Вы тут

Музей гісторыі Магілёва набыў фрагмент слуцкага пояса


Нядаўна фонды Музея гісторыі Магілёва папоўніліся слуцкімі паясамі, а дакладней, іх фрагментамі. Тут набылі літургічнае покрыва (аналойнік), упрыгожанае арыгінальнымі тканымі вырабамі, створанымі калісьці ў Слуцку.


Слуц­кі по­яс, што за­хоў­ва­ец­ца ў Му­зеі гіс­то­рыі Ма­гі­лё­ва.

Як адзначыў дырэктар музея Аляксей Бацюкоў, гэты набытак сапраўды бясцэнны. Раней вяліся перамовы аб магчымасці куплі цэлага пояса, зробленага на ўзор слуцкага. Але тады патрэбна было назбіраць досыць вялікую суму — гэтага своечасова зрабіць не атрымалася. Да таго ж той выраб датуецца больш познім часам. У аналойніку, набытым нядаўна, выкарыстаны «тыя самыя» арыгінальныя слуцкія паясы — таму гэта вельмі каштоўны музейны экспанат. Магчыма, першапачаткова з паясоў зрабілі святарскую рызу, а ўжо пазней яна была выкарыстана для вырабу аналойніка. Дарэчы, покрыва ўпрыгожана таксама фрагментамі дзвюх іншых каштоўных тканін — з залатымі і сярэбранымі ніткамі.

Грошы на набыццё выдаткаваны з дзяржаўнага бюджэту. Адразу пасля куплі каштоўную рэч накіравалі на экспертызу ў Нацыянальны мастацкі музей, дзе была атрымана кансультацыя рэстаўратара. Поясу зрабілі спецыяльную ачыстку. І вырашана было выстаўляць яго два разы на год — кожны раз на працягу месяца. Бо патрабаванні да захавання тканых вырабаў даволі жорсткія — яны могуць знаходзіцца пад уздзеяннем святла толькі пару месяцаў на год, а ў астатні час павінны захоўвацца ў фондасховішчы, дзе забяспечваецца патрэбны тэмпературна-вільготны рэжым. У магілёўскім музеі пояс можна будзе ўбачыць у чэрвені — экспанаванне прымяркуюць да Дня горада. Аляксей Бацюкоў адзначае, што пояс, магчыма, выкліча вялікую цікавасць у наведвальнікаў. Некаторыя з іх адзначаюць, што спецыяльна завітаюць, каб паглядзець на рарытэт.

На на­быц­цё кні­гі «Апост­ал» Спі­ры­до­на Со­ба­ля ця­пер ак­тыў­на збі­ра­юць срод­кі.

Слуцкія паясы, якія былі выкарыстаныя для аздаблення аналойніка, былі зробленыя ў Слуцку ў канцы XVІІІ — пачатку XІX стагоддзя. Гэта былі чатырохбаковыя кунтушовыя паясы з кірылічнай меткай у кутах аднаго з канцоў «СЛУЦКЕ». Аналагічны пояс знаходзіцца ў фондах Нацыянальнага музея ў Варшаве, і не так даўно яго прывозілі на часовае экспанаванне ў Нацыянальны мастацкі музей у Мінск.

У набыцці каштоўнага экспаната музею паспрыялі Раман Крыцук і Андрэй Радкоў. Дарэчы, дзякуючы старанням апошняга ў свой час экспазіцыю папоўніў і арыгінальны Трэці Статут Вялікага Княства Літоўскага.

Варта адзначыць, што ў Музеі гісторыі Магілёва вядзецца актыўная работа па набыцці каштоўнасцяў. Паколькі сам музей размяшчаецца ў ратушы, то асаблівая ўвага ўдзяляецца пошуку і куплі ў прыватных асоб гісторыка-культурных каштоўнасцяў, адпаведных вядучай экспазіцыйнай тэматыцы музея — «Магілёў эпохі Магдэбургскага права». Аднак не пакідаюць па-за ўвагай і іншыя помнікі культуры, што рэпрэзентуюць духоўную спадчыну горада Магілёва і ўсёй Беларусі. Не так даўно тут набылі шаблю-«касцюшкоўку», камергерскі ключ Станіслава Аўгуста Панятоўскага, кнігі «Часоўнік», «Псалтыр» і многае іншае. Некаторыя калекцыянеры набываюць каштоўныя прадметы для сябе, але пэўны час выстаўляюць іх у музеі — напрыклад, твор Вітольда Бялыніцкага-Бірулі (эскіз да карціны «Веснавыя воды») 1930 года можна будзе бачыць у ратушы падчас тэматычных выстаў і мерапрыемстваў.

Эс­кіз кар­ці­ны «Вес­на­выя во­ды» Ві­толь­да Бя­лы­ніц­ка­га-Бі­ру­лі.

Часам прыватныя асобы робяць ахвяраванні на набыццё канкрэтных экспанатаў. Напрыклад, Алесь Чайчыц з Масквы прыдбаў для музея кнігу «Дзіўныя паведамленні пра езуітаў у Беларусі» XVІІІ стагоддзя, а Андрэй Прынеслік з Масквы — набор паштовак з відамі Магілёва пачатку ХХ стагоддзя. Сродкі на набыццё перавыдадзенага ў 1744 годзе асобніка Трэцяга Статута Вялікага Княства Літоўскага выдаткаваў пісьменнік Валерый Казакоў.

Цяпер вядзецца збор сродкаў на набыццё кнігі «Апостал», выдадзенай Спірыдонам Собалем у Куцейне ў 1632 годзе, — неабходна сабраць каля 10 000 USD. Усе ахвотныя могуць пералічваць грошы на дабрачынны рахунак музея.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

nina@zviazda.by

Загаловак у газеце: Золата, серабро, кветкі...

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.