Вы тут

Як павінна ўдасканальвацца пенсійная сістэма


Летась тэма пенсій і павышэння пенсійнага ўзросту была ці не самай абмяркоўваемай. Сёлета накал трошкі знізіўся, але тым не менш тэма ўсё яшчэ актуальная. У Палаце прадстаўнікоў Пастаянная камісія па працы і сацыяльных пытаннях арганізавала круглы стол пра стан і перспектывы развіцця пенсійнай сістэмы ў нашай краіне.


Тамара КРАСОЎСКАЯ, старшыня названай Пастаяннай камісіі, у размове з журналістамі расказала, што людзі ледзь не кожны дзень пішуць звароты: чаму неабходна ўдасканаленне пенсійнай сістэмы і што яе чакае ў будучыні?

— Важна ўсім тлумачыць, асабліва маладым людзям: сваю працоўную дзейнасць трэба пачынаць з чыстай працоўнай кніжкі, каб добранадзейны наймальнік штомесяц пералічваў грашовыя выплаты ў страхавы фонд. Гэта неабходна для таго, каб чалавек быў забяспечаны ў старасці. Менавіта працэс удасканалення пенсійнай сістэмы высвеціў такія негатыўныя моманты, як працоўная дзейнасць у ценявой эканоміцы. Гэта не дазваляе людзям у будучыні прэтэндаваць на працоўны стаж і працоўную пенсію, — сказала яна.

Зразумела, што апошняя напрамую залежыць ад працоўнай актыўнасці.

— Сем-восем гадоў будуць адбывацца тыя змены ў пенсійнай сістэме, якія запісаны ва Указе Прэзідэнта, — адзначыла парламентарый, адказваючы на пытанне пра магчымасць рэформы пенсійнай сістэмы. — Але гэта не сведчыць, што ў бліжэйшай перспектыве будзе нейкая рэформа. Ніякіх рэформ не будзе. Мы павінны апрабаваць змены, якія адбыліся ў сучаснай мадэлі нашай пенсійнай сістэмы. Мы зробім гэта з улікам меркавання людзей, дэпутатаў, усіх прадстаўнікоў дзяржавы. Мы будзем глядзець, якія карэктывы будзе ўносіць само жыццё.

Валерый КАВАЛЬКОЎ, намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны, гаворачы пра магчымую колькасць людзей, што працуюць у ценявой эканоміцы, падкрэсліў: аб'ём апошняй не можа пралічыць дакладна ні адна краіна свету.

Па яго словах, у апошнія гады ўсё ўдасканаленне пенсійнай сістэмы адбываецца з улікам дэмаграфічнай сітуацыі.

— Сёння ў нас ужо 27% насельніцтва — пенсіянеры, мы павінны гэта прызнаць, — аргументаваў намеснік міністра. — Гэта лічба па прагнозах дэмографаў будзе працягваць расці, калі мы нічога не зробім. Мы павысілі пенсійны ўзрост, каб трошкі прыпыніць прырост колькасці пенсіянераў. У нас толькі за апошнія шэсць гадоў у пенсійную сістэму дадалося 165 тысяч новых пенсіянераў. Што да ценявой эканомікі, то гэта балючае пытанне, у прыватнасці, пенсійная сістэма адаптуецца і да гэтай праблемы праз павышэнне страхавога стажу.

Надзея ЮШКЕВІЧ

yushkevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Мы не маладзеем...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?