчку. Я наведваў Лаварышкі ў 1970-х гадах, хадзіў па ваколіцах. У той час там усе гаварылі на добрай беларускай мове. Я быў прыемна ўражаны, што дзеці гукаюць па-беларуску. І нават нізавая савецкая адміністрацыя размаўляла са мной на простай гаворцы.

Шчаслівы выпадак, што з 1906 года Тарашкевіч вучыўся ў Другой Віленскай беларускай гімназіі. Гэта былі неспакойныя часы, яшчэ не адпалыхала Першая руская рэвалюцыя 1905—1907 гадоў, якая адгукалася і на ўскраінах Расійскай імперыі. Тарашкевіч рос ва ўзбунтаваным грамадстве. Вызначальным было і тое, што тады ўжо працавала газета «Наша Ніва» — выданне, якое рабіла нацыю з беларусаў і аб'яднала вакол сябе першае пакаленне нацыянальнай інтэлігенцыі. Навучаючыся ў Вільні, ён кантактаваў з Вацлавам Ластоўскім, братамі Луцкевічамі. Ужо тады прасякнуўся той задачай, што стаяла перад ім і народам.

У 1911 годзе Тарашкевіч едзе ў Петраград ва ўніверсітэт і паступае на гісторыка-філалагічны факультэт. У той жа час стаў членам першай беларускай партыі, што дзейнічала нелегальна, — Беларускай Сацыялістычнай Грамады. Уваходзіў ён і ў літаратурна-навуковы гурток, якім кіраваў выдатны беларускі асветнік Браніслаў Эпімах-Шыпіла. Там па суботах збіралася беларуская моладзь, вечарамі чыталі рэфераты, прысвечаныя гісторыі Айчыны. Ужо ў першы год навучання Тарашкевіч прачытаў тры даклады, прысвечаныя асэнсаванню беларускай грамадскай думкі. Яны былі зроблены на падставе пісьмовых матэрыялаў альбома Вярыгі-Дарэўскага. Там жа Тарашкевіч паспрабаваў абагульніць некаторыя назіранні за беларускай мовай.

Акадэмік Шахматаў, які ў свой час заступіўся за ўкраінскую мову, казаў: «Дайце мне вучня, філалагічна здольнага, каб ён у перспектыве заняўся беларускай мовай». Да яго хацелі накіраваць Максіма Багдановіча, але ў таго было слабае здароўе. Тады адправілі моцнага, чырванашчокага сялянскага хлопца Браніслава, якога вылучылі браты Луцкевічы.

Да канца 1917 года Тарашкевіч ужо завяршаў граматыку. Ён сам выпрацаваў лінгвістычныя тэрміны на беларускай аснове. Калі ў яго пазней пыталіся, як ён гэта зрабіў, Тарашкевіч адказваў, што карыстаўся вопытам напісання граматык рускімі, польскімі, чэшскімі лінгвістамі. Адносна тэрміналогіі раіўся з Шахматавым і Карскім, а таксама з сябрамі-студэнтамі з Беларусі.

Выдаць граматыку ў Петраградзе яму не ўдалося, хоць працаваў у камісарыяце, створаным беларусамі, бо там не было адпаведнага друкарскага рыштунку — беларускіх літар — і з паперай было цяжка. Тады ён звярнуўся ў Вільню і выдаў «Беларускую граматыку для школ» восенню 1918 года, на пачатку навучальнага сезона, у друкарні Марціна Кухты. Ён яшчэ не меў навуковай ступені, але па ініцыятыве Уласава для надання важкасці выданню пазначылі, што Тарашкевіч — дацэнт Петраградскага ўніверсітэта.

Граматыка адыграла вельмі вялікую практычную ролю. У ёй быў абагульнены вопыт той пісьменнасці, якая ўжо актыўна развівалася ў новай беларускай літаратуры другой паловы XІX і асабліва пачатку XX стагоддзя.

Чатыры выданні «Беларускай граматыкі для школ» выйшлі без якіх-небудзь змен. А пятую, ужо апынуўшыся ў польскай турме, ён дапрацаваў. Зыходзіў з таго, што большасць беларускіх школ у Заходняй Беларусі былі адкрыты фактычна ахвярнай самаадданай працай настаўнікаў.

У Заходняй Беларусі мясцовымі ўладамі закрываліся беларускія школы і настаўніцкія семінарыі. У тыя часы закрылі Будслаўскую, Барунскую, Свіслацкую беларускія настаўніцкія семінарыі... Палякі рабілі стаўку на тое, каб паланізаваць гэты край. Яны разумелі, што школьная асвета — моцны ачаг супраціўлення паланізацыі...»

Далейшы лёс стваральніка беларускай граматыкі быў змрочным. Па абмене палітзняволенымі яго накіравалі ў Савецкі Саюз. Аднак, прапрацаваўшы пэўны час, Тарашкевіч быў арыштаваны і ў 1937 годзе расстраляны.


Як адзначыў Аляксандр Лукашанец, далейшае развіццё беларускай мовы вельмі вагалася паміж рускай і польскай. У 1926 годзе адбыўся пераход з лацінскага на кірыліцкі алфавіт — гэта быў крок да збліжэння з рускай мовай. У 1933 годзе была праведзена рэформа беларускага правапісу, пасля якой на пісьме перасталі пазначаць асіміляцыйную мяккасць, змяніліся і правілы вымаўлення зычных у запазычаных словах: замест «плянета, клясычны», сталі казаць «планета, класічны». І гэта быў рэзкі ўхіл у бок збліжэння беларускай пісьмовай мовы з рускай пісьмовай мовай. Наступныя рэформы, на думку даследчыка, былі скіраваны на ўмацаванне нацыянальных адметнасцяў ва ўмовах беларуска-рускага двухмоўя.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

nina@zviazda.by

Загаловак у газеце: Ён служыў Беларусі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».