Вы тут

Ігар Карпенка: Задача бацькоўскіх камітэтаў — не збор грошай


«Профільнае навучанне ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі павінна арганізоўвацца рацыянальна», — такое меркаванне выказаў міністр адукацыі Ігар Карпенка, прымаючы ўдзел у калегіі ўпраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама.


— Профільнае навучанне — гэта ў першую чаргу стварэнне магчымасцяў для хлопчыкаў і дзяўчатак, якія паказваюць высокія вынікі ў вучобе і арыентаваны на ВНУ. Але не варта гэтым захапляцца, — растлумачыў сваю думку Ігар Карпенка.

Яшчэ адзін аспект, які закрануў міністр на калегіі, датычыцца адказнасці заказчыкаў кадраў: «Нонсэнс атрымліваецца! Калі студэнт ВНУ або сярэдняй спецыяльнай навучальнай установы не паедзе па размеркаванні, з яго спаганяюць грошы. А калі работадаўца заказаў падрыхтоўку кадраў за дзяржбюджэт, а потым адмаўляецца ад прыёму на работу маладых спецыялістаў, — ён не нясе ніякай адказнасці. Па маім разуменні, тады вярні гэтыя грошы ў бюджэт. Мы іх выдаткуем на перапрафіляванне кадраў, на адкрыццё новых спецыяльнасцяў... Лічу, што гэта пытанне міжведамаснага ўзаемадзеяння».

Ігар Карпенка паведаміў, што паралельна з падрыхтоўкай змяненняў у Кодэкс «Аб адукацыі» цяпер вядзецца работа над яшчэ адным дакументам, што датычыцца дэталёвай класіфікацыі спецыяльнасцяў у ВНУ і ўстановах сярэдняй спецыяльнай адукацыі. «Мы хочам прааналізаваць — ці павінны кваліфікацыйныя характарыстыкі ў сістэме сярэдняй спецыяльнай адукацыі дубліравацца ў вышэйшай школе і наадварот. Вось у медыкаў усё дакладна выбудавана. У сістэме сярэдняй спецыяльнай адукацыі ёсць спецыяльнасці «медсястра», «фельчар», «лабарант». Яны не дубліруюць спецыяльнасці ў вышэйшай школе. А мы па некаторых спецыяльнасцях — такіх як «тэхнолаг» або «педагог дашкольнай адукацыі» — рыхтуем і ў сярэдніх спецыяльных навучальных установах, і ва ўніверсітэтах», — падкрэсліў ён.

Больш уважліва трэба паглядзець і на сістэму падрыхтоўкі кадраў. Напрыклад, з дзецьмі, якія маюць асаблівасці развіцця, сёння пераважна працуюць толькі спецыялісты, якія навучаліся ў Інстытуце інклюзіўнай адукацыі. Тыя ж настаўнікі-прадметнікі (гісторыі, матэматыкі або фізікі) не маюць неабходных ведаў і навыкаў для работы з такімі асаблівымі дзецьмі. А гэта неабходна, калі гаворка ідзе аб стварэнні ў школе інтэграваных класаў і інклюзіўнага асяроддзя. І ў гэтай сітуацыі, як растлумачыў міністр адукацыі, аптымальна набіраць групу педагогаў і дадаткова навучаць іх рабоце з дзецьмі, якія маюць асаблівасці ў развіцці.

Падчас сваёй трохдзённай паездкі ў Брэсцкую вобласць міністр наведаў шэраг устаноў адукацыі. Апошнім пунктам візіту стала сярэдняя школа № 1 горада Жабінкі, дзе міністр закрануў праблему эфектыўнага ўзаемадзеяння бацькоў з педагогамі, расказаў пра ўкараненне электроннай школы і дзейнасць папячыцельскіх саветаў. Ігар Карпенка адзначыў, што галоўная задача бацькоўскіх камітэтаў і папячыцельскіх саветаў школ заключаецца не ў зборы грашовых сродкаў, а перш за ўсё ў сумесным удзеле ў вырашэнні розных праблем адукацыйнага працэсу, асабліва ў выхаванні моладзі.

Надзея НІКАЛАЕВА

nіkаlаеvа@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».